Парк высокіх тэхналогій вырас удвая за год. Што гэта значыць

Бягучы год мае ўсе шанцы зноў стаць рэкордным у Парку высокіх тэхналогій, а ў мінулым годзе кампаніі ПВТ наэкспартавалі на мільярд долараў, паведамляе «Радыё Свабода»


Адміністрацыя беларускага Парку высокіх тэхналогій пахвалілася «небывалым ростам»: за 9 месяцаў бягучага году ў ПВТ прынялі 196 новых кампаніяў, а год таму ў яго ўваходзіла ўсяго 192 кампаніі.

Паводле ПВТ, гэта адбылася дзякуючы «ІТ-дэкрэту», які дазволіў пашырыць спіс відаў дзейнасці кампаніяў-рэзідэнтаў.

Акрамя таго, паводле ПВТ:

·        Цяпер у ПВТ 388 кампаніяў.

·        Капіталізацыя кампаніяў ПВТ складае 7,68 млрд долараў.

·        За першую палову 2018 году ў рэзідэнтаў ПВТ экспарт вырас на 40%, і гэта без уліку новых кампаніяў.

·        Бягучы год мае ўсе шанцы зноў стаць рэкордным, а ў мінулым годзе кампаніі ПВТ наэкспартавалі на мільярд долараў — гэта як экспарт усяго вайскова-прамысловага комплексу Беларусі.

·        Больш за 60 новых кампаніяў у ПВТ заснаваныя беларусамі. У склад ПВТ увайшлі кампаніі з Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Ізраілю, Кіпру, Кітаю, Нарвегіі, Нідэрландаў, Расіі, Францыі. Ёсць і амерыканскія кампаніі — у тым ліку адна з Крэмніевай даліны і адна, акцыі якой прадаюцца на Нью-Ёркскай фондавай біржы.

У ліку новых рэзідэнтаў ПВТ кампаніі, якія распрацоўваюць абсталяванне для радыяцыйнага кантролю і касмічных палётаў, медыцынскія прыборы для дыстанцыйнага маніторынгу пацыентаў, зарадныя станцыі для электрамабіляў, штучны інтэлект для грузаперавозак.

 

 Якія льготы маюць рэзідэнты ПВТ

Далучэнне да ПВТ новых чальцоў не значыць утварэнне новых кампаніяў — далучаюцца ўжо дзейныя, каб атрымаць льготы.

Цяпер кампаніі-рэзідэнты ПВТ вызваленыя ад сплаты:

·        усіх карпаратыўных падаткаў: падатку на дададзеную вартасць па абаротах ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг, маёмасных правоў на тэрыторыі Беларусі; падатку на прыбытак;

·        падатку на нерухомасць з аб'ектаў на тэрыторыі ПВТ.

Апроч таго, для іх супрацоўнікаў паніжаны індывідуальны падаходны падатак (з 13% да 9%), які не ўключаецца ў сукупны гадавы даход.

Таксама кампаніям дазволена выплачваць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва зыходзячы з сярэдняй зарплаты па краіне, якая ў разы меншая, чым заробкі айцішнікаў. Замест усяго гэтага рэзідэнты плацяць 1% ад уласнай выручкі на карысць адміністрацыі ПВТ.



www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: