«Сацыяльная дзяржава»: У Беларусі павышаюцца цэны на хлеб і дзіцячае харчаванне

Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання анансавала павышэнне цэн на дзіцячае харчаванне і хлеб на 4,0% і 4,9% адпаведна.

Ілюстрацыйнае фота


« ...узгоднена павышэнне цэн на ўвесь асартымент дзіцячага харчавання юрыдычным асобам усіх форм уласнасці і індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць яго вытворчасць (увоз) і (або) рэалізацыю на ўнутраны рынак, у памеры, які не перавышае 4 адсоткі ў дачыненні да цэн на 28 лютага 2021 года», — цытуе паведамленне ведамства АФН.

«Улічваючы рост кошту асноўнай сыравіны, дапаможных матэрыялаў і тарыфаў на энерганосьбіты і паліва, удзельная вага якіх у сабекошце выпускаемай хлебабулачнай прадукцыі складае каля 50-60 адсоткаў, а таксама ў мэтах недапушчэння стратнасці вытворчасці асобных відаў хлеба і хлебабулачных вырабаў, узгоднена павышэнне цэн на ўвесь асартымент хлеба і хлебабулачных вырабаў юрыдычным асобам усіх форм уласнасці і індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць яго вытворчасць і (або) рэалізацыю на ўнутраны рынак, у памеры, які не перавышае 4,9 адсоткі ў дачыненні да цэн на 28 лютага 2021 года», — інфармуе МАРГ.

Павышэнне цэе пазначанымі суб’ектамі можа быць ажыццёўлена да 30 чэрвеня бягучага года, адзначаецца ў паведамленні.

Нагадаем, у лютым вытворцам, пастаўшчыкам і гандлю забаранілі падымаць цэны больш чым на 0,2% у месяц. «З 1 сакавіка 2021 года змяненне цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці не можа перавышаць 0,2 працэнта ў месяц да цэн на гэтыя тавары, якія склаліся на апошні дзень папярэдняга месяца...», — сказана ў пастанове ўрада №100. Павышэнне цэн вышэй за мяжу дапускаецца толькі па ўзгадненні з Камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: