Рабіце моўчкі

«Будзьце хітрэйшымі — маўчыце». Прыкладна так можна тлумачыць апошнія разважанні і дзеянні беларускай улады.

На тыдні Аляксандр Лукашэнка прызначыў некаторых кіраўнікоў мясцовай улады, і пры гэтым запатрабаваў спыніць размовы пра рэформы.

«Без навядзення парадку і дысцыпліны мы далёка не рванём. Спыніце ўсялякія размовы з нагоды нейкага рэфармавання, яшчэ чагосьці. Трэба працаваць з тым, што ёсць. А рэфармаванне — гэта ўдасканаленне. Бачыце, нешта не так, — рабіце лепей, рабіце, але нічога не ламайце», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«У крызіс ніхто нічога не ламае, дый ламаць няма чаго. Ёсць прадпрыемствы — яны павінны працаваць, — казаў Лукашэнка. — Выкіньце з галавы, што сёння трэба ўсё падзяліць, прыватызаваць, і ўсё само сабой пойдзе. Нікуды нічога не пойдзе, калі працаваць не будзем».

Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўнікоў раёнаў надаць прыярытэтную ўвагу праблемным прадпрыемствам у сферы сельскай гаспадаркі. «Трэба вельмі сур'ёзна рыхтавацца да наступнага года. Ён будзе асаблівым. Ніхто ні за кім хадзіць і ўгаворваць не будзе. І вам не варта ехаць туды, куды не трэба (я маю на ўвазе на сельгаспрадпрыемствы, у сельскія раёны). Едзьце туды, дзе дрэнна», — сказаў ён.

З гэтага можна зрабіць некалькі цікавых высноў. Першую зробяць тыя, хто яшчэ памятае часы прэзідэнцкай гонкі 1994 года. Рыторыка Аляксандра Рыгоравіча цалкам нагадвае пазіцыю Вячаслава Францавіча Кебіча тых часоў. Той таксама выступаў за «захаванне таго, што ёсць», а малады палітык Лукашэнка абяцаў «запусціць заводы».

Другое: нам ужо «няма чаго ламаць». Ці трэба разумець гэта так, што ўсё, што маглі, мы ўжо зламалі? Зразумела, трэба працаваць, і рэфармаванне — гэта ўдасканаленне. Але што ўдасканальваць, калі ўсё зламана?

Трэцяе: наступны год будзе асаблівым. Было б зразумела, калі б у 2017-м былі нейкія выбары ці іншыя палітычныя кампаніі. Аднак у гэтым плане — цішыня. Хіба што напрыканцы будучага года пачнуцца мясцовыя выбары. Але гэта ў беларускіх умовах настолькі «прахадная» кампанія, што такой маштабнай увагі не вартая. У чым жа асаблівасць наступнага года? Верагодна, чуткі пра магчымы рэферэндум маюць пад сабой нейкі грунт. Апроч гэтага на розум нічога не прыходзіць. Ці кіраўнік дзяржавы ведае больш, чым кажа.

Але, хутчэй за ўсё, заклік «спыніць размовы пра рэформы» ў сапраўднасці азначае: «Хопіць базарыць, рабіць трэба!» Не размаўляйце пра рэформы, проста рабіце іх. У гэтым сэнсе становяцца зразумелымі і заклікі працаваць, і «ламаць няма чаго», і пра асаблівасць наступнага года. То бок, трэба рэфармавацца, але моўчкі.



Падобна на тое, што наш правадыр узяў на ўзбраенне тактыку свайго былога дарадцы па эканамічных пытаннях, а зараз пасла ў КНР Кірыла Рудага. Той таксама казаў: «Мы не называем гэта рэформамі, але многія мерапрыемствы, якія былі праведзены ў краіне, дэ-факта з’яўляюцца непапулярнымі рэформамі, пра якія шмат гавораць».

Пра такія непапулярныя рэформы сведчыць статыстыка. Напрыклад, працягваецца падзенне заробкаў. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у параўнанні са жніўнем зарплата ў верасні ўсохла на 17,4 рубля. Альбо на 174 000 недэнамінаваных. Падаецца, самае вялікае падзенне за апошнія часы.

Дэ-факта гэта азначае, што заробак сапраўды набліжаецца да залежнасці ад узроўню працы і прадаваемасці нашай прадукцыі. Яе ніхто не набывае — няма і заробку. Скончыліся тыя часы, калі можна было «рабіць на склад», і атрымліваць грошы за вытворчасць нікому не патрэбнай прадукцыі. Тым больш, што ў верасні «на піку» быў газавы канфлікт з Расіяй, у выніку чаго «старэйшы брат» скараціў нам пастаўкі нафты. Няма нафты — няма экспарту — няма грошай.

Зараз гэты канфлікт мы ўрэгулявалі, аднак, высвятляецца, толькі «на паперы». Мінск, які павінен быў разлічыцца з газавымі пазыкамі да 20 кастрычніка, гледзячы па ўсім, гэтага так і не зрабіў. Прынамсі, намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Сторчак 25 кастрычніка казаў Reuters, што Расія перавядзе Беларусі абяцаны перш грант для аплаты газу, «але толькі пасля таго, як яны заплацяць і будуць урэгуляваныя ўсе пытанні па газавай спрэчцы».

Значыць, беларускія ўлады не спяшаюцца. І зразумела, чаму. Мы дамагліся таго, што за газ плацім расійскімі рублямі. А эксперты расійскіх банкаў — БКС, банка Nordea, Рафайзенбанка, Альфа-банка і Прамсувязьбанка, — прагназуюць, што да канца года расійскі рубель абрынецца да 65–69 рублёў за долар. Вось мы і чакаем, каб заплаціць танней.

Праўда, трэба чухаць патыліцу, як нам потым жыць далей. Бо з падзеннем расійскага рубля на нашым асноўным рынку збыту падаражэе беларуская прадукцыя. Яе не будуць купляць яшчэ больш, чым зараз. Так што тут трэба моцна думаць.

І яшчэ адна цікавая навіна прыйшла з ураду. Міліцыянты шляхам доўгіх перамоў і кампрамісаў амаль дамагліся свайго. Ва ўрад накіраваны праект указа, які абмяжоўвае гандаль алкаголем. Дакумент прадугледжвае, што спіртныя напоі не будуць прадавацца з 22:00 да 9:00. А вось адасобленыя віна-гарэлачныя аддзелы з’явяцца не ва ўсіх крамах, як меркавалася раней, а толькі ў тых, плошча якіх перавышае 400 квадратных метраў.

МУС краіны, відавочна, удала скарыстаўся лозунгам «левакоў» 1960-х гадоў: «Будзьце рэалістамі — патрабуйце немагчымага!». Пабачыўшы патрабаванне ўвесці асобныя алкагольныя аддзелы ва ўсіх крамах, найбуйнейшыя рознічныя сеткі ўзвылі. Рэзка супраць выступілі «Постгандаль» і «Еўраопт», кажучы, што ў невялікіх крамах стварыць алкааддзелы проста немагчыма. І ў выніку, падаецца, пагадзіліся на «кампраміс».

Ёсць яшчэ адзін цікавы момант сітуацыі. Усе навокал кажуць: «Апазіцыя слабая, нічога не можа» і гэтак далей. Між тым, менавіта гэтага — абмежавання часу продажу алкаголю і асобных алкааддзелаў у крамах — дамагаліся актывісты незарэгістраванай дасюль Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў межах кампаній «За моцную сям’ю» і «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю». Яны нават сабралі 20 000 подпісаў за гэтыя прапановы, што, напэўна, таксама было адным з козыраў МУС у «гарэлкавай» спрэчцы. І дамагліся ж, каб іх пачулі! Калі ўказ будзе прыняты — гэта будзе перамога не толькі МУС, але і БХД. А вы кажаце, слабая апазіцыя…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: