Праца і мова

Нават летам, у той час, калі зусім не хочацца думаць пра сур’ёзныя рэчы, а хочацца марозіва, усё ж не пакідае адчуванне, што народ і ўлада, якая «для народа», жывуць у розных краінах.


На тыдні нас парадаваў Белстат. Паводле яго дадзеных, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі (за вылікам падаткаў, збораў і ўнёскаў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі) у студзені-красавіку 2019 года склалі 107,6% да ўзроўню студзеня-красавіка 2018 года. То-бок, па ідэі, мы сталі багацейшыя аж на 7,6%.

Быццам бы багацце мы заслужылі ўдарнай працай. Як адзначае ведамства, у агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы займае 63,8%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 7,6%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя падобныя рэчы) — 24,2%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 4,4%.

Але нешта слаба адчуваецца гэтае багацце ў кішэнях. Мажліва, не толькі таму, што не вельмі высокі давер да лічбаў Белстата; некаторыя беларусы сваіх заробленых грошай — па статыстыцы ці па-за ёй, — не бачаць увогуле.

У панядзелак палыхнула ў Гатаве. Работнікам прадпрыемства «Праммеханіка» з сакавіка не плацілі заробак, і яны наладзілі страйк. «З сакавіка нам не плацяць зарплату, скажыце, як нам жыць?» — з такімі словамі ў рэдакцыю onliner.by патэлефанавалі працаўнікі прадпрыемства. Па іх словах, вось ужо тры месяцы ім выдаюць заробак часткамі па 20–80 рублёў. Прадпрыемства шмат каму віннае ад 2 да 4 тысяч рублёў.

«Не будзем працаваць да таго моманту, пакуль нам не заплацяць грошы, — кажуць працоўныя. — З сакавіка нам ужо нармальна не плацяць. Кідаюць часткамі, і незразумела як. То 20, то 40, то 80 рублёў. Ты ніколі не ведаеш, якая зарплата табе прыйдзе і калі. А ў нас дзеці, крэдыты».

«Мы ж не філонім, мы добрасумленна выконваем свае абавязкі, — тлумачаць рабочыя. — Трэба было заказ для Краснасельскага цэментнага завода зрабіць, дык заставаліся звыш часу працаваць, суткі працавалі, каб усё здаць. Нам абяцалі грошы — дзе яны? Нічога. Толькі абяцанкі адны... Пацярпіце да пятніцы, кажуць, а ў пятніцу — пацярпіце да панядзелка. І так пацярпіце ды пацярпіце... Колькі ўжо можна?»

Правільна, ніколькі. Таму да рабочых далучыліся іншыя супрацоўнікі, у тым ліку інжынеры, бо іх затрымкі з выплатай заробкаў таксама тычацца. Паводле інфармацыі з прадпрыемства, за апошнія два тыдні са 100 працаўнікоў завода звольніліся каля 20%, у тым ліку частка ІТР.

«Калі хочаш — звальняйся, ніхто не трымае!» — звычайна кажуць «гаспадары» на прадпрыемствах. Маўляў, звольніцеся з працы, трапіце ў шэрагі «дармаедаў», а працы больш нідзе не знойдзеце. Але гэтая «страшылка» ўжо не працуе ў дачыненні да даведзеных да адчаю людзей.

Аднак праца ёсць, але не ў нас. Гэта заўважыла нават польская «Rzeczpospolita». Паводле выдання, тысячы беларусаў едуць на працу ў Польшчу, пры гэтым працоўная міграцыя паскараецца.

Выезды беларусаў на працу ў Польшчу пачаліся два гады таму, піша «Rzeczpospolita». «Тады з Брэсцкай вобласці на працу выехала ў шэсць разоў больш людзей, чым годам раней. Феномен эканамічнай эміграцыі на Захад рос ужо тры гады, але сёлета ён відавочна паскорыўся. Кошт жыцця ў Беларусі супастаўны з коштам у Польшчы, але сярэдні заробак у чатыры разы ніжэйшы», — зазначае газета.

