Продажы «МАЗаў» у Расію падаюць кожны месяц

Колькасць прадаваных аўтамабіляў Мінскага аўтазавода на асноўным экспартным рынку — у Расіі скарачаецца штомесяц.
Стабільнае змяншэнне ідзе адносна аналагічнага леташняга перыяду.

Паводле інфармацыі расійскага агенцтва «Автостат», беларускі вытворца грузавых аўтамабіляў прадаў у траўні ў Расіі 206 адзінак тэхнікі. Гэта склала на 30,4% менш, у параўнанні з траўнем 2019 года.

У красавіку МАЗ прадаў у Расію 223 аўто, што было на 34,8% менш, чым у аналагічным леташнім месяцы.

У сакавіку аб'ём продажаў Мінскага аўтазавода ў РФ склаў 279 машын, або ўсяго на 1,1% менш, чым у мінулым годзе.

У лютым МАЗ рэалізаваў у Расію 200 аўто (- 16%), а ў студзені 267 (- 18,8%). Гэта сведчыць аб тым, што экспарт грузавікоў стаў зніжацца яшчэ да пандэміі каронавіруса.

У цэлым за 5 месяцаў мінскі аўтамабільны гігант прадаў у РФ на 20,9% менш тэхнікі, чым за 5 месяцаў 2019 года.

Разам з тым, МАЗ у Топ-10 марак грузавых аўтамабіляў у траўні трапіў на 5-е месца. Гэта абумоўлена істотным спадам продажаў у іншых аўтамабільных вытворцаў.

Па даных «Автостата», на 1 студзеня парк мінскіх грузавікоў у Расіі складаў 289 тысяч адзінак. Па гэтым паказчыку марка «МАЗ» займала 4-е месца ў РФ, саступаючы толькі «КамАЗ», «Газу» і «ЗіЛу».

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: