Працуе толькі ў Парку. 40 га зямлі ў «Вялікім камені» знаходзіцца ў прыватнай уласнасці

40 гектараў зямлі ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» набылі ў прыватную ўласнасць. Пра гэта TUT.BY распавёў першы намеснік гендырэктара «Кампаніі па развіцці індустрыяльнага парку» Кірыл Карацееў.

«40 га рэалізавана ў прыватную ўласнасць, 123 га здадзена ў доўгатэрміновую арэнду», — сказаў ён.

Варта адзначыць, што ў Беларусі прыватная ўласнасць на зямлю з'яўляецца прадметам доўгіх дыскусій. Заканадаўча яна як бы існуе, але на практыцы гэта далёка не так.

Карацееў нагадаў, што ў Беларусі ўласнасць на зямлю для недзяржаўных кампаній прадугледжана Кодэксам аб зямлі. Купіць участак можна з аўкцыёну, пры заключэнні інвестыцыйнага дагавора з Рэспублікай Беларусь, пры арганізацыі вытворчасці ў сельскай мясцовасці, альбо пры куплі зямлі адначасова з капітальным будынкам.

— Але гэта ў тэорыі, і яшчэ з цэлым шэрагам агаворак і абмежаванняў. А на практыцы прыватная ўласнасць «працуе» толькі ў парку. І без падводных камянёў, — адзначае Карацееў. — Участак можна перадаваць у заклад ці ў статутны фонд, прадаваць. Адзінае патрабаванне, але яно празрыстае і зразумелае пакупніку-інвестару адразу, — інвестыцыйны праект павінен адпавядаць крытэрам парку «Вялікі камень». Мы ўжо напрацавалі адпаведную практыку, вопыт ёсць і ў рэгіструючых органаў — усё адбываецца досыць аператыўна і дакладна.

Як адзначыў Кірыл Карацееў, гэтай опцыяй карыстаюцца пераважна кампаніі з заходнім капіталам. Для іх прыватная ўласнасць важная з пункту гледжання актыву і пэўных гарантый.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!