Рубель учора рэкордна абваліўся да долара — будзе дэвальвацыя?

Учора, 7 красавіка, беларускі рубель рэкордна абваліўся да долара — на біржы за 1 долар давалі 2,6676 беларускага рубля. Ці стане гэта пачаткам новай дэвальвацыі або прасадка часовая? Старшы аналітык кампаніі «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб расказвае пра гэта Myfin.by.

7 месяцаў адмерваюць — і адрэзалі

Да рэкорднай (ці, дакладней, антырэкорднай) мяжы беларуская валюта падбіралася крыху больш за 7 месяцаў: папярэдні рэкорд (2,6631) быў усталяваны 29 жніўня 2020 года. Myfin.by пацікавіўся ў Вадзіма Іосуба, з-за чаго здарыўся гэты рэкорд і чаго чакаць у далейшым?

— Новых рэкордаў. Апошні не стаў нечаканасцю па той прычыне, што на самой справе новы рэкорд курсу долара звязаны з адзіным знешнім фактарам, а менавіта — падзеннем да долара расійскага рубля.

Гэтае актыўнае падзенне пачалося яшчэ ў аўторак, калі таргі на БВФБ закрыліся, і працягнулася ў сераду.

Так што даволі рэзкае падзенне курсу беларускага рубля да долара — на 0,5% — гэта не толькі рэакцыя на падзеі на Маскоўскай біржы ў сераду, але яшчэ і «адыгрыванне» аўторкавага падзення.

Зразумела, з чым звязана падзенне расійскага рубля: гэта, па-першае, рост геапалітычнай напружанасці на ўсходзе Украіны, па-другое, пагроза новых санкцый у дачыненні да Крамля.

Рынак расійскіх рублёвых дзяржаблігацый адрэагаваў на гэта імгненна: замежныя інвестары сталі яго пакідаць, актыўна прадавалі гэтыя аблігацыі, а наўзамен куплялі валюту і выводзілі яе.

Вынікам гэтага стала падзенне расійскага рубля да абедзвюх галоўных валют — долар і еўра вярнуліся да ўзроўняў пачатку лістапада.

 

Беларускі рубель на самой справе добра сябе адчуваў!

— Паколькі пры росце долара да расійскага рубля амерыканская валюта аўтаматычна расце і да беларускага, а расійскі рубель падае, то скачок на рэкордную вышыню быў прадказальны.

Дарэчы, як бы дзіўна гэта ні выглядала, пры росце курсу долара на 0,5%, а еўра наогул на 1%, беларускі рубель у сераду ўмацаваўся!

Бо расійскі рубель страціў больш за 1%, і кошт валютнага кошыка падчас таргоў знізіўся. Так што гэта не падзенне беларускага рубля, не варта шукаць унутрыэканамічных прычын. Па сутнасці, гэта проста падзенне расійскай валюты аўтаматычна адбілася на самаадчуванні беларускага рубля.

Назваць гэта адзінай прычынай прывабліва, але не зусім дакладна. Бо на самой справе ўнутраныя прычыны ёсць, і яны досыць глабальныя. Галоўная — занадта моцная прывязка беларускай эканомікі, беларускага знешняга гандлю да расійскага рынку. І з гэтай глабальнай прычыны нашы валютныя курсы так моцна карэлююць з ваганнямі расійскага рубля.

— Ці не падаражэе расійскі рубель да беларускага? Працэнта на 2-2,5, да ўзроўню 3,50-3,55 рублёў? А долар, адпаведна, — да 2,75? Бо падзенне курсу расійскага рубля да беларускага негатыўна ўплывае на фінансавае становішча экспарцёраў.

— Каб раслі і расійскі рубель, і долар, неабходна падзенне беларускага рубля. Асаблівых прычын для гэтага тут і цяпер няма: валютны рынак збалансаваны — дзень у дзень з рэкордным курсам долара Нацбанк апублікаваў статыстыку па куплі / продажы валюты на ўнутраным рынку.

І калі падлічыць паводзіны ўсіх суб'ектаў на рынку (прадпрыемстваў-рэзідэнтаў, прадпрыемстваў-нерэзідэнтаў, банкаў і насельніцтва), то на рынку зафіксаваны нават чысты продаж валюты. Так, невялікі — каля 30 млн. долараў у эквіваленце, але ўсё ж: прапанова валюты перавышае яе попыт.

 

Пакуль прычын да абясцэньвання беларускага рубля няма

— Але яны могуць хутка з'явіцца, калі ўлады вырашаць маштабаваць аперацыю па выратаванні БМЗ на іншыя стратныя прадпрыемствы. Пакуль на гэтыя крокі не рашыліся, наш валютны рынак збалансаваны. Але няслушныя рашэнні ўлады лёгка могуць вывесці рынак са становішча балансу — і тады цалкам магчымыя тыя сцэнары, пра якія вы пыталіся.

— Гэта значыць, палохацца не варта? Дэвальвацыі не будзе?

— Варта, таму што эмісія і масавае выратаванне стратных дзяржпрадпрыемстваў яшчэ не пачаліся, але мы ад гэтага не застрахаваныя. Бо ўлады пастаянна абмяркоўваюць — як гэтым хранічна стратным дзяржаўным прадпрыемствам дапамагчы? Таму казаць пра тое, што ўсё добра і можна расслабіцца, — нельга. Пакуль вышэйадзначаныя безадказныя рашэнні не прынятыя, «усё добра».

Але ёсць адчуванне, што гэтыя безадказныя эканамічныя рашэнні могуць быць прынятыя ў любы момант. І тады хутка здарыцца «ўсё дрэнна».

Пераклад НЧ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: