Развод на грошы

Грошы скончыліся, і, магчыма, канчаткова. Дзяржава ліхаманкава шукае, дзе іх знайсці. Яна залазіць у кішэні грамадзянаў — і бачыць там пустэчу. Яна спрабуе выцягнуць грошы з замежных партнёраў — і пакуль не атрымліваецца.

Фота www.politonline.ru

Палова з навінаў тыдня тычыцца новай базы «дармаедаў». Ва ўсіх каментарах і навінах пераціраецца, хто і як туды трапляе, як гэтага пазбавіцца і гэтак далей. Пакуль мы асэнсоўваем новую «антыдармаедскую» практыку. Рэфлексіяў багата.

Па-першае, вельмі ўразілі словы міністра сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч. Яна паведамілі, што ў новую базу трапілі каля паўмільёна чалавек. І гэтым спадарыня Касцевіч падпісала прысуд беларускай эканамічнай мадэлі.

Згодна Белстату, колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва на кастрычнік 2018 года склала 4 мільёны 356 тысяч 400 чалавек. Калі вылічыць з гэтай лічбы 500 тысяч «дармаедаў», атрымаецца 3 мільёны 856 тысяч 400 чалавек. Выкінем яшчэ 14600 афіцыйна беспрацоўных. Атрымаем 3 мільёны 841 тысяч 800 чалавек.

Колькасць насельніцтва Беларусі, па тым жа Белстаце, на пачатак 2018 года склала 9,492 мільёна чалавек. Такім чынам, колькасць «эканамічна неактыўнага» насельніцтва краіны — дзяцей, пенсіянераў, інвалідаў, іншых катэгорый насельніцтва, якіх дзяржава ўтрымлівае за кошт падаткаў працоўных, складае 5 мільёнаў 650 тысяч 200 чалавек. Іх — на 1 мільён 800 тысяч больш, чым грамадзян, якія могуць працаваць!

Калі з «эканамічна актыўнага насельніцтва» мы выключым бюджэтнікаў, чыноўнікаў, міліцыю і гэтак далей — атрымаецца, што адзін працоўны забяспечвае двух «эканамічна неактыўных». І мы можам наўпрост казаць пра такі дэмаграфічны крызіс, які не выправіш нават падвышэннем пенсійнага ўзросту. Вось вам і «сацыяльна арыентаваная дзяржава для жыцця».

Па-другое, у мінулым годзе «база дармаедаў» налічвала каля 470 тысяч чалавек. Зараз яна павялічылася да 500 тысяч. Між тым, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова патрабаваў «працаўладкаваць палюбоўнікаў і палюбоўніц», «да 1 мая (2017 года, дарэчы), каб не засталося ніводнага беспрацоўнага», і галоўнае — «ствараць 50 тысяч новых працоўных месцаў на год» (сказана ў 2016-м). Тры гады (ад 2016-га да 2018-га ўключна), патэнцыйна 150 тысяч працоўных месцаў — а толькі за год колькасць «дармаедаў» вырасла на 30 тысяч чалавек.

Сапраўдны «беларускі эканамічны цуд»!

Але журналісты — дзівакі. Па выразе знакамітага амерыканскага баксёра Соні Лістана, газетчыкі глядзяць на сонца, і пытаюцца, ці свеціць яно. І некаторыя прыкінуліся дурнямі і пачалі высвятляць, ці ёсць яны ў «базе дармаедаў».

У карэспандэнта Naviny.by адбыўся вельмі цікавы дыялог з чыноўнікам Мінскай гарадской камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Менавіта гэтыя камісіі — раённыя, гарадскія, немаведама якія — «садзейнічаюць занятасці насельніцтва» тым, што ўлічваюць «дармаедаў». Гэты чыноўнік найперш запытаў журналіста: «У вас ёсць ва ўласнасці жыллё?» Атрымаўшы адмоўны адказ, чыноўнік сказаў: калі вы не маеце ва ўласнасці жылля, у базу дадзеных дармаедаў вы не патрапіце. Бо, згодна з «дармаедскім дэкрэтам», дармаеды павінны сплачваць поўны кошт паслуг ЖКГ. А калі вы нават і «дармаед», але ў вас няма кватэры ці хаты, якія на вас аформленыя, — свабодны! Вас у базе дадзеных не будзе.

Як гэта расцаніць? Як тое, што «сацыяльная дзяржава» шляхам «дармаедскага дэкрэту» ўлічвае непрацуючых элементаў і садзейнічае іх занятасці, пра што нам усе вушы прагудзеў Аляксандр Лукашэнка? Альбо як тое, што дзяржава вылічвае ўласнікаў нерухомасці, якія афіцыйна не працуюць, і плануе падвысіць ім кошт ацяплення, гарачай вады і іншых дабротаў у 5–6 разоў? То бок, развесці людзей на грошы?

Тыя ж дапытлівыя журналісты ўзгадалі і яшчэ адзін факт. Лукашэнка некалькі разоў казаў, каб камунальнікі паклалі яму на стол разлікі па аплаце сваіх паслуг. І ніводнага разу не праходзіла навіна, што яны гэта зрабілі. А таму яшчэ адно пытанне — наколькі апраўданае павышэнне аплаты ЖКГ для «дармаедаў» у 5–6 разоў, асабліва ў рэчышчы абяцанняў, што ў 2019 годзе ЎСЕ беларусы будуць аплачваць 100% паслуг ЖКГ?

Са 100% аплатай паслуг ЖКГ мы, напэўна, яшчэ адстаём. Прынамсі, указ Лукашэнкі пра ўстанаўленне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2018 год (ад 5 студзеня 2018 года) канстатаваў, што «гэтыя тарыфы дазволяць у 2018 годзе забяспечыць узровень кампенсацыі насельніцтвам затрат па ўсім комплексе жыллёва-камунальных паслуг у памеры больш за 70%. Па большасці паслуг (тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў, ліфтаў, водазабеспячэнне, водаадвядзенне, збор, вываз і абясшкоджванне камунальных выкідаў) з улікам работы па зніжэнні іх сабекошту плануецца выйсці на стопрацэнтнае пакрыццё».

Такім чынам, згодна Лукашэнку, у гэтым годзе мы ў асноўным пакрываем 70% паслуг ЖКГ. Наступным годам так званыя «дармаеды», з улікам росту кошту ЖКГ для іх у 5–6 разоў, заплацяць 350% ад кошту паслуг? 70% памножыць на па мінімуме 5 — 350%? Хтосьці ў «сацыяльных» міністэрствах за такую ідэю атрымае неблагі «адкат», я ўпэўнены.

Асэнсаваўшы лічбу ў 350% прыбытку, я не магу не ўзгадаць Карла Маркса: «Забяспечце капіталу 10% прыбытку, і капітал згодны на любое ўжыванне, пры 20% ён становіцца ажыўленым, пры 50% гатовы зламаць сабе галаву, пры 100% ён топча ўсе чалавечыя законы, пры 300% — няма такога злачынства, на якое ён не рызыкнуў бы пайсці, хоць бы і пад страхам шыбеніцы».

І не магу не задацца пытаннем: а у нас рэальна «сацыяльная дзяржава»?

Ну і гэта яшчэ не ўсё. Беларусь падлічыла страты ад «падатковага манеўру» Расіі. Праз месяц Расійская Федэрацыя скасоўвае мытныя пошліны на нафту (якія часткова ішлі ў беларускі бюджэт) і замяняе іх унутраным падаткам на здабычу карысных выкапняў. Які ў беларускі бюджэт, зразумела, паступаць не будзе. На ўнутраным расійскім рынку кошт нафты падымецца да сусветнага, і для Беларусі — таксама. У выніку, як паведаміў намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец, Беларусь страціць 10 мільярдаў долараў. З гэтай нагоды афіцыйны Мінск нават пачаў шантаж выхадам з ЕАЭС, — калі Масква не скампенсуе «страты».

Механізм кампенсацыі зараз абмяркоўваецца. Але проста цікава — чым Пуцін адкажа на такі не абы-які шантаж? На месцы Белкаўца я быў бы асцярожным: у Расіі ёсць Пятроў, Башыраў і «Навічок». За 10 мільярдаў долараў — і не тое бывае.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!