Прэм'ер-міністр Латвіі: Латвійскі ўрад не прымаў рашэнне закупляць электрычнасць у Беларусі

Урад Латвіі не прымаў рашэнне аб куплі электраэнергіі ў Беларусі. Пра гэта, як паведамляе партал skaties.lv, заявіў прэм'ер-міністр краіны Крыш'яніс Карыньш.
Крыш

Крыш'яніс Карыньш, фота mk.gov.lv

Каментуючы словы прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы пра тое, што ўрад Латвіі прыняў рашэнне закупляць электраэнергію, якая будзе вырабляцца на Беларускай АЭС, прэм'ер-міністр Латвіі заявіў, што «паўстала непаразуменне».

«Баюся, ён [прэзідэнт Літвы], можа быць, не зусім дасведчаны аб тым, што адбываецца. Магу паўтарыць: урад Латвіі не вырашыў купляць электраэнергію ў Беларусі. Гэта зусім не так», — заявіў Карыньш.

Нагадаем, 14 жніўня прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў, што ўрад Латвіі прыняў рашэнне закупляць электраэнергію, якая будзе вырабляцца на БелАЭС.

Да гэтага на сайце Мінэканомікі Латвіі з'явілася афіцыйнае паведамленне аб тым, што Кабінет міністраў Латвіі падтрымаў прапанову Міністэрства эканомікі краіны датычна пераносу гандлю электраэнергіяй з Беларуссю з літоўскай на латвійскую мяжу. І даручыў латвійскаму аператару сістэмы перадачы электраэнергіі пачаць працу па распрацоўцы новай метадалогіі гандлёвых магутнасцяў, якая адкрые латвійска-расійскую мяжу для гандлю электраэнергіяй пасля таго, як Літва спыніць гандляваць электраэнергіяй з Беларуссю.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: