Раманчук: «Зноў некаторыя банкі атрымаюць манапольны доступ да крыніцы даходаў»

Кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук пракаментаваў планы стварэння інкасатарскіх кампаній, анансаваных на сустрэчы кіраўніка дзяржавы і старшыні Нацбанка.
— Безумоўна, аказанне інкасатарскіх паслуг — гэта не справа Нацбанка. І тут трэба было ставіць пытанне аб стварэнні рынку адпаведных паслуг. Гэта не касмічная сфера і ня ядзерная энергетыка, дзе неабходны дзяржаўны цэнтралізаваны кантроль, — падкрэсліў эксперт.

Ініцыятыва Нацбанка не выклікае аптымізму ў эксперта:

— На жаль, прапанаваны варыянт, пры якім Нацбанк атрымае долю ў статутным фондзе і будзе адным з акцыянераў прадпрыемства, не вырашае галоўнай праблемы — канфлікта інтарэсаў. Як рэгулятар, Нацбанк не павінен займацца камерцыйнай дзейнасцю і зарабляць грошы. Тут мы зноў атрымаем манаполію.

Ужо сёння камерцыйныя прадпрыемствы і арганізацыі, перш за ўсё малыя, скардзяцца на дарагоўлю інкасатарскіх паслуг. Яраслаў Раманчук не бачыць падстаў для зніжэння кошту гэтых паслуг, калі за справу бяруцца два найбуйнейшыя дзяржбанкі ў кааперацыі з Нацбанкам.

— Замест таго, каб стварыць попыт у незалежных камерцыйных структур на аказанне гэтых паслуг на аснове ліцэнзіі, мы назіраем нараджэнне новых супярэчнасцяў. Зноў некаторыя банкі атрымаюць манапольны доступ да крыніцы даходаў. Як паказвае практыка, варта чакаць тарыфаў, выгадных перш за ўсё банкам, а не бізнэсу, — лічыць эканаміст. — Я не бачу прынцыповага адрознення паміж існымі і прапанаванымі схемамі. Беларускі рынак фінансавых паслуг быў і застаецца алігапалізізаваным і вельмі дарагім для камерцыйных арганізацый.

Паводле gazetaby.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!