Падатак на куплю валюты на біржы адмяняецца з 8 студзеня

З 8 студзеня адмяняецца падатак пры куплі валюты на Беларускай валютна-фондавай біржы. Адпаведная пастанова Савета міністраў № 5 ад 6 студзеня апублікавана ў ноч на сераду на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.



Падатак у памеры 30% быў уведзены 20 снежня мінулага года для стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку. Эксперты назвалі гэта схаванай дэвальвацыяй. Праз дзевяць дзён ён быў паніжаны да 20%, а 5 студзеня — да 10%. Пры гэтым біржавы курс даляра двойчы павялічваўся на 7%, што дазволіла зблізіць афіцыйную і наяўныя каціроўкі.

З грамадзян пры куплі наяўнай валюты ў адпаведнасці з пастановай Нацбанка спаганяўся камісійны збор у аналагічным памеры.

Варта чакаць, што ён таксама будзе адменены з 8-га альбо з 9 студзеня, пры гэтым на таргах 8 студзеня курс амерыканскай валюты, хутчэй за ўсё, зраўняецца або ўшчыльную наблізіцца да наяўных каціровак (ад 13.400 да 13.600 рублёў пры куплі, ад 14.250 да 14.360 рублёў пры продажы на вечар 6 студзеня).

Па выніках таргоў 6 студзеня ён склаў 12.800 рублёў (+60 у параўнанні з папярэднім днём).

Першапачаткова меркавалася, што падатак будзе дзейнічаць да 1 лютага, аднак прызначаны 27 снежня новы ўрад і кіраўніцтва Нацбанка вырашыла дзейнічаць хутчэй, бо падатак негатыўна ўплываў на дзейнасць суб'ектаў гаспадарання і дэ-факта ўсталёўваў множнасць курсаў.

БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: