Рэкордны знешні доўг Беларусі: што гэта азначае і ў чым небяспека?

Ледзь не ўсе гады галоўнай задачай кіраўніцтва Беларусі з’яўляўся пошук грошай звонку — на падтрымку створанага «эканамічнага цуду». І грошы прыходзілі не толькі з Усходу, але і з Захаду — напрыклад, праз размяшчэнне еўрааблігацый, як было ў чэрвені 2020 года.


Але пасля леташняга жніўня гэтая задача вельмі моцна ўскладнілася: заходняя крыніца запазычанняў знікла, засталася адна — ўсходняя, у выглядзе адной-адзінай краіны, піша Інфабанк.

І ўсё ж, улады паспяхова справіліся з гэтай праблемай. Прычым настолькі «паспяхова», што ў сярэдзіне 2021 года знешні доўг вырас да рэкорднага значэння.

Па стане на канец II квартала валавы знешні доўг (ВЗД) Беларусі склаў $42,275 млрд — новы гістарычны максімум.

Папярэдні быў у канцы 2020-га, пасля крэдытаў ад Расіі і ЕФСР. А максімум, што быў дасягнуты яшчэ раней, трымаўся 6 гадоў, з 2014 года: атрыманая звонку валюта сыходзіла ўвесь гэты час на пагашэнне ранейшых пазык, і таму ВЗД не павялічваўся.

Цяпер гэтага відавочна недастаткова: грошай на ўтрыманне створанай эканамічнай мадэлі трэба ўсё больш. Сёння яна без пастаянна растучага знешняга падсілкоўвання ўжо не працуе.

Але добра б, калі запазычылі суб’екты эканомікі: знешнія інвестыцыі ў эканоміку, у вытворчасць — справа добрая.

Аднак апошнія 15 гадоў больш бярэ ў доўг сама дзяржава: сектар дзяржаўнага кіравання гэтыя гады нарошчваў знешні доўг больш і хутчэй за любы іншы сектар.

На сярэдзіну 2021-га знешні дзярждоўг — $19,180 млрд (як сума знешняй запазычанасці органаў дзяржаўнага праўлення (урада) і Нацыянальнага банка).

А калі дадаць да гэтага даўгі дзяржаўных прадпрыемстваў, банкаў, і гарантаваны дзяржавай доўг, то сума такога сукупнага знешняга дзяржаўнага доўгу, гэтак жа, як і яго доля ў ВЗД, акажацца куды больш.

У знешняй запазычанасці органаў дзяржаўнага кіравання — найбольшая ўдзельная вага ў ВЗД Беларусі, больш, чым у так званых «іншых сектараў» (рэальнага сектара эканомікі).

Такім чынам, галоўны пазычальнік у Беларусі — сама дзяржава: сума знешняга доўгу ўрада і Нацыянальнага банка цяпер — гэта 45,4% валавога знешняга доўгу.


За 15 гадоў удзельная вага знешняга дзяржаўнага доўгу ва ўсім ВЗД вырасла значна: раней дзярждоўг складаў толькі 10-15% ВЗД, а больш за палову ВЗД назапашвалася тады ў рэальным сектары — вонкавым запазычаннем суб'ектаў гаспадарання.

Рэкордны аб’ём валавога знешняга доўгу прывёў і да гістарычна рэкорднай подушавой знешняй запазычанасці: ВЗД на душу насельніцтва вырас у Беларусі да 4535$/чал.

Знешні доўг на беларусаў істотна вышэй, чым на малдаванаў, расійцаў і ўкраінцаў.

Вось ВВД на душу насельніцтва па краінах:

  • Беларусь — $4535
  • Малдова — $3020
  • Расія — $3180
  • Україна — $3340.

А ніжэй — падушавы ВЗД у колькасці сярэднямесячных заработных плат:

  • Беларусь — 8,6
  • Малдова — 6,1
  • Расія — 4,4
  • Україна — 7,2.

Як бачым, замежная даўгавая нагрузка на працоўных у Беларусі — вышэйшая.


Што азначае рэкордны знешні доўг для Беларусі?

Невялікая або, наадварот, значная запазычанасць перад знешнім светам, зніжэнне або, наадварот, прырост знешняга доўгу могуць быць як негатывам, так і пазітывам.

Так, з аднаго боку «залазіць у даўгі» — гэта дрэнна. Жыць за кошт даўгоў, —гэта «жыць не па сродках», з ростам даўгоў расце і пазыковая нагрузка па іх абслугоўванні. Дый наогул, «бярэш чужыя і часова, аддаеш свае і назаўсёды».

З іншага боку, запазычанні звонку даюць магчымасці паскарэння росту эканомікі, яе мадэрнізацыі, ажыццяўлення буйных праектаў. Наогул, увесь свет «жыве ў доўг», ад дзяржаў да хатніх гаспадарак.

Гэта значыць, галоўнае — як выкарыстоўваюцца узятыя ў доўг грошы: інвестуюцца ў эканоміку ці проста «праядаюцца».

У Беларусі галоўная мэта знешняга запазычання цяпер — перакрэдытавацца, пазычыць, каб вярнуць старыя даўгі, не абвясціўшы дэфолту. А яшчэ — забяспечыць валютай банкаўскую сістэму ва ўмовах вынасу валютных укладаў, а таксама не дапусціць дэвальвацыю.

Гэта значыць — для «падтрымання штаноў».

Ужо зразумела, што знешні доўг у бліжэйшы час стане галоўнай праблемай, што важна, гэтыя даўгі, намінаваныя не ў беларускіх рублях, а ў замежнай валюце, якую не надрукуеш: яе можна толькі або зарабіць, або пазычыць.

Рэкордны дзяржаўны знешні доўг патрабуе рэкорднага ж абслугоўвання: выплат працэнтаў і пагашэння самога «цела» дзярждоўгу, у тым ліку з ЗВР, якія цяпер удвая меншыя за ўвесь знешні валютны дзяржаўны доўг.

А аб’ём валавога знешняга доўгу перавышае ўсе валютныя актывы краіны, у тым ліку ў разы больш сумы ліквідных валютных актываў.

Выдаткі на абслугоўванне знешняга доўгу ўжо ляжаць цяжарам на бюджэце і на суб’ектах эканомікі, сярод якіх нават ёсць такія, якія вінныя больш, чым яны самі каштуюць. Які пацвярджэнне гэтага прыкладу — «выратаваны» Беларускі металургічны завод.

Сённяшні рэкордны знешні доўг для беларусаў — самая вялікая праблема будучыні. І нават зусім недалёкай — калі знікне і расійскае фінансавае падсілкоўванне.

Таму што столькі грошай, колькі трэба для абслугоўвання знешняга доўгу, у Беларусі няма і блізка.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: