Прадпрымальнікам вынеслі прысуд?

Намеснік старшыні РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук пракаментаваў словы кіраўніка краіны, што “з 1 студзеня скончыліся мядовыя гады” прадпрымальнікаў.



Фота naviny.by


Пакуль ІП-эшнікі не працуюць і чакаюць нейкага станоўчага для сябе рашэння з боку ўладаў, Аляксандр Лукашэнка даў ім своеасаблівы завочны адказ: «З 1 студзеня скончыліся іх мядовыя гады, і трэба працаваць у роўных умовах, па адпаведных дакументах. Ім трэба разумець, што сертыфікацыя прадукцыі, на якую мы пайшлі, — гэта першы крок. Ёсць тавар — усе суправаджальныя дакументы павінны быць. Мы павінны празрыста гандляваць, і хопіць вакол гэтага нейкія падкопы ладзіць».

Ці азначае гэта, што ўлада ўжо вынесла прадпрымальнікам прысуд?

— Нам, відаць, далі зразумець, што ні на якія саступкі ўлады больш не пойдуць. Хоць у той жа час бачна, што сітуацыя, якая склалася вакол ІП, таксама балючае пытанне для кіраўніка краіны, калі ён ужо ўзгадвае пра яго на нарадзе памежнікаў, — адзначыў Вячаслаў Піліпук.

— Калі ўлада не пойдзе ні на якія саступкі, што будуць рабіць прадпрымальнікі далей?

— Наколькі мне вядома, зараз людзі збіраюцца ў гандлёвых цэнтрах і шукаюць шляхі выхаду. Даводзіцца чуць, што трэба ўсім разам ісці да мясцовай улады, размаўляць з ёй і сумесна знаходзіць нейкі кампраміс у плане таго, як жыць і працаваць далей. Бо прыняты указ проста выкінуў народ на вуліцу, пазбавіўшы працы.

— Па некаторай інфармацыі, асобныя прадпрымальнікі зараз працягваюць распрадаваць рэшту несертыфікаванага тавару, а падаткавікі быццам бы і не лютуюць з праверкамі…

— Ёсць такі момант, бо праблема вельмі балючая і складаная. Мы сустракаліся з прадстаўнікамі Міністэрства па падатках і зборах, Мінэканомікі і ведаем, што створана працоўная камісія з трох ведамстваў, куды ўвайшлі чыноўнікі гэтых двух структур, а таксама Мінгандлю. Магчыма, ужо у панядзелак імі будзе прынятае нейкае рашэнне. А можа яно ўжо сёння ёсць.

— Што вырашыць гэтая група, калі кіраўнік краіны даў зразумець, што ніякіх прынцыповых саступак не будзе?

— Я таксама мяркую, што нічога асаблівага не вырашыць. Магчыма, групу і ствараюць, каб збіць градус накалу ў прадпрымальнікаў. Гэта бачна яшчэ і па паводзінах асобных чыноўнікаў. Адзін з іх на форуме казаў, здаецца, правільныя рэчы, а ўжо праз некалькі дзён заяўляў, што, калі ІП не выйдуць на працу, то людзі будуць прыцягвацца да адказнасці за парушэнне рэжыму працы.

Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: