
Новыя кантракты з пастаўкай праз Клайпеду часова заключацца не будуць. Як адзначаецца ў прэс-рэлізе Klaipеdos Nafta, пакуль складана ацаніць уплыў гэтага рашэння на паказчыкі дзейнасці кампаніі. Літоўскі бок падкрэслівае, што экспарт беларускіх нафтапрадуктаў праз Клайпеду застаецца найбольш выгадным, перадае REFORM.by.
«Аднак мы разумеем, што рашэнні кліентаў, хутчэй за ўсё, будуць прадыктаваныя не эканамічнай, а палітычнай логікай, якую мы не можам кантраляваць», — пракаментаваў рашэнне беларускага партнёра Міндаўгас Навікас, камерцыйны дырэктар Klaipеdos Nafta.
БНК сітуацыю не каментуе. Як паведамлялася раней, Klaipedos Nafta ў кастрычніку 2019 года паведаміла, што падоўжыла супрацоўніцтва з даччыным прадпрыемствам БНК — BNK (UK) Limited — да канца 2021 года.
У 2019 годзе разглядалася нават магчымасць набыцця Беларусью нафтавага тэрміналу ў Літве ці Латвіі.
Нагадаем, раней Лукашэнка пагражаў забраць у краін Балтыі беларускія грузы ў адказ на санкцыі ў дачыненні да яго і яго атачэння. Беларусь пачала прапрацоўваць варыянты паставак праз расійскія парты — на гэтым даўно настойвала кіраўніцтва Расіі.