Прапагандай рэформы не заменіш!

Так, у Беларусі прыпыніліся масавыя пратэсты — вясна пакуль халодная, дый сілавікоў ганяюць штонядзелю туды-сюды. Але кожны тыдзень з’яўляюцца навіны, якія «хістаюць рэжым».


Бадай, галоўнай з іх за тыдзень было тое, што ЗША аднаўляюць прыпыненыя ў 2015 годзе эканамічныя санкцыі. Кажуць, што ўмовай іх неўзнаўлення быў выпуск да 26 красавіка ўсіх палітвязняў у Беларусі, колькасць якіх на сёння перавысіла 325 чалавек. У спісе тых, хто акажацца пад санкцыямі, — прадпрыемствы, звязаныя з нафтавай галіной: «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Белнафтахім», «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан», «Полацк Шкловалакно».

Падавалася б, прадпрыемствы, хоць і буйныя, але іх няшмат, і Беларусь гэтыя санкцыі перажыве, як перажывала іх і раней. Але, насамрэч, свет змяніўся, і санкцыі змяніліся таксама: цяпер яны тычацца не толькі непасрэдна прадпрыемстваў. Пад амерыканскую забарону могуць трапіць і тыя кампаніі, якія вядуць справы са згаданымі вышэй прадпрыемствамі. А гэта не толькі пакупнікі і прадаўцы беларускай прадукцыі, але і, напрыклад, банкі, якія праводзяць плацяжы.

Адзін з супрацоўнікаў «Белнафтахіма» кажа, што гэта вельмі сур’ёзна. Напрыклад, шмат прадукцыі канцэрна перавозіцца марскім шляхам. Але тут ёсць нюанс: лагістычныя цэнтры знаходзяцца ў Ратэрдаме і Гамбургу, а ўжо адтуль прадукцыя як «Белнафтахіма», так і для «Белнафтахіма» ідзе да кліентаў. «Адпаведна, ёсць вялікая верагоднасць арышту грузаў у Еўропе», — піша прадстаўнік прадпрыемстваў у адным з тэлеграм-каналаў.

Хаця мог бы і не пісаць. Пра сур’ёзнасць санкцый, якія яшчэ нават не пачалі дзейнічаць, заявілі самі ўлады. «Гродна Азот» арганізаваў тэндар на перавозку сваёй прадукцыі коштам аж 5 мільёнаў долараў. Адна з ўмоў тэндару — не паказваць, што гэта прадукцыя «Гродна Азот».

Беларуская дыпламатыя зноў, паводле трапнага выразу аднаго з нашых чыноўнікаў МЗС, «пацярпела чарговую перамогу». Украінская дэлегацыя ў Трохбаковай кантактнай групе па Данбасе не будзе наведваць Мінск для непасрэдных перамоў і сустрэч. Пасля адмены каранціну неабходна шукаць іншую краіну. Пра гэта віцэ-прэм’ер-міністр — міністр па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны Аляксей Рэзнікаў сказаў у эфіры праграмы «Свабода слова» на тэлеканале ICTV.

«Мы катэгарычна паведамілі, што не будзем удзельнічаць у пасяджэннях Трохбаковай кантактнай групы, калі раптам завершыцца каранцін і будзе прапанавана працягнуць гэтыя кансультацыі, як раней, непасрэдна ў Мінску. Мы патлумачылі, што ўкраінская дэлегацыя не будзе накіроўваць сваіх чальцоў дэлегацыі ў Мінск для сустрэч у рэальным жыцці, усё роўна давядзецца шукаць іншую краіну, іншы горад», — сказаў Рэзнікаў.
Усё таму, што ва Украіне няма даверу да Мінска.

Цікавы выпадак адбыўся ў Мінску, на дзяржаўным малаказаводзе №1. Кіраўніцтва завода ўвяло «дадаткі да кантракта», якія прадугледжвалі ўсеагульную матэрыяльную адказнасць. Людзям, якія абурыліся гэтай сістэмай, звыкла было сказана: «Не падабаецца — звальняйцеся!»

А людзі ўзялі і звольніліся. «Божа, гэта самы шчаслівы дзень у маім жыцці. Я працавала майстрам. Яны нядаўна нам панізілі тарыфную стаўку, а цяпер адказнасць гэтая... Працавалі амаль суткамі. Спачатку было 12 гадзін, потым 24. Потым 16, 19... Гэта значыць, прыйшла а 7-й раніцы, сышла праз суткі, дзень, каб адаспацца, выхадны — і зноў на сутачную змену. За гэта можна было зарабіць ад 700 да 850 рублёў», — распавяла адна з працоўных «Анлайнеру». «Нам усё жыццё тут гаварылі, што незаменных людзей няма, што чарга ў аддзел кадраў вялізная. Цяпер у іх ёсць магчымасць гэта паказаць», — казалі іншыя.

У выніку новую дамову не падпісалі 94 чалавекі, 63 звольніліся, а канфлікт прыехала «разрульваць» кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама. Звольненым супрацоўнікам цяпер прапануюць вярнуцца, а дырэктара абяцалі замяніць.

Вось што адбываецца, калі народ перастае баяцца. На ГМЗ-1 людзі ўяўна паказалі, хто гаспадар на прадпрыемстве і ад каго яно залежыць больш — ад рабочага альбо ад дырэктара.
Аднак трэба яшчэ паглядзець, ці не падмануць рабочых і ці сапраўды здымуць дырэктара. Таму застаецца і пытанне паўторнага масавага звальнення.

Яшчэ адна структура, што цвяроза ацаніла сітуацыю, — Нацбанк, які не паглядзеў на афіцыйны прагнозны паказчык інфляцыі ў 5%. Рэгулятар заявіў, што чакае па выніках года інфляцыю на ўзроўні не ніжэй за 7,2%.
Характэрна, што адным з фактараў, якія ўплываюць на зніжэнне тэмпаў інфляцыі, спецыялісты Нацбанка назвалі зніжэнне ўзроўню спажывецкага імпарту, што захаваецца на працягу мінімум двух гадоў. А падзенне спажывецкага попыту, у тым ліку і на імпартныя тавары, тлумачыцца толькі зніжэннем узроўню даходаў насельніцтва.

Пагадзіцеся, гэта не вельмі карэлюецца з «пераможнымі рэляцыямі» ўрада і Белстата пра тое, што «рэальны заробак у Беларусі вырас на 4,2%».

І такіх дробненькіх, але паказальных навін — вельмі багата. Нашым нібыта «ўладам» жыццё ці не кожны дзень падказвае: немагчыма жыць і працаваць як раней, па-старому. Ці не першы раз ім гэта гучна заявілі 9 жніўня 2020-га. Але ў спробах затармазіць час кіраўнікі толькі капаюць сабе яму, з якой наўрад ці атрымаецца выкараскацца.

Тэлевізійныя заклінанні, што «ўсё добра», не адмяняюць рэальнага стану рэчаў. Прапаганда толькі маскіруе рэальнасць і проста замінае шукаць адэкватныя рашэнні па выхадзе з крызісу, у якім мы аказаліся.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: