Пільнуйце камунальнікаў! Вас чакаюць новыя правілы

Дзве навіны да Сусветнага дня абароны правоў спажыўцоў, які адзначаецца 15 сакавіка.

Фота з сайта belsat.eu

Неўзабаве мы зможам не проста скардзіцца, а атрымліваць досыць істотную кампенсацыю за няякаснае абслугоўванне з боку камунальнікаў: калі, напрыклад, у пад’ездзе дома было не прыбрана, у кватэры — занадта холадна ці горача, а вада з крана цякла брудная ці паганая на смак. Таксама сёлета будзе прыняты ўказ аб цеплавой мадэрнізацыі жылых дамоў, якая істотна адаб’ецца на «жыроўках».

З 17 сакавіка ў Беларусі пачынае дзейнічаць Палажэнне аб парадку пераразліку платы за асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі ў выпадку іх неаказання або аказання з недахопамі. Пераразлік будзе ажыццяўляцца і за перыяд, у які адбудзецца іх спыненне.

У Міністэрства ЖКГ адзначаюць, што ўзмацненне адказнасці пастаўнікоў жыллёва-камунальных паслугаў павінна падвысіць у іх пачуццё гэтай самай адказнасці, а спажыўцы здолеюць адчуць сябе ўласнікамі.

Запатрабаваць пераразліку ў памеры 10% ад кошту вады, калі яна не адпавядала санітарным нормам, напрыклад, утрымлівала зашмат жалеза, можна было і раней. Але ў грашовым выражэнні гэта вылівалася ў неістотныя сумы. У сярэднім сям’я з трох чалавек, якая пражывае ў двухпакаёвай кватэры, магла вярнуць крыху больш за рубель, таму спажыўцам проста не хацелася важдацца са зборам дакументаў дзеля кампенсацыі, адзначае Партал камунальнай пісьменнасці пры Міністэрстве ЖКГ.

Цяпер памер пераразліку павялічыцца да 30%. Што праўда, паэтапна. Сёлета і ў 2020 годзе застануцца 10%, а 30% будуць, меркавана, дасягнутыя ў 2025-м. Павольнае павелічэнне дае водаканальным службам час на мадэрнізацыю: пабудаваць станцыі абезжалезвання, памяняць абсталяванне на свідравінах, рэканструяваць ачышчальныя збудаванні і г.д. Не зробяць гэтага — будуць сплачваць за няякасныя паслугі, калі людзі захочуць матэрыялізаваць свае прэтэнзіі.

Што тычыцца перапынкаў у водазабеспячэнні. Калі на працягу месяца ваду будуць адключаць больш за два разы на час, які перавысіць тэхнічныя нарматывы, а ліквідаваць тую саму аварыю павінны за 8–24 гадзіны, то можна запатрабаваць паменшыць на 10% плату, налічаную за ўвесь такі праблемны месяц.

Застаецца дзейнічаць старое правіла, якое дазваляе паменшыць плату за ацяпленне, калі ў кватэры па факце холадна: тэмпература паветра больш за суткі трымаецца ніжэй +18 градусаў. Між тым, найбольшыя спрэчкі выклікалі якраз сітуацыі з «ператопамі», калі даводзіцца, каб нармальна дыхаць, трымаць расчыненымі форткі ў кватэрах. Пастаўшчыка цяпла такая сітуацыя цалкам задавальняла, бо прыборы ўліку на ўваходзе ў жылы дом не дзеляць гігакалорыі на патрэбныя і лішнія. Канечне, пара касцей не ломіць, як кажуць, але сямейны бюджэт закранае. Цяпер уводзіцца пераразлік платы за ацяпленне пры тэмпературы паветра ў жылым памяшканні вышэй +24 градусаў больш як суткі.


Па тэхнічным абслугоўванні жылых дамоў. Калі камунальнікамі будзе парушацца ўсталяваны графік правядзення адмысловых працаў, то памер платы за ТА знізіцца на 10–25% у залежнасці ад відаў працаў. Што тычыцца нерэгулярнага вывазу смецця і прыборкі пад’ездаў, то плата спаганяцца за неаказаныя паслугі не будзе. Такія факты павінны быць устаноўленыя паводле заяваў жыхароў-спажыўцоў. Карацей, эканамічна мэтазгодна ўзяць працу камунальнікаў на пільнаванне.


А днямі Дзяржкамітэт па стандартызацыі паведаміў, што сёлета павінен быць прыняты ўказ кіраўніка краіны аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрнага жыллёвага фонду. Навіна і добрая, і дрэнная.

Рашэнне аб цеплавой мадэрнізацыі будзе прымацца на агульных сходах уласнікаў кватэр. То бок, справа добраахвотная і нятанная. Выдаткі пакладуцца цягам дзесяці гадоў у тым ліку і на ўласнікаў кватэраў. Мяркуецца, што гэта будзе зроблена фіксаваным плацяжом у «жыроўках». Напрыклад, для «двухпакаёўкі» на 48 квадратных метраў сям’і з трох чалавек ён складзе адну базавую велічыню, якая роўная сёння 25,5 рубля. Натуральна, што ў многіх чарговы раз узнікне пытанне: а як жа нашы адлічэнні на капітальны рамонт, якія мы рабілі дзесяцігоддзямі?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!