Раманчук: «Рэшткі здаровага сэнсу ў эканамічнай палітыцы спалілі разам з леташняй травой»

Вядомы эканаміст пералічыў небяспечныя сімптомы эканомікі. І прапанаваў ідэю, пад якой можна было б аб'яднаць беларусаў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

— Сёння ў эканоміцы назапасілася небяспечная колькасць вірусаў невуцтва, — адзначае Яраслаў Раманчук. — Нацыянальны імунітэт у выглядзе эканомікі здаровага сэнсу моцна аслабеў.

Вось сімптомы:

1) Беларусь ніколі не жыла ў рэжыме свабодных цэн. Распарадчыкі чужога рэгулявалі цэны ў ручным рэжыме, бо думалі, што гэта і ёсць спосаб забяспечыць іх стабільнасць. У выніку інфляцыя ў Беларусі ў перыяд 1994-2020 гадоў склала прыкладна 8 мільёнаў працэнтаў. Але ў 2021 годзе беларускія ўлады павялічылі колькасць рэгулюемых цэн да 55%. Такога не было нават у пачатку 2000-х. Гэта поўная блакіроўка здаровага сэнсу ў эканоміцы.

2) У развіццё сярэдніх гарадоў Беларусі было ўкладзена каля 7,5 мільярда рублёў, але без сэнсу. Рашэнне ўрада на бліжэйшыя пяць гадоў — укласці яшчэ больш грошай у прыкладна такія ж праекты. Здаровым сэнсам тут і не патыхае.

3) ААТ «Барысаўдрэў» атрымаў каля 120 мільёнаў долараў грошай падаткаплацельшчыкаў на мадэрнізацыю. Чыстая страта ў перыяд 2015–2020 гадоў склала амаль 55 мільёнаў рублёў. Кіравалі гэтым актывам усе, хто хацеў, уключаючы Банк развіцця. І што? Нічога. Зноў надзея на дзяржаўную карпарацыю або холдынг. Каб асвойваць грошы падаткаплацельшчыкаў было лягчэй. Здаровы сэнс ёсць? Сляды ў такой сістэме кіравання даўно выпарыліся.

4) «Белшына» не здолела разлічыцца па крэдытах перад «Беларусбанкам». І што? Проста перааформілі даўгі прадпрыемства ў актывы банка. Як для соцень іншых прадпрыемстваў. Вылізалі балансы, прыпудрылі таксічныя актывы, пад дыванок замялі інвестыцыйныя / кіраўніцкія памылкі — і зноў з працягнутай рукой прыёшлі да дзяржавы, за грашыма падаткаплацельшчыкаў. Праблемных / таксічных даўгоў па крэдытах назапасілася пад $9 мільярдаў, а беларускія распарадчыкі чужога працягваюць «удасканальваць», «паглыбляць», «паляпшаць» сістэму савок/дзяржплан. Здаровы сэнс тут і не начаваў.

5) На пачатку 2020 года даўгі па крэдытах перавышалі сярэднямесячную выручку прадпрыемстваў у прыкладна 3,5 разы. Расце дзіра ў дзяржаўным бюджэце. Выцякаюць грошы ўкладчыкаў з банкаў. З'язджаюць мазгі і кампетэнцыі з краіны. Пры гэтым урад робіць выгляд, што ў нас з фінансамі ўсё стабільна, таму што валавыя паказчыкі збольшага выконваюцца. Гэта значыць, курсы нясуцца па графіку дзяржплана, квадратныя метры здаюцца па волі чыноўнікаў, цэнтнеры з гектара збожжавых — як распарадзіўся галоўны аграном/галоўнакамандуючы.

Здаровы сэнс у такога кшталту эканамічнай палітыцы даўно атруцілі дустам, а рэшткі спалілі разам з леташняй травой.

Сёння па розных прычынах не можа аб'яднаць беларусаў:

— ні гісторыя, ні культура,

— ні мова, ні сімволіка,

— ні рэлігія, ні атэізм,

— ні арыентацыя на Захад, ні інтэграцыя з Расеяй.

— ні Лукашэнка, ні Ціханоўская,

— ні рок і рэп.

Здаровы сэнс, на мой погляд, — найлепшая аб'яднальная платформа для ўсіх беларусаў, па меншай меры, для 97%, якія пакуль не развучыліся ўключаць мозг і думаць. Думаць, нават калі часам гэта балюча. Опцыя «не думаць» небяспечная не толькі для жыцця, але і для Беларусі ў цэлым.

Паводле gazetaby.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: