Румас павiншаваў прадпрымальнiкаў на беларускай мове

Урад зрабіў акцэнт на наладжванні здаровага і бесперапыннага дзяржаўна-прыватнага дыялогу. Аб гэтым прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас сказаў на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года». Трансляцыя была ў фэйсбуку прэс-сакратаркi беларускага ўрада Аляксандры Iсаевай.
Фота: Дар’я Буракіна, TUT.BY

Фота: Дар’я Буракіна, TUT.BY

Зараз назіраецца істотны рост беларускага прадпрымальніцтва з пункту гледжання не толькі колькасных, але і якасных паказчыкаў. Я ўпэўнены, што далейшае развіццё залежыць ад прадпрымальніцкага сектара больш, чым ад іншых. Каб стварыць адпаведныя ўмовы, мы гатовы прыкласці максімум намаганняў, — адзначыў ён. — Працягваючы зададзены кіраўніком дзяржавы курс на ўдасканаленне дзейнасці ў прадпрымальніцкай сферы, урад праводзіць работу па ліквідацыі залішніх адміністрацыйных бар’ераў, з якімі сутыкаецца бізнес-супольнасць.

Так, спрошчаны патрабаванні да атрымання ліцэнзіі, палепшаны ўмовы дзейнасці суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры.

Тэхнапаркі атрымалі магчымасць праводзіць гнуткую арэндную палітыку ў дачыненні да рэзідэнтаў, а таксама ствараць фонды інавацыйнага развіцця, — сказаў Румас.

Прэм’ер-міністр Беларусі запрасiў прадпрымальнiкаў прыняць удзел у рабоце над развіццём сферы паслуг.

Паскораны рух у гэтым напрамку і інтарэсы бізнеса будуць улічаны пры распрацоўцы праграмы развіцця сферы паслуг да 2025 года. Нам важна ваша бачанне праблем і ваш крытычны погляд. Мы прапануем у рамках дыялогу рухацца далей і разам рабіць дзелавы клімат у Рэспубліцы Беларусь адным з лепшых у свеце, — сказаў Румас i павіншаваў пераможцаў конкурсу з заслужанай узнагародай.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!