Незалежнасць і булка з макам

«Адна рука не ведае, што робіць другая», — паводле гэтага біблейскага правіла працуе наша дзяржава. 

www.elenavilar.ru

З аднаго боку, на тыдні Аляксандр Лукашэнка падпісвае Канцэпцыю нацыянальнай інфармацыйнай бяспекі. З іншага — Мінгарвыканкам ці не поўнасцю забараняе ўсе вулічныя акцыі ў цэнтры сталіцы, прысвечаныя 101-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пазіцыі вельмі дзіўныя. Таму што «інфармацыйная бяспека», нібыта, павінна мець на ўвазе: нам ёсць што абараняць. У той жа час тая бяспека немагчымая без дакладнага ўсведамлення нашых нацыянальных інтарэсаў. А нацыянальныя інтарэсы, у першую чаргу, складаюцца не з колькасці перадачаў беларускай вытворчасці па афіцыйным тэлебачанні і не са знакамітага «75% беларускай музыкі ў эфіры FМ-станцый». Яна складаецца, перш за ўсё, з нацыянальнай самаідэнтыфікацыі народа. Ці асэнсоўвае нацыя сябе нацыяй? Ці ёсць для беларусаў каштоўнасцямі незалежнасць, суверэнітэт, пачуццё сваёй зямлі і ўласнага дому?

І — не ў малой ступені, — адчуванне сваёй багатай культуры і гісторыі. Гісторыя ў нас ёсць — ад часоў, нават ранейшых за Вялікае Княства Літоўскае. Полацкае і Тураўскае княствы ў свой час таксама былі нішто сабе.

Але гэтая гісторыя ў нас «заціраецца» ці то савецкай, ці то імперскай парадыгмай (а можа, гэта адно і тое ж). Мы застаёмся ў нейкім вобразе «малодшай сястры» пры «старэйшым браце» Расіі. Вобразе цалкам навязаным, пра што наша гісторыя сведчыць. Гэта Сімяон Полацкі навучаў дзяцей расійскага цара Аляксандра Міхайлавіча чытаць і лічыць, а не наадварот. Гэта да нас — у ВКЛ — збег першадрукар Іван Фёдараў, калі яго зацкавалі ў Маскве. І безліч іншых факцікаў, якія паказваюць, хто насамрэч «малодшы брат».

Гісторыя стварэння БНР — гэта не толькі гісторыя спробы атрымання беларусамі сваёй дзяржавы. Чыноўнікі Мінгарвыканкама, рэгулярна ставячы палкі ў колы гэтаму святкаванню, пэўна, не ўсведамляюць, што БНР — гэта была яшчэ і спроба вырвацца з Расійскай імперыі, з чужой гістарычнай парадыгмы, з навязанага нам вобразу «малодшай сястры», і спроба займець свой погляд на гісторыю. А гэта ўжо — інфармацыйная бяспека дзяржавы.

А можа, яны гэта цалкам усведамляюць? Тады ўзнікае пытанне, на якую дзяржаву яны працуюць?

Між тым, інтэрнэт дагэтуль поўны спрэчак наконт заяваў расійскага пасла ў Беларусі Міхаіла Бабіча. Той у адным з інтэрв’ю выказаўся ў стылі, што Беларусь — «нахлебнік», прыводзіў лічбы нафтагазавых «субсідый», і што трэба больш шчыльней інтэгравацца. У адказ беларускі МЗС назваў пасла «падаючым надзею бухгалтарам». А Бабіч адказаў, што пасол павінен быць кім заўгодна, і бухгалтарам у тым ліку.

Нават людзі з вельмі буйнай фантазіяй наўрад ці могуць уявіць, каб алігархі з «Газпраму» і «Раснафты» дзейнічалі на шкоду сабе. Яны прадавалі газ і нафту Беларусі, а не аддавалі яе проста так. І мы за гэта плацілі. А што спрачаліся па коштах, часам рэзка — дык гэта нармальны працэс. На рынку людзі таксама гандлююцца, а прадпрымальнікі робяць зніжкі. Але пры гэтым прадпрымальнік не выстаўляе сабе «спонсарам» пакупніка. У адрозненне ад некаторых.

І яшчэ пытанне, хто каго корміць. Узгадваецца гісторыя, калі «Рассельгаснагляд» забараніў беларускае сухое малако ў буйной упакоўцы. Саюзы кандытараў і пекараў хлеба Расіі папярэдзілі расійскага кіраўніка, што праз два тыдні без беларускай прадукцыі на стале ў расіянаў не будзе здобы і белага хлеба, не кажучы ўжо пра прысмакі. Цікава, ці любіць Бабіч булачкі з макам?

А калі Расія падлічвае недаатрыманы, на яе думку, прыбытак і лічыць гэта «спонсарствам», то… Мы таксама можам падлічыць нешта такое. Напрыклад, выставіць ёй, як правапераемніцы СССР, рахунак за Чарнобыль. За ўсё недаатрыманае намі ў выніку гэтай катастрофы з 1991 года. Ці не хоча «бухгалтар» Бабіч падлічыць, у якія грошы і рэсурсы ГЭТА ўстала беларускай эканоміцы?

Так што «Расія спансуе Беларусь» — гэта яшчэ адзін вялікі міф, навязаны нам невядома кім і з якой мэтай. Але вушы з гэтага міфу тырчаць канкрэтныя.

І яшчэ адна навіна пра «Рассельгаснагляд», які не супакойваецца, нягледзячы ні на што. Ён заявіў, што можа забараніць увоз расліннай прадукцыі, якая паступае ў Расію транзітам праз Беларусь і іншыя краіны ЕўрАзЭС. Прычына — няспынныя пастаўкі санкцыйнай прадукцыі. Гэтую меру ведамства абмяркуе 27 сакавіка з кіраўніцтвам Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Беларусі, гаворыцца ў анонсе мерапрыемства на сайце службы.

Калі забарона будзе ўведзеная, увозіць у Расію падкаранцінную прадукцыю можна будзе толькі праз пункты пропуску, размешчаныя на расійскім участку знешняга контуру ЕўрАзЭС, гэта значыць тыя, якія не мяжуюць з Беларуссю і іншымі краінамі саюза, вынікае з паведамлення.

А зараз паглядзім, што такое ЕўрАзЭС. Гэта Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і ўласна Расія як паўнавартасныя сябры. А таксама Арменія, Малдова, Украіна як назіральнікі. Узбекістан сваё сяброўства ў арганізацыі прыпыніў.

Можа, «Рассельгаснагляду» мапу падараваць з пытаннем: «Як?» Праз што будзе вазіць прадукцыю Расія? Праз краіны Балтыі і Фінляндыю — сябраў ЕС, што наклаў на Расію санкцыі? Праз Грузію, у якой Расія адцяпала Абхазію і Паўночную Асецію? Азербайджан? Кітай? Манголію? Праз Аляску з ЗША, таксама «санкцыйныя»?

Так што нам тыя перамовы ўвогуле не патрэбныя. Не варта марнаваць час. Трэба было б сказаць: «Рабіце, што хочаце». А калі ў Расіі з крамаў знікне ўся «падкаранцінная прадукцыя», ад бананаў і ківі да яблыкаў з памідорамі (бо, пакуль яна даедзе з нейкага Марока да Масквы праз Пекін, яна проста згніе), тады нам і трэба будзе размаўляць з гэтым ведамствам.

Але размаўляць трэба будзе не толькі пра транзіт, але і пра беларускую прадукцыю ў расійскіх крамах.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!