Прагноз: рост ВУП замарудзіцца, рубель будзе губляць да 9% штогод у бліжэйшыя 5 гадоў

Адна з галоўных умоў сцэнара, у якім адбудзецца запаволенне росту ВУП, — Расія не кампенсуе наступствы падатковага манеўру.
Даследчы цэнтр ІПМ прэзентаваў абноўлены макраэканамічны прагноз, аўтары папярэджваюць аб зніжэнні доўгатэрміновых тэмпаў росту ў Беларусі.

«ВУП Беларусі расце вельмі слаба. Знешняе асяроддзе пакуль для нас неспрыяльнае. Рост забяспечвае толькі ІТ-сектар. З 2010 года від дзейнасці „інфармацыя і сувязь“ быў адзіным, які не падаў нават у крызісныя перыяды. Па стане за 10 месяцаў гэтага года, уклад ІТ-сектара перавысіў сумарны ўклад у ВУП Беларусі будаўнічай галіны, прамысловасці і сельскай гаспадаркі», — адзначыў дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык на прэзентацыі абноўленага прагнозу.

Запаволенне

У 2 квартале гэтага года эканамічны рост запаволіўся да 0.5%. Асноўнай прычынай замаруджвання стала паступленне ў беларускі нафтаправод і на беларускія НПЗ забруджанай расійскай нафты, што прывяло да падзення экспарту тавараў і запаволеньня росту экспарту паслуг. Таму даволі ўпэўнены рост унутранага попыту не прывёў да паскарэння росту ВУП, а толькі ўтрымаў яго ад падзення.

Інфляцыя

Інфляцыя застаецца нязначна вышэй мэты Нацыянальнага банка ў 5%: у кастрычніку гадавы прырост спажывецкіх цэн захаваўся на ўзроўні папярэдняга месяца і склаў 5.3%. Да чэрвеня тэндэнцыя да зніжэння сезонна скарэктаванай інфляцыі была ўстойлівай і пасля скачка цэн у ліпені гэтая тэндэнцыя аднавілася. Такая дынаміка дазволіла Нацбанку знізіць з 20 лістапада стаўку рэфінансавання на 0.5 адсоткавага пункта да 9% гадавых.

Манетарная палітыка

Умацаванню валютнага курсу па прычыне залішняй прапановы на валютным рынку шмат у чым спрыяе жорсткая падаткова-бюджэтная палітыка. У цяперашні час працэнтная палітыка з’яўляецца нейтральнай, а рэальны абменны курс пераацэнены. Існуючая ў Беларусі прыбытковасць на капітал і запаволенне патэнцыйнага росту на фоне агульнасусветнай тэндэнцыі да зніжэння раўнаважкіх працэнтных ставак кажуць на карысць больш нізкай раўнаважкай працэнтнай стаўкі.

Зарплата абганяе вытворчасць

«Ужо даволі доўга зарплата расце хутчэй прадукцыйнасці працы, — адзначыў Аляксандр Чубрык. — Прычым даволі істотна: у апошні квартал на 7%. Калі мы паглядзім у рэальным выразе, то разрыў яшчэ больш і яшчэ даўжэй — ужо 30 месяцаў запар тэмпы росту рэальнай зарплаты перавышае тэмпы росту рэальнай прадукцыйнасці працы. На мой погляд, ключавая прычына — у росце праблем на рынку працы, унутраная і знешняя міграцыя. Банальна і дзяржава, і прыватныя працадаўцы канкуруюць за работнікаў з Мінскам, з суседнімі краінамі і таму вымушаныя падвышаць зарплату. Плюс перадвыбарчая сітуацыя — бюджэтнікі, пенсіянеры».

Валютны курс

Умацаванню курса спрыяў прыток валюты. Асноўная прычына ляжыць у жорсткай бюджэтнай палітыцы, якая падвысіла зберажэнні эканомікі. Купляючы валюту на рынку ў рамках устаноўленых правілаў, Нацыянальны банк істотна папоўніў золатавалютныя рэзервы: на 1 лістапада аб’ём ЗВР склаў 9.2 млрд долараў. У цэлым сітуацыя з ЗВР здаецца прымальнай: з улікам рызык сусветнай рэцэсіі, а таксама неабходнасці аддаваць даўгі ў памеры каля 3.5 млрд долараў штогод на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў, фармаванне запасаў у спрыяльны перыяд з’яўляецца аптымальнай стратэгіяй.

Інфляцыйныя чаканні

У жніўні інфляцыйныя чаканні некалькі зрушыліся ў бок паскарэння росту інфляцыі ў параўнанні з маем. У лістападзе доля рэспандэнтаў апытанняў Нацбанка, якія чакаюць, што цэны будуць расці хутчэй, працягнула павялічвацца — і тут можа гуляць ролю ўжо не мінулая дынаміка цэн, а ўласна чаканні. Інфармацыйны фон (рост напружанасці ў адносінах з Расіяй, блізкасць прэзідэнцкіх выбараў і рыторыка аб неабходнасці павышэння даходаў) можа падсілкоўваць інфляцыйныя чаканні насельніцтва.

Галоўная пагроза

Колькасная ацэнка наступстваў расійскага падатковага манеўру неаднаразова прыводзілася рознымі арганізацыямі (Міністэрствам фінансаў, рэйтынгавымі агенцтвамі), аднак не дэталізавалася. Па ацэнцы Даследчага цэнтра ІПМ, найбольш значны ўплыў манеўру будзе адбівацца на беларускай эканоміцы ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве. У сярэднетэрміновым перыядзе падатковы манеўр будзе ўплываць на эканоміку Беларусі па каналах падаткова-бюджэтнай палітыкі, карэкціроўкі плацёжнага балансу, росту коштаў на паліва, зніжэння прыбытковасці НПЗ і аб’ёмаў перапрацоўкі нафты, зніжэння тэмпаў росту ВУП, у тым ліку патэнцыйных. Прамыя страты бюджэту ўключаюць у сябе страты ад залічаных пошлін і зніжэння прыбытку НПЗ.

Досыць складана разлічыць ускосныя страты бюджэту ад зніжэння патэнцыяльнага эканамічнага росту, а таксама ад неабходнасці несці расходы па крэдытах, звязаных з мадэрнізацыяй НПЗ (хутчэй за ўсё, праз рэфінансаванне банкаў). Дадзеныя страты былі ўлічаны пры разліку прагнозу з дапамогай экспертных ацэнак. Палітыка рэфінансавання дзярждоўгу на ўзроўні 75% і разрыў фінансавання бюджэту, звязаны з рэалізацыяй падатковага манеўру, па словах Чубрыка, запатрабуе продажу сродкаў ЗВР на 3.2 млрд долараў да 2024 года. Акрамя таго, спатрэбіцца далейшая бюджэтная кансалідацыя і скарачэнне рэшткаў сродкаў Мінфіна ў Нацбанку (як у валюце, так і ў рублях), а таксама, верагодна, дадатковыя рублёвыя пазыкі, памер якіх ацаніць складана ва ўмовах нявызначанасці з нагоды абменнага курсу і нават аб’ёмаў перапрацоўкі нафты і экспарту нафтапрадуктаў. У сваю чаргу, прамое зніжэнне даходаў бюджэту праз бюджэтны мультыплікатар паўплывае на тэмпы эканамічнага росту, а таксама паўплывае на інфляцыю. Уплыў на бягучы рахунак плацёжнага балансу адбываецца праз зніжэнне экспарту нафтапрадуктаў з прычыны падзення рэнтабельнасці паставак і скарачэння даходаў ад экспартных пошлін і «перамытнёўкі».

У доўгатэрміновай перспектыве падатковы манеўр прывядзе да яшчэ большай страты ўзаемасувязяў паміж эканомікамі Беларусі і Расіі праз зніжэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў (перш за ўсё на расійскім рынку) з-за захавання няроўных умоў гаспадарання: беларускі ўрад «не пацягне» субсідаванне паставак НПЗ на ўнутраны рынак.

Адзінай магчымай доўгатэрміновай стратэгіяй ўрада пры няроўных умовах гаспадарання і страты канкурэнтаздольнасці будзе скарачэнне падтрымкі рэальнага сектара і скарачэнне самога рэальнага сектара, у найбольшай ступені які залежыць ад такой падтрымкі (і арыентаванага, як правіла, на гандаль з Расіяй). Першыя рашэнні ўжо прынятыя ў гэтым годзе: у межах кансалідацыі бюджэту Міністэрства фінансаў анансавала адмову ад бюджэтнай падтрымкі інвестыцыйных праграм рэальнага сектара.

У канчатковым выніку доўгатэрміновы эфект расійскага падатковага манеўру для Беларусі будзе выяўляцца ў зніжэнні доўгатэрміновых тэмпаў росту ў Беларусі і зніжэнні патэнцыялу гандлёвага ўзаемадзеяння дзвюх краін.

Прагноз для эканомікі Беларусі

Даследчы цэнтр ІПМ разгледзеў варыянт прагнозу для беларускай эканомікі з улікам негатыўнага ўплыву на эканоміку падатковага манеўру. Умовы сцэнара:
  • Расійская Федэрацыя не кампенсуе наступствы падатковага манеўру;
  • У Міністэрства фінансаў Беларусі атрымаецца рэалізаваць сярэднетэрміновую стратэгію кіравання дзярждоўгам, якая прадугледжвае рэфінансаванне 75% ад аб’ёмаў да пагашэння кожны год у плыні некалькіх бліжэйшых гадоў;
  • Даходы ад «перамытнёўкі» 6 млн тон нафты з 2020 года спыняюцца.
Тэмпы росту патэнцыйнага ВУП перастаюць аднаўляцца з сярэдзіны 2020 года з прычыны нявызначанасці для беларускай эканомікі, кансалідацыі бюджэту па меры вычарпання запасаў на рахунках Мінфіна, больш жорсткай бюджэтнай палітыкі, зніжэння інвестыцыйных выдаткаў бюджэту.

Патэнцыял эканамічнага росту зніжаецца ў сярэднім на 0.9% да 2024 года па прычыне перманентнага шоку страт ад расійскага падатковага манеўру (адносна патэнцыйнага росту ў 2% у год пры адсутнасці падатковага манеўру). Раўнаважкія тэмпы росту складуць у бліжэйшыя некалькі гадоў 0.8-1.4% у год.

Рэальны абменны курс таксама памяняе сваё раўнаважнае значэнне, у 2021-2024 гадах спатрэбіцца яго паслабленне для карэкціроўкі бягучага рахунку плацёжнага балансу ў сярэднім на 5-6% штогод, што ў асноўным будзе адбывацца за кошт намінальнага абясцэнення рубля, тэмпы якога ў 2021-2024 гадах могуць скласці ў сярэднім 7-9% у год. Раўнаважны РЭК будзе аслабляцца з прычыны ўплыву падатковага манеўру, які звязаны са зніжэннем прадукцыйнасці эканомікі і доўгатэрміновым негатыўным эфектам падатковага манеўру на плацёжны баланс.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: