Расія і Беларусь ачысцяць «Дружбу» без удзелу польскага боку

Расія і Беларусь зоймуцца вызваленнем трубаправода "Дружба" да мяжы з Польшчай ад забруджанай нафты без удзелу польскага боку.

Пра гэта паведаміў прадстаўнік расійскага віцэ-прэм'ера Дзмітрыя Козака Ілля Джус, інфармуе ria.ru.

"Паводле "дарожнай карты", вызваленне трубаправода да мяжы з Польшчай будзе зроблена Беларуссю і Расіяй без удзелу польскага боку", — паведаміў Джус па выніках перамоваў Козака і віцэ-прэм'ера Беларусі Ігара Ляшэнкі.

"Разліковы тэрмін аднаўлення паставак чыстай нафты да мяжы з Польшчай — не пазней сярэдзіны чэрвеня", — дадаў ён.

У мінулы аўторак міністр энергетыкі Польшчы Кшыштаф Тхужэўскі звярнуўся да кіраўніка Мінэнерга Расіі Аляксандра Новака з просьбай прыняць тэрміновыя меры для аднаўлення транзіту і паставак чыстай нафты па "Дружбе". Паводле дадзеных польскага аператара "Дружбы" PERN, у транспартнай сістэме Польшчы знаходзіцца да 1 мільёна тон забруджанай нафты.

Паводле zviazda.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!