Новы Жыллёвы кодэкс: палёгкі і трывогі

У галіне ЖКГ 2020 год прынясе і дрэннае, як падвышэнне лічбаў у нашых жыроўках, і добрае, як шэраг палёгкавых зменаў паводле абноўленага Жыллёвага кодэксу. Ён з 1 студзеня ўжо ўступіў у сілу


Напярэдадні Новага году Аляксандр Лукашэнка зрабіў так сабе падарунак беларусам у выглядзе ўказу «Аб устанаўленні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2020 год». У разліку на двухпакаёвую кватэру з трыма жыльцамі плошчай 48 квадратных метрау «камуналка» вырасце прыкладна на 5 долараў. Адбудзецца гэта двума этапамі. Спачатку са студзеня падымуцца тарыфы на газа-, электра- і водазабеспячэнне, па капітальным рамонце, абыходжанні з адкідамі, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома. А з лета — на цеплазабеспячэнне і гарачую ваду. Гэтае падаражэнне мы адчуем істотна ўжо ў наступным ацяпляльным сезоне — зімой 2020-2021 гадоў. Пасля прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Дзяржава падтрымае сацыяльна ўразлівыя гарадскія сем’і, у бюджэце якіх штомесячная сума камунальных плацяжоў пераўзыходзіць 20% іх даходу, і сем’і ў сельскай мясцовасці, у якіх доля выдаткаў на «камуналку» болей за 15%. Гэта будуць безнаяўныя жыллёвыя субсідыі.

Дарэчы, нагадаем, што з 1 траўня так званым дармаедам (або незанятым у эканоміцы) давядзецца плаціць па падвышаных тарыфах за цепла- і газазабеспячэнне. Спачатку планавалася, што гэта адбудзецца з 1 кастрычніка 2019 года, але ўрад адтэрмінаваў цяжар. За гарачае водазабеспячэнне гэтыя катэгорыі грамадзян плацяць ужо год.

Паколькі з 1 студзеня павялічылася базавая велічыня з 25,5 да 27 рублёў, то адпаведна вырастуць і штрафы, якія разлічваюцца на падставе яе. У тым ліку тыя, якія тычацца правілаў пражывання ў жылых дамах. Напрыклад, калі курыце ў пад’ездзе, то можаце атрымаць штраф да 4 «базавых», а калі надта шумець і справакаваць тым самым справядлівыя скаргі суседзяў, то да 30 б.в. А тыя, хто сістэматычна хуліганіць у інтэрнатах (будзе тры разы прыцягнуты за такія ўчынкі да адміністрацыйнай адказнасці), будуць высяляцца адтуль. Такую магчымасць наймадаўцам дае абноўлены Жыллёвы кодэкс.

Прыняцце яго новай рэдакцыі наспела таму, што з’явілася шмат розных указаў кіраўніка дзяржавы, датычных сумеснага домаўладання і жыллёва-камунальных паслугаў. Напрыклад, змяняецца прынцып аплаты шэрагу паслугаў ЖКГ. Гаворка пра паслугі па тэхнічным абслугоўванні ліфта, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома, пакрыццё выдаткаў на электраэнергію, спажытую на асвятленне дапаможных памяшканняў шматкватэрнага жылога дома і працу абсталявання. Плата за іх будзе спаганяцца не паводле колькасці зарэгістраваных жыльцоў кватэры, як раней, а з разліку плошчы ва ўласнасці ўладальніка кватэры. Гэта слушна, зважаючы на такі панятак, як доля ў праве ўласнасці на агульную маёмасць (тую, што ў жылым доме па-за вашай прыватнай кватэрай). Логіка тут такая: пад’езд, дах, прыдваравая тэрыторыя таксама належыць жыльцам дома адпаведна плошчы іх кватэраў. Таму і расходы на іх утрыманне ў належным стане павінны размяркоўвацца таксама прапарцыйна. Карацей, уладальнік «чатырохпакаёўкі» будзе плаціць за такія паслугі болей, чым той, хто мае «аднушку».

Капітальны рамонт будзе абмяркоўвацца з жыльцамі на адмыслова скліканым сходзе за 10 дзён да пачатку патрэбных прац: замоўшчык павінен распавесці пра гэтыя працы, заключыць дамову на аказанне паслуг, прадставіць падрадчыка. Дарэчы, рахункі, на якія залічваюцца сродкі на капрамонт, атрымаюць статус спецрахункаў. Яны стануць недатыкальнымі.

Агульныя сходы таварыстваў уласнікаў ці забудоўнікаў праводзіць цяпер будзе лягчэй і зручней. Правамоцным сход будзе лічыцца, калі на яго збярэцца не меней за палову домаўладальнікаў, а рашэнні можна будзе зацвярджаць бальшынёй галасоў. Што праўда, такія важныя рашэнні, як ліквідацыя таварыства або адчужэнне ўласнасці падчас рэканструкцыі, павінны будуць прымацца дзвюма трацінамі галасоў. Раней патрэбныя былі сто працэнтаў. А галасаванні можна ладзіць цяпер завочным электронным чынам — напрыклад, у закрытых суполках сацыяльных сетак.

Як «Новы Час» ужо пісаў, паводле новага Жыллёвага кодэксу ўстаноўленыя дадатковыя патрабаванні да кандыдатаў на пасаду старшыні праўлення таварыства ўласнікаў ці арганізацыі забудоўнікаў.

«Дзейнасцю праўлення арганізацыі ўласнікаў кіруе старшыня праўлення арганізацыі ўласнікаў, які абіраецца на тэрмін, які не перавышае пяці гадоў, у адпаведнасці са статутам арганізацыі ўласнікаў. Старшыня праўлення арганізацыі ўласнікаў абіраецца з ліку сяброў арганізацыі ўласнікаў або асобаў, якія не з'яўляюцца чальцамі арганізацыі ўласнікаў. Старшыня праўлення арганізацыі ўласнікаў абіраецца з ліку грамадзян, якія маюць вышэйшую адукацыю або якія маюць сярэднюю спецыяльную (тэхнічную, эканамічную, юрыдычную) адукацыю і стаж працы на кіруючых пасадах у арганізацыях жыллёва-камунальнай гаспадаркі і (або) кіравання нерухомай маёмасцю не менш за пяць гадоў, а таксама пасведчанне аб праходжанні прафесійнай атэстацыі», — гаворыцца ў дакуменце.

Пасля выбару старшыні на агульным сходзе ўласнікаў ягоная кандыдатура павінна быць затым узгодненая з мясцовымі ўладамі. Якія могуць быць наступствы? Дэфіцыт такіх кадраў з указаным стажам і падвышэнне кошту іх паслуг? І, магчыма, такім чынам дзяржава хоча ўзяць дзейнасць таварыстваў уласнікаў, фармальна самастойных і незалежных, пад свой кантроль. Паглядзім, як гэта норма будзе выконвацца на практыцы.

І яшчэ з новага. У Жыллёвым кодэксе прапісана магчымасць для малазабяспечаных беларусаў, якія жывуць у арэндных кватэрах, пераводзіць такія кватэры ў сацыяльнае жытло, за якое не трэба будзе плаціць. Але зрабіць гэта можна толькі адзін раз і менавіта з ужо канкрэтным займаным арэндным памяшканнем. І гэта не можа быць, як раней, пакой з агульнай кухняй,а павінна быць сама меней аднапакаёвая кватэра.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: