Песня пра пенсію

Мяне заўсёды турбавала адно пытанне. А менавіта: калі ў нас усё так добра, як нам кажуць па тэлевізіі, чаму нам рэгулярна не хапае грошай? Мы іх ашчаджаем, пазычаем, эканомім, «аптымізуем», а іх не хапае ўсё роўна…

Фота www.tourprom.ru

Вось і зараз родны да немагчымасці Белстат выдаў чарговую порцыю аптымістычных лічбаў. Паводле першай ацэнкі Нацыянальнага статкамітэта, аб'ём ВУП за студзень-май вырас на 0,9% у параўнанні з папярэднім годам. Сельская гаспадарка за той жа перыяд павялічыла вытворчасць на 0,1%, прамысловая вытворчасць — на 6%. У той жа час, за студзень-красавік рэальныя даходы насельніцтва (пры росце прадукцыйнасці працы, заўважце) знізіліся на 1,5%.

То бок, мы больш працуем, а менш зарабляем. Адпаведна, недзе павінны з’явіцца «лішнія» грошы, якія лішнімі, зразумела, не бываюць.

Мы ўсе спраўна плацім падаткі, але Міністэрства фінансаў паведамляе, што ў пачатку года ў Фондзе сацыяльнай абароны Беларусі ўтварылася непрыстойная дзірка — больш за 150 мільёнаў долараў. У гэтым годзе паступленні ў ФСАН у студзені-красавіку склалі 3,749 мільярда рублёў, а выдаткі фонду склаліся ў памеры 4,050 мільярда, гэта значыць дэфіцыт склаў 301,1 мільёна рублёў.

Адмыслоўцы тлумачаць гэта рознымі няўцямнымі фактарамі, кшталту «змяншэннем паступленняў на фоне росту расходаў фонду» (а тое мы не бачым па лічбах!), «пашырэннем льгот па выплаце абавязковых страхавых узносаў», «фонд зарплаты работнікаў малых прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці ў аналізаваным перыядзе скараціўся», «памяншэнне колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў» (няма чаго было іх душыць!) і гэтак далей.

Што робяць у гэтай сітуацыі асобы, датычныя да ФСАН? Яны збіраюць грамадска-кансультатыўную раду пры Мінпрацы і сацабароны Беларусі ды абмяркоўваюць праект указа «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання». То бок, думаюць, дзе б яшчэ ўзяць грошы. Меркаваннямі наконт карэкціровак заканадаўства дзяліліся прадстаўнікі ФСАН, Галоўнага пенсійнага ўпраўлення Мінпрацы і сацабароны, Мінэканомікі, МПЗ, Савета па развіцці прадпрымальніцтва, Мінфіна і ФПБ. Ужо сама неабходнасць сустракацца ў такім фармаце наводзіць на думку — мы напярэдадні грандыёзнага шухеру.

Азначэнне наконт «шухеру» — не маё. Гэта піша спецыялізаваная «Эканамічная газета».

Пры абмеркаванні, «дзе ўзяць грошы», узнікла шмат цікавых ідэй. Абмяркоўвалася магчымасць даць ІП, натарыусам і адвакатам права ўдзельнічаць у сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на добраахвотнай аснове — такі механізм дзейнічаў раней, але быў зменены. Прапануецца пашырыць кола ўдзельнікаў сістэмы дзяржаўнага сацстрахавання на добраахвотнай аснове за кошт асоб, якія працуюць «не-прадпрымальнікамі» (рамеснікі, рэпетытары, тамады, фатографы і іншыя). Узнікла думка нават пра адтэрміноўку ці растэрміноўку па аплаце ўнёскаў у ФСАН (добра, што хоць не прапаноўвалі ўзяць на гэтыя мэты крэдыт).

Але нейкім вельмі дзіўным чынам «высокія дамоўныя бакі» абышлі пытанне, чым жа займаецца сам ФСАН. Так, ёсць неабходная дзейнасць: выплата пенсій, дапамогаў, утрыманне службаў, у тым ліку службы занятасці насельніцтва. Аднак, згодна дадзеным праекту «Кошт урада», ФСАН, напрыклад, фінансуе спецыяльныя вучэбна-спартыўныя ўстановы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. На гэтыя мэты ў 2016 годзе сышло 13,5 мільёна долараў. 39,4 мільёна долараў сышло на «санітарна-курортнае лячэнне і аздараўленне». Пры гэтым хто аздаравіўся — ні гу-гу.

І самая цікавая графа — «іншыя выдаткі». Гэтыя выдаткі ўзраслі ў мінулым годзе амаль на 44% і склалі, па дадзеных таго ж «Кошту ўраду» 36,4 мільёна долараў.

Вось мы знайшлі амаль 90 са 150 мільёнаў долараў, якія «выпарыліся» з ФСАН па сумнеўна-мэтавых праграмах. Бо навошта ФСАН фінансаваць ФПБ, якая мае 4 мільёны чальцоў ды з кожнага здымае сяброўскія складкі?

Не спяць у шапку з крэатывам і айчынныя падаткавікі, якія вынайшлі яшчэ адно ноў-хаў па «адносна сумленным адыманні грошай у насельніцтва». Напярэдадні сумных датаў пачатку вайны і вызвалення Мінска яны разаслалі «лісты шчасця» ацалелым у Халакосце беларускім габрэям. Тысячы гэтых людзей — рэцыпіенты гуманітарнай дапамогі ад амерыканскага JDC («Джойнта»). «Джойнт» аплачвае дапамогу, напрыклад, памочніц, што прыходзяць да старых (патранажных сядзелак) — у хаце прыбрацца, прадукты набыць, смецце вынесці і проста пагутарыць… Падаткавікі ж такую дапамогу для 85–90-гадовых людзей запісалі… у іх «дадатковы даход»! Маўляў, вы за гэта не плаціце, значыць — ваш даход! Пры гэтым сума налічанага за тры месяцы падатку складала палову месячнай пенсіі сярэднестатыстычнага пенсіянера Беларусі.

Добры клопат пра старых людзей, якія перажылі незлічоныя пакуты ў перыяд Другой сусветнай вайны…

Пры гэтым JDC вымушана выконваць падатковае заканадаўства Беларусі, але сродкаў на сплату падатку замест старых людзей у бюджэце «Джойнта» проста не закладзена. У выніку дабрачынная арганізацыя толькі адзначае «несправядлівасць і нават амаральнасць» беларускіх падаткавікоў. Але для нашага МНС, як мы бачым, грошы не пахнуць, нават калі яны палітыя крывёю і слязамі…

На тыдні мы зноў пачулі пра жаданне Беларусі размясціць «еўрабонды» — то бок, пазычыць іх пад працэнты. Прычым, гэта ўсё больш нагадвае «МММ». Як мяркуе фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб, новыя бонды трэба прадаць для таго, каб разлічыцца па старым. У студзені 2018-га нас чакае сплата па раней выпушчаных еўрабондах на 800 мільёнаў долараў. Вось канкрэтна пад іх пагашэнне ўлады і спрабуюць заняць сродкі.

Плюс гэтых паперак у тым, што яны, хоць і даражэйшыя за той жа крэдыт МВФ, але не патрабуюць выканання нейкіх умоў кшталту «структурных рэформаў», чаго патрабуе той жа МВФ.

Самае цікавае, адкуль у нас увогуле ўзяўся гэты мазгаломны знешні доўг. Краіна ўклала вар’яцкія грошы ў мадэрнізацыю — дрэваапрацоўкі, цэментнай вытворчасці, лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадаркі. Зараз дабудоўваем нікому не патрэбую АЭС у 10 мільярдаў долараў… Аддачы ад гэтага — не атрымалі. І, тым не менш, зараз нацэліліся на новую мадэрнізацыю — ужо машынабудавання.

Дык можа, трэба проста перастаць укладаць грошы ў бессэнсоўныя праекты? Тады, магчыма, і на пенсіі фінансы знойдуцца…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!