Падае або расце? Што адбываецца з беларускім рублём

І як доўга ўлады будуць дапускаць зніжэнне золатавалютных рэзерваў?
Ці ўмацоўваецца беларуская валюта або слабее, можна меркаваць па стане валютнага кошыку. Некалькі папярэдніх дзён, калі долар падаў на таргах, гэта было звязана выключна з умацаваннем расійскага рубля, кажа старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

А паводзіны расійскага рубля вызначаюцца дынамікай кошту нафты. 1 красавіка кошты на нафту маркі Brent абваліліся да 25 долараў за барэль. Але пасля заяваў Трампа, які анансаваў сустрэчу АПЕК у пашыраным складзе, нафта гандлюецца ўжо каля 33-34 долараў за барэль. Расійскі рубель стаў умацоўвацца, і гэта аўтаматычна прывяло да таго, што ў Беларусі долар стаў таннець.

— На таргах за сераду патаннелі адразу тры замежныя валюты, зваліўся кошт валютнага кошыка на 0,23%, і гэтыя вынікі ўжо можна інтэрпрэтаваць як невялікае ўмацаванне рубля, — лічыць Вадзім Іосуб. — Зразумела, што па адным дні нельга будаваць доўгатэрміновых прагнозаў, тым не менш можна канстатаваць, што адбылося ў пэўнай ступені эмацыянальнае і панічнае падзенне беларускага рубля, а цяпер ён трохі адыгрывае. Але пакуль няма асаблівых надзеяў, што ўмацаванне беларускага рубля працягнецца доўга, што ён у агляднай будучыні вернецца да ўзроўняў сярэдзіны сакавіка.

— Ці можа паўплываць на курс беларускага рубля мерапрыемства АПЕК +, запланаванае на сёння?

— Калі будзе прынята рашэнне аб скарачэнні больш-менш прыстойных аб’ёмаў здабычы нафты, то яна пачне даражэць. І ў нас расійскі рубель будзе даражэць, а долар таннець. Калі не дамовяцца — адбудзецца роўна супрацьлеглае. Але гэта знешняя гісторыя, якая нічога не кажа аб самім беларускім рублі. Далей трэба будзе глядзець на тое, колькі рэальна мы зможам атрымліваць нафты з Расіі і колькі экспартаваць нафтапрадуктаў ва ўмовах рэзка скарачальнага попыту ў свеце.

— Тым часам, ЗВР Беларусі на 1 красавіка 2020 года, паводле папярэдніх даных, склалі 7 мільярдаў 786,5 мільёна долараў (у эквіваленце), знізіўшыся за сакавік на 1 мільярд 18 мільёнаў 400 тысяч долараў (на 11,6%). А з пачатку года зніжэнне склала ўжо каля 1,5 мільярда долараў. Чаму?

— Гэта звязана з рэкордным узроўнем чыстай куплі валюты ў сакавіку насельніцтвам і прадпрыемствамі. Попыт быў вымушаны пакрываць Нацыянальны банк са сваіх рэзерваў.

— Гэта выпадковасць ці ўжо трэнд?

— Такая купля валюты на рынку — не выпадковасць. Гэта звязана, відаць, з панікай. Многія прадпрыемствы кінуліся купляць валюту на ўсялякі выпадак і насельніцтва, у якога былі свабодныя рублі, таксама. Чыстая купля валюты захаваецца і ў бліжэйшы час, але наўрад ці ў сакавіцкіх аб’ёмах. З насельніцтва тыя, хто мог купіць валюту, у большай часткі яе ўжо купілі, а ў часткі прадпрыемстваў-імпарцёраў пасля рэзкага скачка курсу і зніжэння даходаў насельніцтва ў валютным эквіваленце знізіцца попыт на імпартныя тавары не паўсядзённага, некрытычнага попыту. Попыт на імпартныя лекі, імпартнае харчаванне не самай дарагой катэгорыі захаваецца. А вось попыт на ўмоўныя імпартныя халадзільнікі, тэлевізары і пральныя машыны знізіцца. І імпарцёры менш будуць купляць валюту. Так што рэзервы будуць зніжацца, але не такімі тэмпамі, як у сакавіку.

— Як доўга ўлады будуць дапускаць зніжэнне рэзерваў?

Нават па планах, якія складаліся да нафтавай вайны з Расіяй, да пандэміі каронавіруса, да сусветнага эканамічнага крызісу, улады чакалі зніжэння рэзерваў да 7,3 мільярда долараў. Гэта менш, чым ёсць зараз. Цяпер тэарэтычна магчыма нават іх папаўненне праз механізмы экстранага крэдытавання, якое прапануе МВФ — двухгадовы крэдыт на 900 мільёнаў долараў, якія могуць пайсці ў рэзервы. Асаблівых крыніц папаўнення рэзерваў не так ужо шмат.

Раней былі стандартныя крыніцы — напрыклад, продаж валюты насельніцтвам. Цяпер насельніцтва не прадае, а купляе валюту. Крыніцай былі і экспартныя пошліны на нафту, але і самі гэтыя пошліны зніжаюцца з-за падатковага манеўру, і з аб’ёмам экспарту нафты і нафтапрадуктаў ўсё не вельмі зразумела. Крыніцай была і пошліна на экспарт калійных угнаенняў, але там таксама няма новых кантрактаў. Прыцягненне доўгу на міжнародных рынках на рынкавых умовах у цяперашнія крызісныя часы практычна немагчыма. Ёсць размяшчэнне валютных аблігацый Нацбанка і ўрада на ўнутраным рынку, але як шмат валюты можна прыцягнуць на ўнутраным рынку, таксама не вельмі зразумела. У параўнанні з мінулым годам, са стандартнымі механізмамі нарошчвання золатавалютных рэзерваў, цяпер магчымасці рэзка скараціліся.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: