Прыватызацыя і банкаўскія інтрыгі

Ініцыятыва ўрада па продажы стратэгічным замежным інвестарам пакетаў акцый найбуйнейшых беларускіх банкаў можа быць звязаная не толькі з жаданнем прыцягнуць у банкаўскую сферу дадатковы капітал.

Але і са спробай стварыць нейкі абыходны механізм прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў замежнікамі.

Банкі на продаж

Яшчэ летам прадстаўнікі «Беларусбанка» агучылі ідэю — прадаць частку акцый банка нейкаму замежнаму інвестару. Прычым, па версіі саміх банкіраў, не дзеля грошай, а каб прыцягнуць новыя тэхналогіі, а таксама зыходзячы з таго, што развіццё найбуйнейшага беларускага банка будзе вызначаць развіццё ўсёй банкаўскай сістэмы краіны.

Кіраўнік фінансава-эканамічнага дэпартамента ААТ «АСБ Беларусбанк» Аляксандр Ягораў так апісваў гэта ў карпаратыўным часопісе банка: «Відавочна, што для выхаду на расійскі рынак і атрымання дадатковага прыбытку «Беларусбанку» патрэбна моцнае плячо ў выглядзе стратэгічнага інвестара. Атрыманне грашовых сродкаў — не мэта продажу акцый банка, больш за тое, калі будзе прынята рашэнне аб дадатковай эмісіі, то дзяржава не атрымае «хуткіх» грошай, а будзе атрымліваць размеркаваны па часе прыбытак у выглядзе дывідэндаў, і не больш за тое. Ды і «Беларусбанк» — не такі буйны актыў, як той жа «Беларуськалій», продаж якога сапраўды дазволіў бы закрыць праблемы і з аплатным балансам, і з золатавалютнымі рэзервамі на найбліжэйшыя гадоў дзесяць».

«Беларусбанк» — найбуйнейшы банк Беларусі, 99,98% яго акцый належаць дзяржаве. На 1 студзеня 2016-га доля «Беларусбанка» ў агульным аб’ёме актываў беларускага банкаўскага сектара склала 41,2%, доля на рынку ўкладаў фізічных асоб — 45%, крэдытны партфель — 72% ад усіх выдадзеных насельніцтву крэдытаў.

У кастрычніку стала вядома, што акрамя «Беларусбанка» да продажу рыхтуюць пакеты акцый яшчэ ў двух дзяржбанках. Фармальна, робіцца гэта ў адпаведнасці з распрацаванай Нацбанкам стратэгіяй развіцця фінансавага рынка да 2020 года, якая прадугледжвае паніжэнне долі дзяржавы ў банкаўскай сістэме. На пачатак верасня 2016 года доля дзяржавы ў статутным капітале беларускіх банкаў складала 80%. Цяпер прапаноўваецца прадаць частку акцый дзяржавы ў «Белінвестбанку» (у ім дзяржаве належаць практычна 100% акцый) і «Банку Масква—Мінск». Але што цікава: у «БПС-Ашчадбанку» (былы «Белпрамбудбанк»), які належыць расійскаму «Ашчадбанку», супрацоўнікі таксама неафіцыйна разважаюць аб яго верагодным хуткім продажы, — прычым казахам.

Факты ж пакуль такія. 30 верасня Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Нацыянальны банк Беларусі падпісалі мемарандум аб прыватызацыі «Банку Масква—Мінск». Што датычыць «Беларусбанка», то для продажу яго пакета акцый (25% ад статутнага фонду, або на суму 400 мільёнаў долараў) створаная працоўная група на чале з міністрам фінансаў Уладзімірам Амарыным, якая рыхтуе адпаведную прапанову па продажы.

Аднак сёння беларускія банкі знаходзяцца ў значна лепшай эканамічнай сітуацыі, чым іншыя галіны эканомікі, — яны ўсё ж працуюць з прыбыткам. Больш за тое, у верасні доля праблемных актываў беларускіх банкаў знізілася пасля росту дзесяць месяцаў запар: на 1 кастрычніка яна склала 14,3% супраць 14,8% месяц таму. Атрымліваецца, што ўрад гатовы аддаваць замежным інвестарам свае долі ў прыбытковых кампаніях, пакідаючы «за кадрам» мноства прамысловых прадпрыемстваў, якія стратныя і якім востра патрэбныя інвестыцыі. На першы погляд, нелагічна.


Вельмі хітрая прыватызацыя

Чаму дзяржава вырашыла пайсці на частковую прыватызацыю дзяржбанкаў? І як гэта можа быць звязана з так і не распачатай масавай прыватызацыяй у Беларусі? Магчыма, тут шмат што тлумачыць інфармацыя, якая з’явілася ў сярэдзіне кастрычніка пра тое, што ўжо падрыхтаваны праект змен ва ўказ №88 ад 2004 года, які прадугледжвае рэструктурызацыю праблемнай запазычанасці прадпрыемстваў шляхам уваходжання банкаў у акцыянерны капітал пазычальнікаў. Прасцей кажучы, беларускія банкі могуць атрымаць права рабіцца ўласнікамі тых прадпрыемстваў, якія не плацяць па крэдытах. Не аднаасобнымі ўласнікамі, вядома, але паўнавартаснымі акцыянерамі праблемных прадпрыемстваў.

Пакуль, паводле дзеючага заканадаўства, абменьваць крэдытныя абавязкі на акцыі прадпрыемстваў маюць права толькі дзяржаўныя банкі. Але якраз ім гэта права — ні да чаго, у іх наогул іншая функцыя. А калі ўмовы ўказу №88 зменяць, то права на рэструктурызацыю праблемнай запазычанасці шляхам уваходжання ў акцыянерны капітал пазычальнікаў атрымаюць і недзяржаўныя банкі.

У цэлым гэтая ідэя з пункту гледжання ўрада выглядае даволі прыязнай — доля праблемных абавязкаў у банкаўскай сістэме Беларусі за бягучы год вырасла больш чым у два разы — з 6,8% на пачатак 2016-га да 14,3% сёння. Кіраўнік Нацбанка Павел Калаўр нават дапускае да канца года рост праблемных актываў да 16%.

У Савеце міністраў лічаць, што, стаўшы сузаснавальнікамі, банкі змогуць палепшыць карпаратыўнае кіраванне на праблемных прадпрыемствах і такім чынам дапамогуць ім выйсці са складанага фінансавага становішча. Прасцей кажучы, калі прызначаны мясцовым выканкамам або галіновым холдынгам дырэктар відавочна некампетэнтны, банк зможа запатрабаваць яго змены — і адначасова перабудаваць усю сістэму кіравання на прадпрыемстве. То бок банк выступіць у ролі інвестара, які будзе арыентавацца на паказчыкі прыбытковасці, а не на «сацыяльны складнік».

Але гэта ў ідэальным свеце. У свеце рэальным і чыста з пункта гледжання бізнесу банкам не вельмі цікава станавіцца ўласнікамі прадпрыемстваў: у іх проста няма адпаведных кампетэнцый па кіраванні ў прамысловасці. На дзяржпрадпрыемствах новыя менеджары, прызначаныя банкамі, наўрад ці змогуць прымаць ключавыя рашэнні (напрыклад, масава звальняць непатрэбных працаўнікоў). Да таго ж, стаўшы саўладальнікамі, банкі пачнуць несці субсідыярную адказнасць па ўсіх абавязках прадпрыемства. А ім гэта не цікава.

Усё выглядае інакш, калі паглядзець на сітуацыю з пункту гледжання пераразмеркавання ўласнасці. Лукашэнка так шмат казаў пра тое, што «не дапусціць продажу беларускіх прадпрыемстваў замежным алігархам», што ўжо, пэўна, сам сабе надакучыў. Аднак змена ўказу №88 дазволіць (пры неабходнасці) замаскіраваць любую прыватызацыю. Бо фармальна нават кантраляваны замежнымі інвестарамі банк застаецца айчынным. І яго ўваходжанне ў лік уласнікаў беларускага прадпрыемства тлумачыцца самымі высакароднымі матывамі: спісаць «дрэнныя» абавязкі, аздаравіць менеджмент прадпрыемства, вывесці яго на прыбытковасць…

Але пры гэтым выбудоўваецца новы ланцужок уласнікаў: замежны інвестар — беларускі банк — прадпрыемства. Нібыта і буржуям нічога не прадалі — але і грошы ў краіну прыйшлі, і прадпрыемства рэфармуецца, і кіраўнік краіны аблічча захаваў. А калі нешта пойдзе не так, заўсёды можна знайсці вінаватых у кіраўніцтве тых жа банкаў. Балазе, досвед пасадкі банкіраў у Беларусі багаты, пачынаючы з часоў Тамары Віннікавай.

Падрыхтаваныя змены ва ўказ №88 прадугледжваюць два варыянты ўваходжання банкаў у акцыянерны капітал прадпрыемстваў. Калі гаворка ідзе аб неплацельшчыку крэдытаў, які належыць дзяржаве, то для ўваходжання ў яго акцыянерны капітал камерцыйны банк павінен будзе атрымаць згоду ўрада і ўхвалу Лукашэнкі. Калі ж размова пра прыватную кампанію, банку для ўваходжання ў акцыянерны капітал дастаткова будзе атрымаць згоду ўласнікаў.

Застаецца пытанне: што будзе, калі прадпрыемства належыць часткова дзяржаве, а часткова ўласніку? Менавіта такую структуру маюць самыя «смачныя» прадпрыемствы беларускай прамысловасці. Гледзячы па ўсім, гэта цяпер і з’яўляецца прадметам абмеркавання. І па тым, як будзе выглядаць канчатковая рэдакцыя ўказу, можна будзе зрабіць высновы пра яго сапраўдныя задачы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: