Прадпрымальнікі будуць працаваць, пакуль не пойдуць рэйды з канфіскацыяй

Так пракаментаваў указ Лукашэнкі па прадпрымальніках кіраўнік аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.



Фота — svaboda.org


Як паведамляла Еўрарадыё, 16 траўня кіраўнік Беларусі падпісаў указ па дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Ад 1 ліпеня яны павінны мець дакументы на набыццё ўсіх тавараў, якія прадаюць. Рэшту тавараў, увезеную да гэтага тэрміну без дакументаў, яны могуць прадаваць да 1 сакавіка 2015 года.

Па словах Анатоля Шумчанкі, гэты ўказ быў падрыхтаваны чыноўнікамі, якія спадзяюцца такім чынам разгрузіць склады за кошт індывідуальных прадпрымальнікаў. Прапановы саміх дробных прадпрымальнікаў, кажа Шумчанка, аўтары ўказу не пачулі.

Шумчанка: "Гэты ўказ працягнуў спадар Пракаповіч (віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч. — Еўрарадыё), які лічыць, што гэта шлях у напрамку цывілізацыі. Мы так не лічым, мы лічым па-іншаму. Нас рассудзіць час і само жыццё. І ў гэтым плане я хачу сказаць, што можна падпісаць усё што заўгодна. Пытанне ў іншым — як гэта выканаць, і ці будзе гэты ўказ жыццяздольным".

Разам з тым Шумчанка ўпэўнены, што чакаць прадпрымальніцкіх страйкаў не варта — указ дазваляе ІП гандляваць таварамі без дакументаў прынамсі да сакавіка 2015 года.

Лідар прадпрымальніцкага аб'яднання мяркуе, што ІП працягнуць вазіць тавары без дакументаў аж да той пары, пакуль улады не пачнуць рэйды з канфіскацыяй такіх тавараў. Прагназаваць развіццё падзеяў у такім выпадку Шумчанка не бярэцца.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!