Пракурор запрасіў для былога намесніка кіраўніка Мінска 13 гадоў калоніі

Падыходзіць да завяршэння судовае разбіральніцтва па справе былога намесніка кіраўніка Мінска Андрэя Дамарацкага. Пракурор Аляксандр Талстагузаў заявіў, што віна экс-чыноўніка па трох карупцыйных злачынствах даказаная ў поўным аб'ёме і просіць прысудзіць яго да 13 гадоў пазбаўлення волі. 
Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Дамарацкі з першага дня затрымання і пасля ў судзе не прызнаваў віну ні па адным эпізодзе, у якім яго абвінавачваюць. Сёння ён заявіў:

— Вы можаце мяне хоць расстраляць, я не прасіў ніякія прэміі, ніякія незаконныя ўзнагароджанні не прымаў. 20 гадоў я добрасумленна працаваў на нашу дзяржаву, гэта могуць пацвердзіць усе, хто працаваў разам са мной. Я гатовы ўсе свае словы паўтарыць на паліграфе, але чамусьці ні мяне, ні сведак не дапыталі з прымяненнем дэтэктара хлусні.

Адвакат Дзмітрый Гарачка пачаў выступ у спрэчках са слоў: «Я ў шоку ад таго абвінавачвання і меры пакарання, якую папрасіў прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачвання». І прывёў у прыклад справу Сяргея Барысевіча, былога начальніка галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынка (ГУСР), яго затрымалі да Дамарацкага. Барысевіч, паводле прысуду, атрымаў хабараў на суму каля 170 тысяч долараў. Дамарацкі, згодна абвінавачвання, — 3,5 тысячы. Барысевіча прысудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі, Дамарацкага пракурор просіць адправіць у калонію на 13 гадоў.

Нагадаем, Андрэя Дамарацкага абвінавачваюць адразу па трох карупцыйных артыкулах. Першае — атрыманне хабару на суму 2,5 тысячы долараў (ч.3 арт. 430 КК) за дапамогу ў спрыяльным вырашэнні пытання па размяшчэнні летняга кафэ Golden coffee на вуліцы Кірава ў Мінску. Па логіцы абвінавачвання, фірма «Фудстайл» хацела атрымліваць грошы ад працы кафэ, уласнік памяшкання Васіль Садоўскі хацеў атрымліваць грошы за арэнду, яго прыяцель бізнесмен Дзмітрый Валадзько бясплатна дапамагаў аднаму і перадаў хабар чыноўніку, а Дамарацкі ўзяў 2,5 тысячы долараў, каб узбагаціцца. Садоўскі ў судзе заявіў, што грошы ў якасці хабару не перадаваў, Дамарацкага не ведаў, прызнальныя паказанні напісаў пад дыктоўку следчага, бо хацеў хутчэй вярнуцца дадому — у КДБ яго забралі ў 12 дня, адпусцілі ў 12 ночы. Валадзько прытрымліваецца сваіх паказанняў, якія даў раней: быў пасярэднікам паміж Садоўскім і Дамарацкім. Праўда, як перадаваў грошы, не памятае. Відэазапісы, якая б пацвярджала яго словы, а таксама ўзяцця на месцы злачынства не было.

Другі эпізод абвінавачання — злоўжыванне ўладай (ч.2 арт. 424 КК): Дамарацкі аддаваў загады, у выніку чаго бюджэт горада не атрымаў 3 млн рублёў. Тут важна нагадаць, што ў верасні 2018 года Андрэй Дамарацкі сышоў з пасады намеснік кіраўніка горада (у рамках аптымізацыі) і стаў начальнікам галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама. У 2007 годзе ў цэнтры Мінска быў пабудаваны гандлёвы цэнтр «Сталіца», належыць ён гораду. Крэдыт на будаўніцтва брала галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку, гарантам па выплаце з'яўляўся заснавальнік — Мінгарвыканкам. Грошы з арэнды гандлёвых плошчаў ГУСР павінна было пералічваць на пагашэнне крэдыту. Паводле рашэння ўладаў горада, пры выкананні ўсіх прагнозных паказчыкаў ГУСР магло не пералічваць у бюджэт Мінска 25% ад атрыманай арэнды, а накіроўваць сродкі на патрэбы ўпраўлення. Па заключэнні Камітэта дзяржкантролю, ГУСР штучна завысіла паказчыкі і «неабгрунтавана зэканоміла» тыя самыя 25%, а значыць, гэта шкода бюджэту горада. Куды ж пайшлі «неабгрунтавана зэканомленыя» сродкі? На пагашэнне крэдыту за будаўніцтва «Сталіцы». Тых 75%, якія ГУСР атрымлівала, проста не хапала, каб закрыць цалкам плацяжы. Калі б ГУСР не заплаціла гэтыя грошы, давялося б плаціць Мінгарвыканкаму як гаранту па крэдыце, тады сродкі давялося б адбіраць з мясцовага бюджэту. 17 чэрвеня дзяржабвінаваўца адмовіўся ад фармулёўкі «нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры», засталася фармулёўка «шкода дзяржаўным інтарэсам».

Трэцяе — незаконнае атрыманне прэміі на суму каля 1 тысячы долараў за штучна завышаныя паказчыкі работы ГУСР. Прэмію, дарэчы, ўзгадніў былы кіраўнік Мінска Андрэй Шорац. Дамарацкі вярнуў прэмію за два месяцы да яго затрымання, як толькі ўбачыў, што не сыходзяцца паказчыкі. Бухгалтар прыняла грошы, гэта дакументальна пацверджана.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: