Партыя БНФ: Беларусь чакае татальны дэфіцыт тавараў

З 1 ліпеня Беларусь чакае татальны дэфіцыт прамысловых і спажывецкіх тавараў. Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні Партыі БНФ у сувязі з падрыхтаваным Міністэрствам прамысловасці праектам указа прэзідэнта, паводле якога 1 ліпеня будзе ўведзена выключнае права дзяржавы на імпарт шэрагу прамысловых тавараў, аналагі якіх вырабляюцца ў Беларусі. 



«Фактычна рыхтуецца распаўсюджванне інстытуту спецімпарцёра на вялікі пералік таварных груп і знішчэнне замежнага эканамічнага складальніка беларускай эканомікі», — цытуе прэс-служба партыі намесніка старшыні арганізацыі Рыгора Кастусёва. Палітык упэўнены, што такі падыход да эканамічнай палітыкі прывядзе да татальнага дэфіцыту, прычым не толькі імпартных тавараў, але і тавараў, вырабленых з прымяненнем імпартных камплектуючых і сыравіны. 
 
 
«Знікнуць не толькі прапісаныя ва ўказе бытавая тэхніка, радыётэхніка, аўтамабілі і шыны, але і іншыя імпартныя тавары», — лічыць ён. 
 
 
«Спусташэнне тысяч прадпрыемстваў і прыватных прадпрымальнікаў, знікненне дылерскіх сетак і разбурэнне айчыннага прамысловага рынку стане далейшым наступствам прыняцця новага ўказа, — адзначыў палітык. — Сацыяльныя страты і беспрацоўе ў гэтай сферы значна павялічацца і ў большай ступені перавысяць выгады тых асобных прадпрыемстваў, якія атрымаюць магчымасць прадаць на ўнутраным рынку сваю нерэалізаваную прадукцыю». 
 
 
Кастусёў лічыць, што пасля такога эксперыменту знікнуць напрацаваныя гадамі замежныя эканамічныя сувязі беларускіх прадпрыемстваў, а мясцовы рынак стане лёгкай здабычай расійскіх імпарцёраў. «Фактычна ўрад прапаноўвае «абнуліць» айчынны прамысловы рынак і ўступіць у Еўразійскі эканамічны саюз без нацыянальнага рынку імпарту», — адзначыў Кастусёў. 
 
 
У Партыі БНФ перакананыя, што такія дзеянні ўлад з'яўляюцца фактычна ўвядзеннем «ваеннага камунізму» ў сферы знешняй эканамічнай дзейнасці. «Указ выглядае як эканамічная дыверсія, скіраваная супраць нацыянальнай эканомікі. Не выключаю, што імпульс да яе быў дадзены тымі чыноўнікамі, якія прадстаўляюць Беларусь у структурах Мытнага саюза і распрацоўваюць меры па здачы беларускай эканомікі расійскаму капіталу пад шыльдай Еўразійскага саюза», — падкрэсліў Кастусёў. 
 
 
Партыя БНФ заклікае ўсе бізнес-асацыяцыі, галіновыя аб'яднанні прадпрымальнікаў і прамыслоўцаў, эканамічныя даследчыя цэнтры, прафсаюзы і палітычныя партыі салідарна выступіць «супраць абсурднага эканамічнага захаду, які рыхтуецца дзейным кіраўніцтвам краіны».
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!