Пасля жніўня з Беларусі ў Расію вывелі рэкордную суму грошай

Кампанія па выбарах прэзідэнта і пратэсты, якія рушылі пасля яе, паўплывалі на настроі расійцаў, якія жывуць і працуюць у Беларусі. У трэцім квартале гэтага года яны вывелі з краіны рэкордную суму ў рамках трансгранічных безнаяўных пералічэнняў.


Паводле статыстыкі Цэнтрабанка РФ, у ліпені-верасні 2020 года фізічныя асобы-рэзідэнты і фізічныя асобы-нерэзідэнты, якія знаходзяцца ў Беларусі, пералічылі ў Расію праз крэдытныя арганізацыі (уключаючы сістэмы грашовых пераводаў) 101,366 млн долараў. Гэтая сума амаль у два разы большая, чым была ў першым (50,607 млн долараў) і ў другім (51,716 млн долараў) кварталах 2020 года, і з’яўляецца абсалютным квартальным рэкордам з тых часоў, як расійскі рэгулятар пачаў публікаваць такія звесткі — з 2006 года, паведамляе TUT.BY.

Выраслі аб'ёмы паквартальных пералічэнняў як рэзідэнтаў, так і нерэзідэнтаў.

Першая катэгорыя адправіла з Беларусі ў Расію ў ліпені-верасні 67,137 млн долараў (у першых двух кварталах сумы былі адпаведна 42,705 млн і 41,717 млн долараў). З 2006 года — гэта самы высокі паквартальны паказчык. Раней лідзіраваў чацвёрты квартал 2019 года — 49,039 млн долараў.

Нерэзідэнтаў падзеі ў Беларусі занепакоілі яшчэ больш. У параўнанні з першай паловай 2020 года пералічэнні выраслі амаль у чатыры разы. Калі ў першым квартале было пераведзена 8,889 млн долараў, у другім — 9,011 млн долараў, то ў ліпені-верасні ўжо 34,229 млн долараў. І гэта таксама самы высокі паказчык у гісторыі назіранняў Цэнтрабанкам РФ. Да трэцяга квартала гэтага года гэты паказчык быў самым высокім у трэцім квартале 2018-га — 13,376 млн долараў.

У зваротным кірунку змены не такія рэвалюцыйныя.

Агульная сума пераводаў сродкаў фізічнымі асобамі з Расіі ў Беларусь павялічылася (58,555 млн долараў) у параўнанні з «кавідным» другім кварталам (51,989 млн долараў), але была меншай, чым у пачатку года (59,682 млн долараў).

З іх на нерэзідэнтаў прыйшлося 10,731 млн долараў. Для параўнання: у першым квартале нерэзідэнты, сярод якіх значную частку складаюць беларусы, якія з’ехалі на заробкі, пералічылі дадому 10,884 млн долараў, у другім — 8,590 млн долараў.

Адзначым, сярэдні чэк пераводаў нерэзідэнтаў у ліпені-верасні вырас. Калі ў першым квартале ён складаў 242 долары, у другім 256 долараў, то ў трэцім — 258 долараў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: