Першы энергаблок БелАЭС зноў адключаць ад сеткі — пасля двух дзён працы

10 сакавіка першы энергаблок БелАЭС будзе планава адключаны ад сеткі, паведамляе Міністэрства энергетыкі.


«У адпаведнасці з праграмай этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі, 10 сакавіка першы энергаблок БелАЭС будзе адключаны ад сеткі для правядзення даследаванняў ксенонавых пераходных працэсаў у рэактарнай устаноўцы са зніжэннем яе магутнасці да мінімальна кантраляванага ўзроўню» — гаворыцца ў паведамленні міністэрства, паведамляе REFORM.by.

Даследаванне патрэбнае для вызначэння нейтронна-фізічных характарыстык актыўнай зоны рэактара.

Нагадаем, пасля чарговых выпрабаванняў і рэгламентных работ першы энергаблок уключылі ў сетку толькі 8 сакавіка.

Раней першы блок ад сеткі адключалі 20 лютага. Планавалася, што адключэнне будзе доўжыцца тыдзень, аднак паўторны працэс падключэння зацягнуўся. Некаторыя тэлеграм-каналы паведамілі пра збоі ў працы сістэмы астуджэння рэактара БелАЭС. Мінэнерга абвергла гэтую інфармацыю: «Інфармацыя пра збоі ў працы сістэмы астуджэння рэактара першага энергаблока БелАЭС, якая з'явілася ў некаторых тэлеграм-каналах, не адпавядае рэчаіснасці», — гаварылася ў паведамленні прэс-службы Міністэрства.

Паводле інфармацыі ведамства, сістэма функцыянуе ў штатным рэжыме. На першым энергаблоку працягваюцца рэгламентныя работы і выпрабаванні ў рамках этапа доследна-прамысловай эксплуатацыі. Радыяцыйны фон у раёне станцыі ў норме.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: