Са свету па нітцы — голаму... вяроўка

Адны толькі прымаўкі прыходзяць на розум, калі сутыкаешся з дзейнасцю ЖКГ!
У свой час яна стваралася, каб вызваліць плённа працуючага на пабудове «камунізьму» кватэранаймальніка ад побытавых камунальных дробязяў. Але, відаць, пазайздросціўшы Афоню-сантэхніку (з папулярнай кінакамедыі) жывучага «прыпІваючы», бо ў яго заўсёды пад канец пятніцы знаходзіліся (для сябе прыпасеныя) ці пракладка швейцарская, ці шайба туніская, ці пакля з Грэнландыі, вядома ж, за даплату, нашы ратавальнікі ўсвядомілі: «Калі з’яву нельга перамагчы, то яе трэба ўзначаліць!»

Уласна, пра што ж я? А я з 1981 года жыву з сям’ёй у адной і той жа кватэры тады новага дзевяціпавярховіка, своечасова аплачваю жыроўку ЖЭУ-3, выраслую да 16 пунктаў. Сёлета ў сакавіку атрымаў поштай дамову «За бягучыя паслугі», па якой мушу заплаціць 191 рубель 90 капеек! Гэта за пабелку, пафарбоўку, і шпатлёўку лесвічнай пляцоўкі ля ліфту (здымак аб’екту дадаецца). Апроч маёй на паверсе — яшчэ тры кватэры, сумарна набягае пад 400 замежных долараў!

Гэта дзе ж ёсць такія расцэнкі? За такія тарыфы зараз «дацэнты з кандыдатамі» тэрмінова перакваліфікуюцца ў муляры-тынкоўшчыкі ЖЭУ. Але ж высвятляецца, што гэта Міністэрства ЖКГ дазваляе СВАІМ «законам».
Калі кожнае міністэрства СВАЕ законы пачне прасоўваць, то навошта нам тады заканадаўчая ўлада ў краіне?
Заўважу, што шмат ужо гадоў, як у жыроўцы з’явіўся і пункт пра ўнёсак на капітальны рамонт, але, пражыўшы тут 38 гадоў, апроч падобных (тады без даплаты) пары касметычных рамонтаў большага шчасця жыхары не бачылі.

Памятаю, што вядомыя «хрушчоўкі» разлічваліся на тэрмін эксплуатацыі ў 50 гадоў, а бальшыня стаіць аж і за 60, і не ведалі капрамонту. Нашыя ж дамы пазнейшага ўзору, але ім таксама маецца тэрмін да капрамонту. То калі? І наогул, НА ШТО ідуць грошы жыхароў?

Жыхары нашыя больш неабходнага «талерантна-рахманыя», моўчкі плацяць, а самі адзін аднаго палохаюць чуткамі пра наступную «радасць» — нібыта будзе ў нас замена ліфтоў на камфортныя, з канапай, з відэамузычным цэнтрам... А што!? Зхавалі ж адно — атрымайце наступнае!

Падобныя сітуацыі прыводзяць да таго, што давядзецца вяртацца да Магдэбургскага права (самакіравання): сабраць Народнае веча, абраць Маршалка, прызначыць скарбніка, адкрыць рахунак у банку дый адмовіцца ад паслуг ЖЭУ… Гарантую — выгада будзе заўважнай.

Не сумняваюся, і суседнія пад’езды і дамы далучацца, а тады і міністэрства навошта? А пакуль нагадаю на развітанне, мо моладзь міністэрская і не ведае: «Прагнасць фраера згубіла, дый не аднаго!!!» Мяркую, варта паразважаць.

P.S. У дамове прапісаныя правы ды абавязкі замоўніка і выканаўцы, пазначана, каму здаецца «аб’ект», тэрмін здачы 27 сакавіка 2019 года. На здымках можна пабачыць стан на палову верасня — з будаўнічым смеццем, з камунікацыйнымі кабелямі, якія былі кінутыя звешанымі на палову дзвярэй ліфту. То-бок: «Грошы не смярдзяць!»


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!