
Па ўсім свеце часова зачыніліся амбасады Ізраіля
- Эканоміка
- 30-10-2019
Амбасады і консульствы Ізраіля з 30 кастрычніка зачыняюцца па ўсім свеце. Прычына — страйк з-за рашэння Мінфіна Ізраіля зрэзаць выдаткі на ўтрыманне дыппрадстаўніцтваў. Сваю працу часова спынілі амбасады ў Расіі, ЗША, Канадзе і Украіне. Амбасада Ізраіля ў Беларусі таксама бастуе, пра гэта TUT.BY паведамілі ў дыпмісіі.

Забастоўка пачалася 30 кастрычніка, і пакуль не вядома, колькі яна будзе доўжыцца.
Як тлумачыць ізраільскі «9 канал», пра страйк абвясцілі супрацоўнікі МЗС і Мінабароны Ізраіля. Іх незадаволенасць выклікана рашэннем Мінфіна скараціць выдаткі на ўтрыманне дыпламатаў і ваенных аташэ па ўсім свеце. Як паведамляе The Times of Israel, Мінфін хоча прымяніць новыя правілы справаздачнасці заднім чыслом, з-за чаго чыноўнікі будуць павінны пакрыць тысячы долараў.
Нагадаем, гэта не першая забастоўка МЗС Ізраіля. У 2013 годзе амбасады Ізраіля па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі, ужо спынялі працу ў сувязі з працоўным канфліктам: МЗС спрабавала дамагчыся паляпшэння ўзроўню аплаты і ўмоў службы ізраільскіх дыпламатаў за мяжой, а таксама структурных змяненняў у самім міністэрстве. У 2014 годзе забастоўка паўтарылася.
Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!