«Паланэзы» для сябра Аліева: колькі зброі Беларусь прадала Азербайджану

Аляксандр Лукашэнка нядаўна заявіў, што "апошнія паўгода па лініі ВПК ніякіх паставак ваенных грузаў ні Азербайджану, ні Арменіі не ажыццяўлялася". Праверыць, ці так гэта на самай справе, складана: узбраенні адносяцца да так званых закрытых груп экспарту, гандаль імі засакрэчаны. Але "Еўрарадыё" ўсё ж паспрабавала высветліць.

Ваенная тэхніка Азербайджана / aa.com.tr

Ваенная тэхніка Азербайджана / aa.com.tr

Калі паглядзець на даступныя звесткі па экспарце ў Азербайджан за першую палову 2020 года, то можна заўважыць, што ў студзені, лютым, красавіку і чэрвені агульная сума і сума экспарту па "адкрытых" групах моцна разыходзяцца. Гэта значыць, што немалая частка паставак у Азербайджан была па схаваных групах.

Схаваны экспарт на 30 мільёнаў долараў

У студзені 2020 года экспарт у Азербайджан склаў 13,6 мільёна долараў, аднак па адкрытых групах прайшло ўсяго 7,4 мільёна. Што было экспартавана на 6 мільёнаў долараў — закрытая інфармацыя.

У лютым агульны экспарт склаў 31,5 мільёна долараў. Пры гэтым па адкрытых групах усяго 14,8 мільёна. Розніца ў 16,7 мільёна.

У красавіку экспартавана ўсяго на 14,7 мільёна. Па адкрытых групах у два разы менш — 7,8 мільёна.

Нельга сцвярджаць, што па схаваных групах экспарту пастаўлялася менавіта зброя. У статыстыцы экспарту хаваюцца розныя "тавары двайнога прызначэння", прадукцыя ваенна-прамысловага комплексу, авіяпрам і многае іншае.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева ў Беларусі / БЕЛТА

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева ў Беларусі / БЕЛТА



Не смяшыце мае "Паланэзы”

Нават калі дапусціць, што за апошнія паўгода Беларусь сапраўды не пастаўляла зброю ў Азербайджан — дык раней жа ж наша краіна адзначылася пастаяннымі пастаўкамі зброі ў закаўказскую рэспубліку.

Дзесяць ракетных комплексаў "Паланэз" былі прададзеныя Азербайджану два гады таму, у 2018 годзе. Большая частка інфармацыі пра "Паланэзы" — пад грыфам "сакрэтна".
Сума здзелкі ў публічнай прасторы не фігуравала. Разам з устаноўкамі залпавага агню былі пастаўленыя ракеты, транспартна-зараджальныя машыны, пункт кіравання, радыёлакацыйныя станцыі.

САУ "Півоня" / militaryarms.ru

САУ "Півоня" / militaryarms.ru

Ільхам Аліеў аглядае беларускія "Паланэзы" / прэс-служба прэзідэнта Азербайджана

На зямлі і ў паветры

Паводле інфармацыі рэгістра звычайных узбраенняў ААН, Беларусь паставіла Азербайджану з 2005 да 2012 года 153 танкі Т-72.

Адзінаццаць штурмавікоў Су-25 былі пастаўленыя з 2009 да 2012 года. Сума кантракта не выдаецца.

Кветкавая артылерыя

З 2008 да 2009 года Беларусь паставіла Азербайджану 12 самаходных артылерыйскіх установак "Півоня", калібр 203 мм.

У 2017 годзе было прададзена 26 гаўбіц "Гіяцынт-Б", калібр 152 мм.

Акрамя гэтага, з 2010 да 2011 года Азербайджан закупіў у Беларусі 120 гаўбіц Д-30 калібру 122 мм.


"Шэршань" і "Аса" — азербайджанскія сябры

У 2007 годзе быў заключаны кантракт на мадэрнізацыю азербайджанскіх ЗРК "Аса-АКМ" да ўзроўню "Аса-1Т". Мадэрнізацыяй занялася беларуская кампанія "Тэтраэдр". Усяго было мадэрнізавана 36 ЗРК да ўзроўню "Аса-1Т".

У 2013 годзе Азербайджан на парадзе ў Баку прадэманстраваў зенітна-ракетныя комплексы "Бук-МБ" — беларуская мадэрнізацыя савецкага комплексу "Бук-М1". Усяго планавалася паставіць два дывізіёны. У 2014 годзе азербайджанская армія атрымала другі.

Беларускія спецыялісты займаліся мадэрнізацыяй і ЗРК С-125 да ўзроўню "Пячора-2Т". Паводле звестак цэнтра аналізу сусветнага гандлю зброяй, у 2014 годзе Азербайджан атрымаў дзевяць дывізіёнаў — гэта 27 пускавых установак. Па двух кантрактах увогуле было мадэрнізавана 54 зенітна-ракетныя комплексы да ўзроўню С-125 "Пячора-2Т".
Таксама вядома, што Азербайджан у 2014 годзе купіў як мінімум дзве батарэі ЗРК Т38 "Штылет". Тады ж начальнік аддзела кампаніі-пастаўшчыка "Тэтраэдр" Ігар Новік расказваў, што для Азербайджана выконваецца і буйнейшы заказ.

Вядома і пра планы Азербайджана купіць процітанкавы ракетны комплекс (ПТРК) "Шэршань-Д", створаны сумесна з кампаніяй Streit Group. Пра гэта ў 2013 годзе паведамлялі прадстаўнікі Беларусі на міжнароднай абароннай выставе IDEX-2013 у Абу-Дабі (ААЭ). Да гэтага на ўзбраенні азербайджанскай арміі стаялі таксама беларускія процітанкавыя комплексы "Скіф".

ПТРК "Шэршань-Д"


Іншыя дробязі

У 2011 годзе Беларусь прадала Азербайджану 60 БТР-70.

У 2018-м стала вядома, што ў азербайджанскае войска паступілі беларускія станцыі радыёэлектроннай барацьбы "Навальніца-З", якія прызначаны для выяўлення і вызначэння напрамку БПЛА, радыёпадаўлення бартавой апаратуры спадарожнікавых навігацыйных сістэм GPS і GLONASS. Менавіта з дамінаваннем у паветры звязваюць поспехі Азербайджана ў цяперашнім канфлікце ў Нагорным Карабаху.

У сакавіку 2019 года на вучэннях азербайджанскай арміі былі заўважаны пераносныя комплексы кіравання агнём "Лектар". Іх вырабляе беларуская кампанія "АГАТ — сістэмы кіравання".

Беларуская станцыя радыёэлектроннай барацьбы "Навальніца-С"

Беларуская станцыя радыёэлектроннай барацьбы "Навальніца-С"



Дзесяцігоддзі супрацоўніцтва

Беларусь гадамі забяспечвала Азербайджан зброяй, мадэрнізавала іх ваенную тэхніку і прадавала новыя распрацоўкі. Іронія сітуацыі ў тым, што Арменія, з якой Азербайджан канфліктуе ў Нагорным Карабаху, знаходзіцца разам з Беларуссю ў АДКБ — Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Мэты АДКБ — "умацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-сябраў, прыярытэт у дасягненні якіх дзяржавы-сябры аддаюць палітычным сродкам". Але, як паказвае гісторыя гандлю зброяй, асабісты гешэфт важнейшы за ўсякія аб'яднанні.

Ва ўмовах замарожанага карабахскага канфлікту і пастаяннай мілітарызацыі і мадэрнізацыі войска момант, калі беларускую зброю, уключаючы "Паланэзы", пачнуць выкарыстоўваць супраць Арменіі (сябра АДКБ) і Арцаха (Рэспублікі Нагорны Карабах), быў толькі пытаннем часу.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: