Прадпрымальнікі спынілі працу — праверкі скончыліся

Намеснік старшыні РГА «Перспектыва» Вячаслаў Піліпук распавёў, што сёння хвалюе прадпрымальнікаў.




— Калі казаць пра праверкі прадпрымальнікаў, то яны перыядычна здараюцца, — кажа Вячаслаў Піліпук. — Напрыклад, на аптова-рознічным рынку «Паўднёвы» ў Гродна ІП-эшнікі дружна спынілі працу, калі іх пачалі правяраць. Усё — праверкі адразу скончыліся! Мы пра гэтую сітуацыю, дарэчы, распавялі ў Дэпартаменце па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі і дадалі, што лепш было б весці канструктыўны дыялог. У бліжэйшы час, дарэчы, хочам арганізаваць «Круглы стол» на базе Мінэканомікі з удзелам прадстаўнікоў Дзяржстандарту і Міністэрства па падатках і зборах. Трэба падымаць не толькі пытанні сертыфікацыі тавараў і суправаджальных дакументаў, але і падаткаў. У нас ёсць інфармацыя, што ўжо ідуць размовы ў высокіх кабінетах аб увядзенні патэнтнай сістэмы для беларускіх прадпрымальнікаў. Паводле расійскага ўзору.

Наколькі гэта слушная прапанова?

— Мы яе ўжо даўно прасоўвалі, але тады чамусьці нашу ідэю чыноўнікі ўспрынялі не вельмі добра. Маўляў, у Расіі іншая сітуацыя, чым у Беларусі. Але ў той сітуацыі, у якой зараз знаходзіцца беларуская эканоміка, патэнтная сістэма былы б цікавай ідэяй. Таму што адзіны падатак усё роўна сёння высокі для прадпрымальнікаў, і, да таго ж, яго пастаянна падвышаюць. Можа быць, раней улады і не гатовы былі да патэнтнай сістэмы, бо дзяржаўная машына, як кажуць, доўга заводзіцца. Улады спачатку ўкараняюць нейкую сістэму, а затым глядзяць на вынік. Вось, напрыклад, трымаліся за адзіны падатак, а зараз глядзяць, што зборы падаюць. Прадпрымальнікі сталі зачыняцца, многія з’ехалі ў Расію працаваць. Калі паступленні ў бюджэт пачалі зніжацца, то і сталі шукаць іншыя варыянты, каб залагодзіць прадпрымальнікаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: