Прэвентыўны ўдар Нацбанка: рэгулятар папярэдзіў пра рызыкі «мэтавай эмісіі» для стымулявання роста

У Нацбанку папярэджваюць пра рызыкі уключэння друкарскага станка для стымулявання эканамічнага росту. У свежым нумары «Банкаўскага весніка» апублікаваны сумесны артыкул намесніка начальніка ўпраўлення даследавання Нацбанка Міхаіла Дземідзенка і спецыялістаў рэгулятара Кірыла Букрэева і Уладзіслава Раманюка «Эмісія цэнтральнага банка: міфы і рэальнасць».


У артыкуле аўтары адзначаюць наяўнасць у краіне актыўнай дыскусіі аб неабходнасці крэдытаваць інвестыцыйныя праекты за кошт эмісіі Нацбанка. «На жаль, не для ўсіх відавочны той просты факт, што “бясплатных абедаў” не існуе, а некаторыя лічаць, што “падрыхтоўкай такіх “бясплатных абедаў” павінен займацца Нацыянальны банк. Аднак такое рашэнне прывядзе да чарговага разгону інфляцыі, дэвальвацыі абменнага курсу, а ключавыя праблемы эканомікі не вырашыць», — наракаюць аўтары артыкула, піша REFORM.by.

Яны звяртаюць увагу, што Беларусі перажывала крызісы з-за залішняй эмісіі, пры гэтым у 2011 годзе крызіс быў справакаваны выключна ўнутранымі прычынамі — празмернай эмісіяй.

«У беларускім палітыка-эканамічным дыскурсе існуе пазіцыя, прыхільнікі якой прапануюць паскорыць эканамічны рост пры дапамозе мэтавай эмісіі грошай. Пра немагчымасць гэтага кажа і тэорыя, і практыка», — лічаць аўтары.

На іх думку, у аснове доўгатэрміновага росту — эфектыўная трансфармацыя зберажэнняў у інвестыцыі і капітал. Эмісія вядзе да павелічэння і даходаў, і выдаткаў. Яна не ўплывае на велічыню зберажэнняў. Рэсурсы для доўгатэрміновага эканамічнага росту могуць быць сфармаваныя толькі за кошт стварэння ўнутраных або прыцягнення знешніх зберажэнняў. Іх не можа стварыць цэнтральны банк.

Аўтары звяртаюць увагу на эмісійны вопыт іншых краін. Таксама яны акцэнтуюць увагу на тым, што спробы ўрадаў з дапамогай фіскальных і манетарных мер пераадолець наступствы пандэміі не даюць выніку. Нягледзячы на ўсе стымулюючыя меры, прагназуецца скарачэнне большасці эканомік свету.

У матэрыяле таксама развенчваецца шэраг міфаў аб ролі цэнтральных банкаў у эканоміцы, эмісіі, а таксама дзеяннях беларускага Нацбанка.

Аўтары папярэджваюць, што бескантрольная эмісія ў бягучых умовах можа прывесці да паўтарэння крызісу 2011 года.

«Перш чым абмяркоўваць “правераныя” рэцэпты выратавання эканомікі, было бы правільным правесці дэталёвы аналіз памылак і растлумачыць прычыны, чаму выкарыстанне эмісіі і актыўнага крэдытавання ў мінулым не прывяло да жаданых вынікаў. У іншым выпадку мы атрымаем валютны і эканамічны крызіс, у дакладнасці паўтарыўшы 2011 год. Чарговы калапс на валютным рынку — дэвальвацыя і інфляцыя — будзе сур’ёзным ударам па аўтарытэце ўлады. Цяжка прадказаць сацыяльныя наступствы гэтага. Неабходна таксама памятаць пра наступствы эмісіі і паслаблення курсу для дзяржаўнага доўгу, які ў цяперашні час амаль цалкам намінаваны ў валюце, і аб тых сістэмна значных прадпрыемствах, якія маюць даўгі ў замежнай валюце», — гаворыцца ў артыкуле.

Нагадаем, прэм’ер Галоўчанка кажа пра тое, што яго задаволіць любая інфляцыя, ніжэйшая за 10%, і не хавае планаў захаваць ВУП на ўзроўні 2019 года. Для гэтага трэба раскруціць эканоміку да +4% у лістападзе-снежні пры тым, што ў 3 квартале ён ўпаў на 0,5–0,6%. Дзеля раскруткі чыноўнікі будуць адшукваць нейкія «дадатковыя рэсурсы», адным з якіх можа быць уключэнне друкарскага станка.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: