Запазычанасць прадпрыемстваў па крэдытах за 2015 год вырасла больш чым удвая

На 1 студзеня 2016 года пратэрмінаваная запазычанасць суб'ектаў гаспадарання па крэдытах і пазыках склала 14 трлн. 806,4 млрд. рублёў. За 2015 год яна павялічылася ў 2,25 разу, у тым ліку за снежань 2015 года — на 2,4%.



Фота з сайта belapan.by


У цэлым запазычанасць па крэдытах і пазыках склала 567 трлн. 901,3 млрд. рублёў, што ў 1,5 разу больш, чым годам раней, і на 3,8% больш, чым на 1 снежня 2015 года, паведамляе Белстат.


Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць за год вырасла ў 1,51 разу да 57 трлн. 978.9 млрд. рублёў, за снежань 2015 года — на 0,3%. Знешняя пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць павялічылася за год на 54,8% і на 1 студзеня 2016 года склала 11 трлн. 891,4 млрд. рублёў. За снежань яна вырасла на 1,5%.


Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць павялічылася за год на 49,3% да 60 трлн. 416,7 млрд. рублёў, за снежань — на 1,1%. Знешняя пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць павялічылася за год у 1,77 разу і на 1 студзеня 2016 года склала 10 трлн. 450 млрд. рублёў. За снежань 2015 года — знізілася на 2,7%.


Сумарная запазычанасць на 1 студзеня 2016 года склала 921 трлн. рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з 1 студзеня 2015 года на 39%, дэбіторская запазычанасць — 269,8 трлн. рублёў (рост на 23,3% пры росце цэн вытворцаў прамысловай прадукцыі за гэты перыяд на 16%).


Эканамісты звязваюць рост пратэрмінаванай запазычанасці з немагчымасцю прадпрыемстваў вярнуць выдадзеныя дзяржавай і камерцыйнымі банкамі крэдыты, у тым ліку льготныя.


"Дзяржава ўсяляк спрабуе адцягваць рэформы і ідзе па шляху Савецкага Саюза, які спрабаваў выратаваць сацыялізм. Улады сёння схільныя завальваць грашыма праблемныя прадпрыемствы, каб не дапусціць масавых забастовак, чым праводзіць рынкавыя рэформы", — лічыць кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.


"Праз год, хутчэй за ўсё, прадпрыемствы, якіх сёння ратуе дзяржава, назапасяць новую запазычанасць. Чаму? Таму што ў рэальнасці іх праблемы з фінансавым становішчам з'яўляюцца не следствам высокіх ставак па крэдытах, а звязаныя з тым, што яны вырабляюць неканкурэнтаздольную прадукцыю і змярцвляюць фінансавыя рэсурсы", — заявіў эканаміст Сяргей Чалы.
 
 
Марына Носава, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: