Новыя ПДР: што абурае кіроўцаў?

ДАІ паабяцала ўлічыць некаторыя прапановы, што з’явіліся падчас травеньскага грамадскага абмеркавання зменаў у Правілы дарожнага руху. Але не датычна самых нашумелых з іх. Як, напрыклад, «правіла дзвюх палосаў» ці «спынення аўто для праверкі дакументаў». Што ж чакаць ад новых ПДР тым, каму іх выконваць? І што больш за ўсё абурыла кіроўцаў у намерах Дзяржаўтаінспекцыі?


Адразу скажам, што пакуль у ДАІ не называюць тэрмінаў, калі Правілы дарожнага руху са зменамі пачнуць дзейнічаць. Невядома, і калі ўвядуць ужо распрацаваную бальную штрафную сістэму за парушэнні ПДР: сутнасць яе ў тым, што, калі цягам года неаднаразова і злосна парушыш Правілы дарожнага руху і набярэш за гэта пэўную колькасць штрафных пунктаў, то пазбавішся правоў кіроўцы.


Інтрыга з дарожным зборам

Гэтаксама падвешанай застаецца і сітуацыя вакол спагнання дарожнага збору (або транспартнага падатку), з новым механізмам якога зацікаўленыя дзяржаўныя ведамствы аніяк не могуць вызначыцца.

Праект распрацаванага Мінфінам прэзідэнцкага ўказа «Аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху» абмяркоўваўся ўзімку. Сутнасцю яго было адвязванне аплаты дарожнага збору ад праходжання тэхагляду: цяпер сума залежыць ад таго, чый аўтамабіль — юрыдычнай або фізічнай асобы, а таксама ад года выпуску і вагі машыны.

У выніку прыкладна траціна беларускіх кіроўцаў вырашылі не плаціць гэты транспартны падатак і, адпаведна, не праходзіць тэхагляд. Штраф за такое парушэнне ПДР значна таннейшы, чым выдаткі на збор.

Мінфін прапанаваў устанавіць памесячную стаўку ў залежнасці ад віду і масы транспартнага сродку. За легкавік да 1,5 тоны — 0,25 базавай велічыні, ад 1,5 да 2,5 тоны — 0,5 б.в., ад 2 да 3 тонаў — 0,67 б.в., болей за 3 тоны — 0,92 б.в. За матацыкл — 0,17 базавай велічыні. «Базавая» цяпер складае 25,5 рубля. Мінімум трэба аплаціць за месяц, максімум можна за два гады наперад. На вялікі перыяд — зніжкі.

Кантралявацца аплата ў такім разе будзе праз фота- і відэафікасацыю рэгістрацыйных знакаў аўтамабіляў з наступнай праверкай па адмысловай базе. Такая самая сістэма маніторынгу будзе наладжаная і наконт таго, ці пройдзены тэхагляд.

Анансавалася, што запрацаваць яна павінна з 1 ліпеня. Ужо лета, але ўлады дагэтуль не вызначаліся нават з механізмам спагнання. Напрыканцы чэрвеня міністр фінансаў Максім Ермаловіч паведаміў, што вывучаюцца два варыянты: памесячная аплата і ўключэнне збору ў кошт паліва. Гле­дзячы па ўсім, будзе абраны першы варыянт, бо міністр выказаў думку, што ўключаны ў кошт паліва збор эканамічна пацягне за сабой рост коштаў тавараў і паслугаў.

Між тым, пазіцыя большасці кіроўцаў падчас грамадскага абмеркавання ў студзені была якраз за простае і зразумелае ўключэнне дарожнага збору ў кошт паліва. Тым болей народ даўмеецца падманваць фота- і відэафіксатары.

Фота uzdanews.by


Тры спрэчныя пункты

Уручную ж масава аўтамабілі на наяўнасць сертыфікату пра тэхагляд не праверыш. Хаця ў хуткім часе, паводле меркаваных змяненняў у ПДР, супрацоўнікі ДАІ змогуць прасцей і часцей спыняць машыны. Гэтае новаўвядзенне, што больш за ўсё абурыла кіроўцаў. ДАІ будзе дазволена спыняць аўтамабілі для праверкі дакументаў. Цяпер жа сітуацыя такая: кіроўца павінен спыняцца на патрабаванне супрацоўніка ДАІ, але падставы патрабавання канкрэтна не прапісаныя. Таму нярэдка ўзнікаюць спрэчкі пасля справядлівага пытання кіроўцы да інспектара пра прычыну спынення. У Правілах дарожнага руху дапішуць, што інспектары маюць права спыняць ваша аўто «ў тым ліку і для праверкі дакументаў».

Падчас грамадскага абмеркавання новых ПДР кіроўцы расцанілі гэта як парушэнне правоў чалавека, параўнаўшы з адвольным пашпартным кантролем мінакоў на вуліцах. Іншая пазіцыя палягае ў тым, што гэта дапаможа выяўляць бяспраўнікаў і п’яных, а спыніцца на хвіліну нескладана, калі ў цябе ўсё ў парадку — і пройдзены той самы тэхагляд. Яго спраўдзяць па нумарах аўто, бо адпаведны сертыфікат у новых ПДР у шэрагу дакументаў, якія трэба паказваць інспектарам ДАІ, не фігуруе і павінен быць наогул скасаваны.

Дарэчы, цяпер распрацоўваецца праграма «Мабільны інспектар», якая дазволіць па нумары аўтамабіля праверыць наяўнасць у яго ўладальніка медычнай даведкі, пасведчання кіроўцы, пройдзенага тэхагляду. Пры спыненні ж аўто ў выніку сканавання правоў кіроўцы інспектар ДАІ атрымае праз адмысловую базу інфармацыю пра ўсе астатнія дакументы.

Другі рэзанансны пункт у новых ПДР — «правіла дзвюх палосаў». Гэта тычыцца ўзаемаадносінаў на дарозе кіроўцаў і пешаходаў — калі першыя павінны прапускаць другіх на пераходах? Перавага пешаходу будзе лічыцца прадстаўленай, «калі адлегласць паміж транспартным сродкам і пешаходам у момант перасячэння транспартным сродкам траекторыі руху пешахода склала дзве паласы руху (адну паласу і трамвайныя рэйкі, адну паласу і раздзяляльную паласу або зону), і больш».

Раней гэта была рэкамендацыя, але здаралася вельмі шмат спрэчак і вольных трактаванняў з боку ДАІ незалежна ад адлегласці паміж аўтамабілем і пешаходам на дарозе. Бо за «непрапусканне» ўважалася сітуацыя, калі пешаходу давялося змяніць хуткасць ці кірунак руху.

Некаторыя кіроўцы крытыкуюць «правіла дзвюх палосаў» і выразна заканадаўча прапісанае: маўляў, не заўсёды і дзве палосы маюцца паміж кіроўцам і пешаходам, што замарудзіць дарожны рух. Але галоўнае — цяпер ёсць дакладная фармулёўка, якую не павернеш, як дышла, абы спагнаць штраф.

Трэці момант, які актыўна абмяркоўваўся, — правіла перасячэння дарогі раварыстамі. Спешвацца яны павінны будуць толькі на нерэгуляваных пешаходных пераходах. На рэгуляваных (святлафорных) дастаткова будзе знізіць перад імі хуткасць і перасякаць дарогу са шпаркасцю пешахода. Кіроўцы супраць: прагназуюць павелічэнне аварыйнасці з удзелам ровараў, бо перакананыя, што іх уладальнікі не стануць трымацца пешаходнай хуткасці 3–7 кіламетраў на гадзіну і будуць з’яўляцца на дарозе раптоўна — на той самы жоўты сігнал святлафора.

Але агулам у ПДР запішуць такі прынцып: «Пешаходы, раварысты маюць перавагу перад транспартнымі сродкамі, але не павінны неабгрунтавана замінаць іх руху».


Кіроўцы хочуць, як у Еўропе

Шмат хто з кіроўцаў абураецца, што новыя ПДР абавяжуць іх мець у машыне медычную даведку. Але гэта чутка, якая паўстала праз няўважлівае чытанне праекта зменаў. Гаворка вядзецца пра неабходнасць мець і паказваць інспектару ДАІ даведку аб прыдатнасці да кіравання аўто, толькі калі маеш правы, выдадзеныя ў Беларусі ці на тэрыторыі былых савецкіх рэспублік, і на якіх не ўказаныя тэрміны дзеяння. А вось неабходнасць мець медычную даведку для праходжання тэхагляду — адменяць.

З іншых навэльных пунктаў у праекце зменаў у Правілах дарожнага руху адзначым істотныя. Трэба будзе паказаць інспектару ДАІ дамову аб набыцці вашага аўто, калі вы купілі яго, скажам, у Расіі, і яно яшчэ не зарэгістраванае ў Беларусі, а перабывае на так званых «транзітных» нумарах.

Будзе забаронена вазіць п’яных пасажыраў ці пад наркотыкамі на матацыклах і мапедах, ездзіць на адным коле, а таксама не трымаючыся за стырно і не трымаючы ногі на педалях.

Участкі дарог, на якіх ажыццяўляецца кантроль за выкананнем устаноўленай хуткасці руху з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў, што працуюць у аўтаматычным рэжыме, павінны будуць пазначацца адпаведнымі знакамі. У горадзе яны папярэдзяць кіроўцаў за 50–100 метраў да камеры, а па-за горадам — за 150–300 метраў.

З’явяцца новыя знакі. Напрыклад, «Зона абмежавання максімальнай хуткасці руху». Такія знакі павінны быць усталяваныя ў раёнах са шчыльнай жылой забудовай і інтэнсіўным пешаходным перасоўваннем. Гэта дазволіць стварыць бяспечны рэжым хуткасці, не ўзводзячы пры гэтым тыя самыя «ляжачыя паліцэйскія». І ў такіх зонах, якія дастаткова часта арганізуюцца ў Заходняй Еўропе, змогуць ездзіць ля правага краю праезнай часткі раварысты.

Кіроўцы, што бралі ўдзел у грамадскім абмеркаванні новых ПДР, у сваю чаргу, прапанавалі такія «еўрапейскія» змяненні: знізіць максімальную хуткасць руху ў населеных пунктах да 50 кіламетра на гадзіну, а падчас руху і ў светлы час сутак уключаць блізкае святло фараў. Паглядзім, ці ўлічаць гэта распрацоўшчыкі новых ПДР.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: