Пазбавіць Лукашэнку грошай

Рэжым Лукашэнкі, падавалася б, стаў сапраўды «таксічным» для ўсяго свету. Мець з ім справу ў сённяшніх варунках — гэта трэба альбо зусім не мець галавы, альбо разлічваць на такія звышпрыбыткі, якія б апраўдалі выслоўе «грошы не пахнуць». Таму офіс Святланы Ціханоўскай і Нацыянальнае антыкрызіснае кіраванне (НАК) спрабуюць патлумачыць абодвум катэгорыям, ці сапраўды ў грошай няма паху.


Пакуль не было звестак пра тое, што Еўропа і ЗША ўвялі ў дзеянне эканамічныя санкцыі ў дачыненні не прыватных асобаў, а беларускіх прадпрыемстваў. Тым не менш, як распавёў на прэс-канферэнцыі прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканоміцы Алесь Аляхновіч, некаторыя санкцыі ўжо дзейнічаюць — з ініцыятывы як саміх беларусаў, так і заходніх арганізацый ды структур.


Хочаш зрабіць добра — зрабі сам

Па яго словах, цяпер эканамічны ціск на рэжым Лукашэнкі складаецца з 7 пунктаў. Гэта, адзначае адмысловец, — набор легальных механізмаў, які можа быць зменены ў залежнасці ад сітуацыі.

Першы пункт — унутраныя санкцыі. Гэта тое, што могуць зрабіць самі беларусы ўнутры краіны. Напрыклад, адмовіцца ад набыцця асноўных падакцызных і шкодных для здароўя тавараў — алкаголю ды тытуню. Абмежаваць пакупкі тавараў і паслуг тых кампаній ці гандлёвых сетак, якія фінансуюць уладу. Гэта таксама абмежаванне ці адтэрміноўка плацяжоў у бюджэт, жыллёва-камунальных паслуг, аплаты штрафаў ці падаткаў, абмежаванне бягучых выдаткаў, якія можна адкласці ў часе, і тычыцца буйных пакупак — складанай бытавой тэхнікі, аўтамабіляў, і гэтак далей.

Другі пункт, якім займаецца офіс Ціханоўскай — расследаванне і абмежаванне карупцыйных схем паставак прадукцыі за мяжу кампаніямі, набліжанымі да рэжыму.

Трэці — замарозка міжнароднай супрацы з дзяржаўным сектарам — спыненне супрацы з МВФ і ЕБРР. «Еўразійскі банк развіцця пакуль супрацоўнічае з дзяржсектарам — мы будзем і з імі размаўляць», — зазначыў Аляхновіч. Па яго словах, можна пераарыентаваць супрацу гэтых інстытутаў на падтрымку прыватнага сектара.

Чацвёрты пункт — абмежаванне міжнароднай падтрымкі дзяржаўных і некаторых прыватных, «набліжаных да цела» банкаў. Гэта закрыццё крэдытных ліній для дзяржаўных банкаў, а для банкаў з міжнародным капіталам будзе весціся размова з цэнтральнымі офісамі, — каб яны абмежавалі крэдытныя лініі для сваіх «дачок» у Беларусі.

Пяты пункт— закрыццё міжнародных фінансавых рынкаў для беларускіх аблігацый. «Тут мы будзем інфармаваць міжнародныя фінансавыя інстытуты пра сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку пра парушэнне базісных эканамічных правоў беларусаў. Напрыклад — пра незаконнае выняццё сродкаў з рахункаў грамадзян, што атрымлівалі дапамогу ад фондаў салідарнасці. І пра магчымасць перагляду мэтазгоднасці сплаты па дзяржаблігацыях, выпушчаных нелегітымным рэжымам Лукашэнкі. Інвестары павінны разумець, што даючы грошы рэжыму сёння яны не толькі фінансуюць рэпрэсіі супраць беларускага народу, але могуць не атрымаць назад гэтыя грошы ў будучыні», — заявіў Аляхновіч.

У гэтым, дарэчы, няма нічога новага. Адмова аплаты па дзяржаблігацыях нелегітымных рэжымаў была ў Польшчы ў 1989 годзе, у Венесуэле, ва Украіне. Так што практыка такая ёсць, прыкладаў даволі шмат, і Беларусь тут не будзе нейкім «дзікім» выключэннем.

Шосты пункт — гэта своеасаблівы «сектаральны ціск», скіраваны на абмежаванне экспарту ключавых прадпрыемстваў, на якіх адбываюцца рэпрэсіі. Бягучы прыклад — нарвежская кампанія Yara, якая цяпер думае над мэтазгоднасцю працы з «Беларуськаліем» праз ціск на страйкоўцаў.

І сёмы пункт — замарозка ўжо бягучых замежых інвестыцый. Напрыклад, гэта тычыцца спынення трансгранічнай супрацы з ЕС, — а за еўрапейскія грошы мы рэмантавалі свае памежныя пераходы ды рабілі розныя інфраструктурныя праекты з гарадах Беларусі.



Жорстка, але неабходна

Але гэта яшчэ не фінал. У выпадку, калі, нягледзячы на гэты ціск, рэпрэсіі будуць працягнутыя, могуць быць разгледжаныя больш балючыя механізмы ціску. Адным з такіх вельмі жорсткіх з’яўляецца адключэнне Беларусі ад сістэмі міжнародных плацяжоў і пераводаў SWIFT — самая жорсткая мера.

Калі гэтую сістэму адключыць, банкі не змогуць атрымліваць увогуле ніякіх плацяжоў. Таму адключэнне SWIFT называюць «ядзернай бомбай» для эканомікі.

Алесь Аляхновіч пры гэтым зазначае, што да 2020 года беларусы не вельмі падтрымлівалі эканамічныя санкцыі да рэжыму. Сёлета платформа «Голас» ініцыявала апытанку наконт адключэння SWIFT. «Гэта была не толькі апытанка, але адукацыйны праект — там тлумачылася, што такое SWIFT, як ён працуе, і якія могуць быць наступствы для простага беларуса», — зазначыў эканаміст.

Сайт наведала 450 тысяч чалавек, прагаласавала 406 тысяч, з іх дзве траціны — 64% — выказаліся за самыя жорсткія захады у выглядзе адключэння гэтай сістэмы. 19% не змаглі адказаць на пытанне і толькі 16% не падтрымалі такія радыкальныя захады.


І ніякай «прыватызацыі»!

Лідар Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка зазначыў, што яго структура шчыльна супрацоўнічае з офісам Святланы Ціханоўскай па гэтых эканамічных пытаннях. Але, у той жа час, займаецца і яшчэ некаторымі важнымі рэчамі.

Найперш, НАК вядзе працу па своеасаблівым маніторынгу крэдытных рэсурсаў, што выдаюцца альбо могуць быць выдадзеныя Лукашэнку. Пры гэтым інвестары папярэджваюцца пра тое, пра што ўжо казаў спадар Аляхновіч: «Усе дамовы, падпісаныя пасля 5 лістапада 2020 года (тэрмін фактычнага сканчэння паўнамоцтваў Лукашэнкі) нелегітымным прэзідэнтам ці нелегітымным урадам, будуць перагледжаныя. Новы урад не будзе лічыць сабе абавязаным плаціць па даўгах, прадастаўленых Лукашэнку», — заявіў Павел Латушка.


У сувязі з гэтым НАК прапануе ўсім крэдыторам зрабіць тры рэчы.

1. Прыняць меры па праверцы мэтавага выкарыстання крэдытных рэсурсаў, бо маўклівая згода крэдытораў, калі іх сродкі ідуць на абарачэнне памагатых рэжыму ды падтрымку рэпрэсіўнай машыны, з’яўляецца рызыкай для саміх крэдытораў, і магчымай падставай для адмовы ў пагашэнні даўгоў у будучыні.

2. Крэдыторы могуць запатрабаваць датэрміновага і неадкладнага выканання крэдытных абавязальніцтваў у выпадку немэтавага выкарыстання крэдыту.

3. Крэдыторы могуць не дапускаць пралангацыі крэдытных даўгоў, бо яна стварае дадатковую магчымасцт рэжыму набраць яшчэ больш даўгоў.

Але большай увагі заслугоўвае новая ініцыятыва НАК. Відавочна, што ва ўмовах жорсткага грашовага дэфіцыту ў Лукашэнкі можа ўзнікнуць ідэя «прадаць што-небудзь непатрэбнае» кшталту «Гродна-Азоту», Нафтану» альбо «Беларуськалію» — поўнасцю ці часткова. І на гэтыя грошы працягваць існаванне далей. Таму НАК ужо цяпер выбудоўвае сістэму па выкрыцці здзелак, датычных мажлівага продажу ці прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў у перыяд крызісу на невыгадных для прадпрыемстваў і краіны ўмовах.


Расія націсне таксама?

А на парозе — яшчэ адзін крызіс. Прэс-канферэнцыя адбывалася 15 снежня, і на гэты момант не было нічога чуваць пра новыя кантракты з Расіяй па пастаўках у Сінявокую нафты і газу. Зазвычай гэтая тэма была ці не цэнтральнай у папярэднія гады, але сёлета на фоне палітычнага крызісу і эпідэміі CОVID-19 пра яе ўсе забылі.

Расія можа націснуць на Лукашэнку, развязаўшы чарговую «нафтагазавую вайну». І такі сцэнар, на думку адмыслоўцаў, вельмі верагодны.

Як заўважыў Алесь Аляхновіч, нафтагазавыя войны ў нас адбываюцца амаль штогод. «Хутчэй за ўсё, гэты год не будзе выняткам. Нягледзячы на афіцыйную пазіцыю расійскіх уладаў па падтрымцы беларускага рэжыму, гэтая падтрымка знаходзіцца ў падвешаным стане — напрыклад, два траншы расійскага крэдыту пакуль не трапілі у Беларусь, хаця адзін з іх павінен прыйсці яшчэ ў гэтым годзе. Дамоўленасці па нафце і газу няма, то-бок, мажліва ад 1 студзеня не будзе паставак нафты ў Беларусь. Нафтагазавая вайна даволі верагодная», — зазначыў Аляхновіч, адказваючы на пытанне «Новага часу».

Пры гэтым, на фоне санкцый Лукашэнка не зможа шантажаваць Расію «дыверсіфікацыяй паставак», закупляючы нафту ў Нарвегіі альбо ЗША, як было ўвесну. І нават не толькі з прычыны санкцый. «Дыверсіфікацыя паставак Беларусі не дапаможа, бо бюджэт ужо знаходзіцца ў дрэнным стане, пастаўкі з Нарвегіі ці з іншых краін — ЗША, Саудаўскай Аравіі — больш дарагія, беларускаму рэжыму трэба эканоміць», — лічыць Аляхновіч.

З ім згодны і Павел Латушка. «Пра дыверсіфікацыю паставак не можа быць размовы — з улікам крызіснай сітуацыі і недаверу да Беларусі як партнёра. Мы ведаем, што 41 краіна свету ўвяла персанальныя санкцыі да Лукашэнкі і яго памагатых. Дыверсіфікацыя нерэальная. Але сама гэтая сітуацыя зноў паказвае рэальныя адносіны расійскіх партнёраў да Лукашэнкі. Калі б адносіны былі стабільнымі, нармальнымі, партнёрскімі, то і адпаведныя кантракты падпісваліся загадзя, і ўсім бы быў зразумелы і кошт газу, і тэрміны яго пастаўкі. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што да Лукашэнкі няма даверу з боку партнёраў нават з боку Расійскай Федэрацыі», — сказаў Латушка.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: