Расія падазрае Беларусь у маштабным рээкспарце ўкраінскага сыру

Расія падазрае Беларусь у маштабным рээкспарце ўкраінскага сыру. У ліпені—жніўні Украіна паставіла на тэрыторыю Беларусі больш за 4 тыс. тон сырных прадуктаў, значная частка якіх затым магла быць адпраўлена ў Расію. 

 

Фота з сайта www.by.all.biz


Пра гэта гаворыцца ў аналітычнай запісцы, накіраванай расійскім Нацыянальным саюзам вытворцаў малака ("Саюзмалако") у Расспажыўнагляд і Рассельгаснагляд, паведамляе рэсурс milknews.ru.

Згодна з аналізам у ліпені—жніўні Украіна паставіла на тэрыторыю Беларусі больш за 4 тыс. тон сырных прадуктаў, значная частка якіх затым магла быць адпраўлена ў Расію. Гэта меркаванне грунтуецца на тым факце, што ў Беларусі спажыванне гэтай прадукцыі не вырасла.

Як гаворыцца ў тэксце запіскі, у ходзе праведзенага параўнальнага аналізу мытнага афармлення "сырападобнай прадукцыі", вырабленай на аснове раслінных тлушчаў, было ўстаноўлена, што са студзеня па чэрвень 2016 года з Украіны ў Беларусь было экспартавана 198 тон прадукцыі.

Пачынаючы з другога паўгоддзя значна вырас экспарт такіх тавараў, якія адпраўляюцца з Украіны ў Беларусь. У ліпені было экспартавана 1.546 тон, а ў жніўні — 2.545.

Па наяўнай у "Cаюзмалака" інфармацыі, з тэрыторыі Беларусі ў Расію "працягвае ажыццяўляцца пастаянны і бескантрольны ўвоз сырнай прадукцыі" ўкраінскага паходжання, вырабленай на аснове раслінных тлушчаў.

Беларусь, зыходзячы з тэндэнцый папярэдніх гадоў, не ў сілах асвоіць такі каласальны аб'ём увазнога "сырападобнага прадукту" з Украіны і не павялічвала спажыванне гэтага прадукту, адзначаецца ў запісцы. Прадстаўнікі "Саюзмалака" зрабілі выснову, што "значная частка гэтага сурагатнага прадукту з дапамогай пераклейкі маркіроўкі паходжання тавару далей адпраўляецца ў Расійскую Федэрацыю, што з'яўляецца парушэннем прадпісання Расспажыўнагляду" аб забароне на ўвоз у РФ сырападобных прадуктаў вытворчасці Украіны".

Аляксандр Ванковіч, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!