Пакупніцкая здольнасць беларускага экспарту зніжаецца

Пакупніцкая здольнасць беларускага экспарту ў студзені—сакавіку 2014 года ў параўнанні з такім жа перыядам 2013 года зменшылася на 1%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. 



Гэта абумоўлена, як адзначае Белстат, "неспрыяльнымі цэнавымі ўмовамі знешняга гандлю і падзеннем фізічных аб'ёмаў паставак тавараў на знешні рынак". 



У параўнанні са студзенем—сакавіком 2013 года таварная маса экспарту павялічылася на 1,7%, імпарту — зменшылася на 6,4%. Сярэднія цэны экспарту зменшыліся на 5,7%, імпарту — на 3,1%. 



Адбылося павелічэнне фізічных аб'ёмаў экспарту інвестыцыйных тавараў на 10,9%. Экспарт прамежкавых тавараў павялічыўся на 4,1%, у тым ліку энергетычных — знізіўся на 2,7%. Экспарт іншых прамежкавых тавараў павялічыўся на 12,9%. 



Зніжэнне сярэдніх цэн экспарту назіралася ў групе інвестыцыйных тавараў на 8,6%, прамежкавых — на 7,2%, у тым ліку энергетычных — на 3,9%. Экспартныя цэны на спажывецкія тавары выраслі на 0,1%, але аб'ём знізіўся на 8,4%, у тым ліку на харчовыя адзначаны рост цэн на 3,4% і зніжэнне экспарту на 4,7%.

 
Марына Носава, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!