За апошнія 2–3 гады колькасць легальных агенцтваў па працаўладкаванні па наборы персаналу ў Польшчу павялічылася ў некалькі разоў. Цяпер у Сінявокай зарэгістравана больш за 50 кампаній, якія працуюць па ўсёй Беларусі і займаюцца найманнем супрацоўнікаў для польскіх працадаўцаў. Кожны год некалькі тысяч беларусаў з’язджаюць у Польшчу, адзначае «Rzeczpospolita», і дадае, што да 2017 года безумоўным лідарам па колькасці працоўных мігрантаў была Расія. А з гэтага года стала прыкметна расці колькасць тых, хто выехаў на заробкі ў Польшчу з Беларусі.

Беларусаў у Польшчу прыцягвае не толькі заробак. «У гэтым годзе новая з’ява: расце эканамічная эміграцыя спецыялістаў з Беларусі — лекараў, выкладчыкаў і навукоўцаў, — адзначае выданне. — Яны патрэбныя і Польшчы, і прыбалтыйскім рэспублікам — Літве, Латвіі і Эстоніі. Польшча больш прывабная для беларускіх спецыялістаў не толькі з-за вялікага рынку працы, але і з-за мовы. Беларусы хутка вывучаюць польскую, здаюць іспыты і часта працуюць па прафесіі. Яны таксама гатовыя да любой працы, проста каб ім плацілі лепш».

Такім чынам, мы самі выціскаем з краіны сваіх спецыялістаў. А потым скардзімся на недахоп будаўнікоў, лекараў, навукоўцаў… Больш таленавітыя, больш маладыя, больш лёгкія на пад’ём — з’язджаюць. А замяніць іх няма кім. І кіраўніку дзяржавы даводзіцца толькі рабіць «разносы» з-за недахопу кваліфікаваных кадраў.

Калі супаставіць страйк у Гатаве і артыкул у «Rzeczpospolita» — міжволі прыходзіць на памяць рэклама банку «Імперыял» з 1990-х гадоў, калі цар Аляксандр ІІ бачыць, як лебедзям падразаюць крылы, каб яны не зляцелі ў вырай, і кажа: «Карміць трэба, тады не зляцяць».

І з’язджаюць не толькі ў Польшчу. Колькі нашых знайшлі працу ў больш вольнай Украіне ці больш моўна спрыяльнай Расіі?

Дарэчы, для апошніх — не вельмі добрая навіна. Беларусь і Расія дагэтуль не дамовіліся пра адмену роўмінгу паміж дзвюма краінамі. Гэта планавалася зрабіць у межах «Саюзнай дзяржавы», пра якую зараз так клапоціцца Пуцін. Але працэс узгаднення і ўдакладнення пытання адмены «саюзнага» роўмінгу працягваецца, паведаміў дэпутат Нацыянальнага сходу Андрэй Наўмовіч.

Група высокага ўзроўню 26 лютага 2019 года сваім пратакольным рашэннем рэкамендавала адпаведным міністэрствам унесці на разгляд урадаў дзвюх краін узгодненую пазіцыю па пытанні аб адмене роўмінгу на тэрыторыі «Саюзнай дзяржавы». «Аднак міністэрствы не змаглі выканаць пратакольнае рашэнне з прычыны рознага разумення асобных пытанняў, змест якіх кожны з бакоў накіраваў на разгляд ва ўрады Беларусі і Расіі», — сказаў Наўмовіч.

Так што і аднолькавая мова не заўсёды дапамагае.

Але ёсць і прыемныя моўныя навіны. У папулярным у Беларусі месенджары Viber з’явілася беларуская мова. Цяпер можна ўсталяваць сабе на мабільны тэлефон беларускую версію. Праўда, яна пакуль тэставая.

Як зрабіць месенджар беларускамоўным? Трэба спампаваць апошнюю версію Viber, зайсці ў «Налады», выбраць «Агульная» і паставіць галачку насупраць «беларуская».

Раней беларуская мова з’явілася ў «Аднакласніках». Цікава, калі яна з’явіцца ў кіраўніцтва Беларусі?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: