Пасля змены ўлады не будзе пагаршэння эканамічнай сітуацыі

Пакуль нельга сказаць, наколькі ўплывае страйк на змену сітуацыі ў краіне. Аднак тое, што ўсё больш і больш людзей гатовыя выходзіць на пратэст — гэта факт. А ўлада спрабуе не зважаць на меркаванне народа. Чым далей такая сітуацыя працягнецца, тым горшым будзе эканамічнае становішча краіны.

Фота Аляксандра Зяньковіча


Як «недамоваздольнасць» улады ўплывае на эканамічную сітуацыю? Што будзе, калі сённяшняе становішча захаваецца досыць доўга? «Новы Час» разбіраецца разам з эканамістам Львом Марголіным.

— На колькі месяцаў у Лукашэнкі хопіць грошай на ўтрыманне АМАП? Колькі ўвогуле можа працягвацца такое існаванне ў краіне?

— Калі больш ні на што грошай не марнаваць, то АМАП можна ўтрымліваць і дзесяць гадоў. Але так не атрымаецца: патрэбныя грошы прадпрыемствам, каб працаваць, на пенсіі таксама трэба грошы. Трэба ўтрымліваць бюджэтную сферу і шмат што іншае. Калі разглядаць сітуацыю з макраэканамічнай пазіцыі, то магчымасці дзяржавы скарачаюцца, як шчыгрынавая скура.

Эканоміка — як рухавік унутранага згарання. Калі ў яго паступае паліва, ён працуе, калі паліва перастае паступаць — ён глухне. Для эканомікі палівам з’яўляюцца інвестыцыі. І цяпер сітуацыя якраз такая, што знешніх інвестараў бліжэйшым часам мы не ўбачым — яны выдатна разумеюць сітуацыю і ўяўляюць, чаго ад гэтай сітуацыі можна чакаць. Адзінае, каго можна ўбачыць — гэта якіх-небудзь інвестараў з Эміратаў. Але, па-першае, гэта не тыя грошы, якія могуць спрыяць развіццю эканомікі, а па-другое, наогул не зразумела, чые гэта грошы: ці то сапраўды Эміратаў, ці то сям’і Лукашэнкі.

Унутраных інвестыцый таксама не будзе. Прычым, я кажу пра інвестыцыі ў шырокім сэнсе гэтага слова. Гэта тычыцца не толькі буйных прадпрыемстваў. Нават, калі які-небудзь прадпрымальнік хацеў адкрыць кавярню або цырульню, бліжэйшым часам ён гэта рабіць не будзе. Цяпер гэта — вялікая рызыка.

Хто яшчэ можа даць інвестыцыі? Кітай? Ужо выключана. Расія? Па апошніх падзеях, заявах і дзеяннях Расіі мы можам зрабіць абсалютна адназначную выснову, што Расія абумовіла свае грашовыя ўліванні канкрэтнымі крокамі з боку існуючай улады, і будзе гэтыя крокі дакладна кантраляваць. Расія выдатна разумее (пры ўсім нежаданні спрыяць перамозе «каляровай рэвалюцыі»), што падтрымліваць Лукашэнку — гэта вельмі дорага. І гэта ўжо тыя грошы, якія сённяшняя Расія сабе дазволіць не можа.

Для Расіі ёсць адзіна прымальны варыянт — транзіт улады і спрыянне таму, каб да ўлады ў Беларусі прыйшла асоба, можа быць, у чымсьці лаяльная да Масквы, але больш адэкватная, не такая зашквараная, як цяперашні кіраўнік краіны.

Лукашэнка можа дзейнічаць дваяка, казаць Расіі: «Так-так, мы дамовіліся з вамі, і я буду рабіць тое, пра што дамовіліся», а на самай справе тармазіць усе дамовы. Але я думаю, што гэта не атрымаецца, таму што Расія відавочна паставіла канкрэтныя сцяжкі, па дасягненні якіх будуць вылучацца нейкія фінансавыя рэсурсы.

Таму зацягваць стагнацыю да бясконцасці немагчыма, народ гэтага проста не вытрымае.

Калі цяпер не атрымаецца арганізаваць поўнамаштабны страйк, гэта не азначае, што пратэст здзьмуўся, і на гэтым усё скончыцца. Гэта як аблога горада. Аблога ідзе, у нейкі час нападаючыя згрупаваліся і пайшлі на штурм. Штурм можа быць паспяховым, а можа і праваліцца — але аблога знятая не будзе. І нападаючыя будуць рыхтаваць сілы для наступнага штурму. Чым горшая сітуацыя ў эканоміцы — тым больш шанцаў на поспех чарговага штурму.


Для даведкі: Паводле афіцыйнай статыстыкі, намінальная налічаная сярэдняя зарплата ў Беларусі ў верасні 2020 года знізілася на 11,9 рубля ў параўнанні са жніўнем і склала 1264,5 рубля. Прычым, зніжэнне фіксуецца ўжо рэгулярнае: у жніўні сярэдняя заработная плата работнікаў складала 1276,4 рубля, у ліпені — 1287,5 рубля, паведамляе Белстат.

26 кастрычніка, у дзень абвешчанага страйку, Лукашэнка падпісаў указ №381 «Аб забеспячэнні разлікаў з бюджэтам», якім зрабіў больш жорсткай адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў за несвоечасовыя разлікі з фондам сацыяльнай абароны насельніцтва. Уведзеная забарона на выплату кіраўнікам арганізацый усіх відаў прэмій пры наяўнасці запазычанасці перад ФСАН. Раней такая забарона дзейнічала толькі пры наяўнасці ў арганізацыі запазычанасці па выплаце плацяжоў у бюджэт.


— Калі цяперашні і наступныя штурмы не будуць мець поспеху, як будзе развівацца сітуацыя? Напрыклад, на тых жа прадпрыемствах?

— Гэтыя прадпрыемствы будуць павольна паміраць. Адсутнасць інвестыцый — гэта адсутнасць новых відаў прадукцыі. Адсутнасць новых відаў прадукцыі — гэта скарачэнне рынкаў збыту, у тым ліку і расійскіх. Адсутнасць рынкаў збыту — адсутнасць продажаў. Гэта значыць, што прадпрыемствы будуць скурчвацца, колькасць работнікаў на гэтых прадпрыемствах будзе змяншацца, рэшткі непрададзенай прадукцыі на складах будуць расці, абаротныя сродкі будуць скарачацца, прадпрыемствам будуць патрабавацца крэдытныя рэсурсы. Ва ўмовах адсутнасці знешніх крыніц крэдытавання любыя крэдыты будуць звязаныя з барацьбой Нацбанка і ўрада: за неўключэнне друкарскага станка. Калі пераможа ўрад, гэта прывядзе да інфляцыі.

Але самае цікавае, што, па вялікім рахунку, нават уключэнне друкарскага станка нічога не зменіць: альбо буйныя дзяржпрадпрыемствы памруць раней, альбо іх змогуць непрацяглы час патрымаць за кошт усплёску інфляцыі і збяднення насельніцтва. Пытанне ў тым, які са шляхоў абярэ цяперашняя ўлада. Шляхоў у яе — толькі гэтыя два, і больш у яе распараджэнні нічога няма.


Для даведкі: Буйныя і сярэднія прадпрыемствы даюць справаздачу па фінансавых паказчыках кожны месяц, але ўлады доўга займаюцца апрацоўкай даных, і выніковыя табліцы выходзяць праз 1,5 месяца пасля заканчэння справаздачнага перыяду. Напрыклад, цяпер даступная статыстыка за студзень-жнівень. Згодна з ёю, выручка арганізацый прамысловасці ўпала да 2019 года на 2,5%. Паколькі інфляцыя за гэты час таксама не стаяла на месцы, рэальныя тэмпы змены выручкі яшчэ горшыя. Амаль палова флагманаў прамысловасці (47,4%) у 2020 годзе адносіцца да нерэнтабельных або нізкарэнтабельных прадпрыемстваў. Чысты прыбытак прамысловых прадпрыемстваў у 2020 годзе скараціўся ў 3,3 разы. Сумарныя даўгі прампрадпрыемстваў на 1 верасня перавысілі 76,1 мільярда BYN, з пачатку года сума даўгоў павялічылася на 16,9%
.
Фота Аляксандра Зяньковіча

Фота Аляксандра Зяньковіча

— Як стагнацыя і захаванне існуючай сітуацыі можа адбіцца на заробках працоўных і служачых?

— Я не думаю, што будуць падзеі кшталту 2011 года, калі беларускі рубель абваліўся ў 2–3 разы: усё ж такі сяму-таму нашы чыноўнікі ад эканомікі навучыліся. У асноўным, сярэдняя зарплата ўжо шмат гадоў адвальваецца да 400 долараў у месяц, потым павольна паўзе да 500, потым адкочваецца зноў...

Зразумела, будзе паступовае зніжэнне налічаных заробкаў, будзе скарачэнне колькасці работнікаў прадпрыемстваў. Калі атрымаецца справіцца з кавідам, звольненыя работнікі будуць з’язджаць на заробкі. То-бок, гэта можа цягнуцца доўга — як сітуацыя Малдовы пачатку 2000-х, сітуацыя Прыднястроўя, сітуацыя Данбаса... Але я не думаю, што беларускі народ будзе трываць гэтую сітуацыю да такой ступені. Будзе чарговы штурм, які скончыцца поспехам.


Для даведкі: Сярэдні афіцыйны курс долара ў верасні склаў 2,61 BYN за 1 USD. Яшчэ ў жніўні курс Нацбанка быў роўны 2,49 BYN, а ў пачатку года, у студзені, — 2,11 BYN. Відавочна, што пры такім хуткім абясцэньванні беларускага рубля да долара рэзка паменшыўся памер сярэдняй зарплаты па краіне. У верасні налічаная зарплата ў Беларусі склала 484 USD. Нагадаем, гэта заробак да выліку падаходнага падатку (13%), унёску работніка ў ФСАН (1%) і прафсаюзных унёскаў. Гэта значыць, заробак «на рукі» адчувальна ніжэйшы. Апроч таго, абсалютная большасць насельніцтва (каля 2/3 работнікаў) не зарабляе сярэдні заробак.

Што ж тычыцца доларавага эквіваленту заробку, то сярэдні заробак у верасні 2020 года параўнальны з заробкам верасня 2012 года. Тады сярэдні заробак беларуса склаў 486,1 USD. Атрымліваецца, што доўгія гады ў краіне няма ніякага прагрэсу па заробках — дэвальвацыя зводзіць усе патугі чыноўнікаў у нуль. Можна сказаць, што ў дачыненні да даходаў Беларусь пражыла страчанае дзесяцігоддзе: заробкі ў лепшым выпадку стагнавалі, у горшым — падалі.


— Дапусцім, Лукашэнка сышоў, у краіне абвешчаныя новыя свабодныя выбары. А што з эканомікай? Нам спатрэбіцца доўгі перыяд аднаўлення? Наколькі ён будзе хваравітым?

— Пасля змены ўлады я наогул не чакаю ніякага пагаршэння эканамічнай сітуацыі. Гэта якраз той варыянт, калі сітуацыя можа, наадварот, вельмі хутка рушыць у лепшы бок — літаральна на працягу трох-чатырох месяцаў.

Па-першае, адразу ж прыйдуць інвестыцыі, — той самы «План Маршала для Беларусі», распрацаваны нашымі краінамі-суседкамі і прыняты ў ЕС.

Па-другое, напэўна, будуць падпісаны дамовы з Еўрапейскім Саюзам у плане зняцця перашкод у знешнім гандлі, і аналагічны дагавор са Злучанымі Штатамі, якія ўпарта адмаўляюцца прызнаваць нас краінай з рынкавай эканомікай.

Па-трэцяе, гэта будзе хуткае ўступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Па-чацвёртае, будуць знятыя штучныя абмежаванні для малога і сярэдняга бізнесу. Ва ўмовах дэмакратызацыі, павышэння надзеі і ўпэўненасці чалавека ў заўтрашнім і паслязаўтрашнім дні прывядуць да даволі хуткага росту інвестыцый у гэтым сектары — малога і сярэдняга бізнесу.

А, улічваючы геаграфічнае становішча Беларусі, калі Расія здыме рана ці позна ружовыя, зялёныя ці яшчэ не ведаю якія акуляры і паглядзіць на сітуацыю цвяроза, рэальна, то мы можам мець сітуацыю, калі не нам трэба будзе кідацца з Захаду на Усход за грашыма, а калі Захад і Усход будуць стаяць і канкураваць паміж сабою, хто на больш выгадных умовах прапануе Беларусі інвестыцыі.


Для даведкі: «План Маршала для Беларусі» падтрыманы Вышаградскай групай ЕС (Польшча, Чэхія, Славакія і Венгрыя). Ён уключае ў сябе стварэнне стабілізацыйнага фонду ў памеры мільярда еўра і іншыя захады для развіцця эканомікі Беларусі. Сродкі плануе выдаткаваць Еўрапейскі саюз і Міжнародны валютны фонд.

На думку польскага эканаміста Януша Вдзенчака, для Еўрасаюза падобныя меры падтрымкі не павінны стаць праблемай. Па яго словах, ВУП Беларусі цяпер параўнальны з ВУП Мазавецкага ваяводства Польшчы. Таму дапамога ў рамках «Плана Маршала для Беларусі» не абыдзецца Еўрапейскаму саюзу больш, чым фінансаванне аднаго з польскіх ваяводстваў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: