Новая дата адмены роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй — 1 студзеня 2022-га

Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка заявіў, што роўмінг паміж дзвюма краінамі можа быць адменены з 1 студзеня 2022 года. Паводле яго слоў, пастаўлена задача, не пазней за 1 ліпеня гэтага года падпісаць усе міжурадавыя пагадненні, а затым прайсці ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, каб з 1 студзеня быў адменены роўмінг.


Гаворка ідзе аб адмене апошняй платы за канэкт. Раней, з 1 лістапада, яна ўжо была паменшаная аператарамі дзвюх краін. Сямашка мяркуе, што задача на 95% развязаная, паведамляе REFORM.by.

Учора дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў таксама анансаваў адмену роўмінгу, але — «да канца года». «Адбылося памяншэнне кошту злучэнняў па інтэрканекце ў 20 разоў, і кошт самога трафіку ў залежнасці ад таго, які аператар яго забяспечвае, зніжаны ад трох да сямі разоў». «Мы да канца года павінны выйсці на той кошт, які зусім не адрозніваецца паміж званкамі ўнутры Беларусі і ўнутры Расіі ад званкоў адно аднаму з адной і другой краіны», — сказаў дзяржсакратар.

Да гэтага Парламенцкі сход СД прапаноўваў адмяніць роўмінг да 2 красавіка. Яшчэ раней планавалася адмяніць яго ў верасні 2020 года.

Сама ж ініцыятыва аб адмене роўмінгу прагучала ў 2017 годзе на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: