«Рубель адчувае сябе добра». Эканаміст — пра тое, што будзе з рублём і цэнамі ў верасні

У бліжэйшы час беларускі рубель працягне ўтрымліваць пазіцыю ў дачыненні да замежных валют. А вось падстаў для зніжэння інфляцыі ў верасні няма. Што чакае курс рубля і якой можа быць інфляцыя ў першым месяцы восені, распавёў эканаміст «BEROC» Леў Львоўскі.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


У рубля ёсць патэнцыял захоўваць пазіцыі


За жнівень беларускі рубель практычна не змяніў пазіцый у дачыненні да долара: 2,5 рубля ў пачатку месяца супраць 2,506 у яго канцы. Затое ён умацаваўся да еўра, кошт якога знізіўся з 2,97 да 2,96 рубля, і расійскага рубля (100 расійскіх рублёў патаннелі з 3,42 да 3,40 рубля).

— Беларускі рубель адчувае сябе не так добра, як у папярэднія некалькі гадоў, але цяпер для яго самы лепшы час па самаадчуванні з пачатку нават не палітычнага крызісу, а з моманту прыходу каронавіруса. Тут пад "добра" маецца на ўвазе стабільнасць бягучага курсу. Пры гэтым мы ўсё яшчэ знаходзімся ў доўгатэрміновым калідоры, у які мы ўвайшлі больш за год таму, гэта значыць курс трымаецца ў дыяпазоне ад 2,50 да 2,60 рубля за долар, — кажа эканаміст «BEROC» Леў Львоўскі.

Захаванне пазіцый рубля звязана з унікальнай сітуацыяй з экспартам беларускіх тавараў і паслуг: у першым паўгоддзі 2021 года быў прыкметны скачок экспарту і, адпаведна, валютнай выручкі. Валюта, якая прыходзіць у краіну, дазваляе падтрымліваць курс, бо кампаніі актыўна прадаюць заробленую на знешніх рынках валюту. Зараз тэмпы росту экспарту запавольваюцца, але ўсё яшчэ працягваюць пазітыўна адбівацца на валютным рынку ў Беларусі.

Станоўчы эфект на захаванне курсу рубля аказвае паступленне на рахункі Нацбанка амаль 1 млрд. долараў дапамогі ад МВФ. Яшчэ адзін фактар, які ўплывае на курсы валют у Беларусі, — гэта курс долара на сусветным рынку.

— Сёлета былі прынятыя небывалыя ў гісторыі меры па забеспячэнні эканомікі ЗША ліквіднасцю. Адпаведна, інфляцыя долара таксама перавышае чаканні — ён слабее да многіх сусветных валют. Гэта таксама грае на руку, таму што рубель трымаецца ў стабільным калідоры, — тлумачыць эканаміст.

У бліжэйшай перспектыве, паводле ацэнкі эксперта, беларускі рубель будзе знаходзіцца прыкладна на той пазіцыі, якую ён ўтрымлівае ў апошнія месяцы.

— Верасень рубель павінен быць у «бакавіку» (не будзе моцна падаць ці расці. — Заўв. рэд.). З аднаго боку, ёсць рэсурсы ў Нацбанка, ёсць ЗВР, якія не траціліся. Так што ў выпадку форс-мажору Нацбанк нейкі час можа падтрымліваць курс рубля. З іншага боку, нават пры зніжэнні экспарту ў параўнанні з пікавымі паказчыкамі ў гэтым годзе, ён усё роўна нейкі час будзе заставацца досыць высокім.

У больш працяглай перспектыве падарваць дзеянне спрыяльных для рубля фактараў могуць, у першую чаргу, накіраваныя на беларускі экспарт санкцыі. З пачаткам іх дзеяння (асноўная частка — у пачатку 2022 года) валютная выручка будзе зніжацца. Следам за ёй будзе скарачацца прапанова замежнай валюты на ўнутраным фінансавым рынку, а тады магчымы рост кошту замежных валют.

Прычын для зніжэння інфляцыі ў верасні няма


Даных за жнівень па інфляцыі яшчэ няма. Але ў ліпені яе значэнне ў гадавым выражэнні было 9,8% — амаль у два разы вышэй, чым першапачаткова запланаваны паказчык на год.

Эканаміст не бачыць перадумоў для таго, каб цэны ў наступным месяцы істотна знізіліся. Больш за тое, у бліжэйшай перспектыве на ўзровень цэн будзе аказваць уплыў яшчэ і няпростая сітуацыя з ураджайнасцю.

— Гэты год не вельмі ўраджайны для збожжавых. Гэта не толькі наша бяда, але агульная. Значыць, праз неўраджайнасць частка цэн будзе рухацца ўверх. Наколькі — мы пакуль не ведаем. Урад ужо прыняў некаторыя меры па гэтым пытанні — напрыклад, забарона на экспарт збожжавых. Але справа ў тым, што з праблемамі ўраджаю сутыкнуліся і іншыя краіны, і яны могуць зрабіць такія ж меры, што і Беларусь, — гаворыць Леў Львоўскі.

Абмежаванне на экспарт нейкіх відаў харчавання іншымі краінамі ўскладніць Беларусі магчымасці імпартаваць яго. Але гэта толькі гіпотэза, у той час як захаванне цэн або нават іх рост на прадукцыю сельскай гаспадаркі праз праблемы з ураджаем як у Беларусі, так і па-за яе межамі, бачыцца даволі рэальным.

На інфляцыі ў Беларусі адбіваюцца таксама больш высокія сусветныя цэны на розную прадукцыю. Добра адбіваючыся на паказчыках па экспарце, яны ў той жа час перадаюцца на беларускі рынак у выглядзе больш высокай інфляцыі. Працягваюць уплываць на рост цэн і дзеянні дзяржавы ў эканамічнай плоскасці — напрыклад, адмена льгот на ПДВ або штучнае стрымліванне цэн на пэўныя тавары, а потым іх рэзкае падскокванне.

Але паколькі на некаторыя тавары цэны на сусветным рынку ўжо дасягнулі піка або прайшлі яго, то наперадзе ў больш працяглай перспектыве эканаміст чакае іх зніжэння. Значыць, падобная тэндэнцыя закране і Беларусь. Зыходзячы з гэтага, можна прагназаваць, што да канца года інфляцыя будзе ніжэй, чым паводле апошніх даных.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: