Садаводаў чакае кіслы год?

Пакуль многія з нас набываюць у крамах польскія ды нідэрландскія яблыкі, беларускія з задавальненнем купляюць нашы ўсходнія суседзі.


Што праўда, час ад часу расіяне на мяжы ловяць фуры з садавіной без адпаведных дакументаў і пускаюць яе пад бульдозеры. А год таму наогул разгарнулася сапраўдная пладовая вайна, калі экспарт беларускіх яблыкаў ды груш падпаў пад забарону. Сёлета спакойна, але, згодна з прагнозамі, бліжэйшымі гадамі пастаўкі ў Расію беларускай садавіны скароцяцца і без экспартных табу.

Садавінавая вайна

Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расіі (Рассельгаснагляд) забараніла ўвоз яблык і груш з Беларусі ў красавіку 2019 года. Такое рашэнне было прынята пасля таго, як на беларуска-расійскай мяжы было затрымана больш за сотню машын з яблыкамі і грушамі або без неабходных суправаджальных дакументаў, або з сертыфікатамі пра беларускае паходжанне, у якое Рассельгаснагляд не паверыў. Бо, як сказаў кіраўнік гэтага ведамства Сяргей Данкверт, «беларускія калегі нам заяўлялі, што айчынныя яблыкі і грушы ў іх скончыліся яшчэ ў лютым».

Яшчэ да гэтага праз свае падазрэнні Рассельгаснагляд абмежаваў пастаўкі праз Беларусь расліннай прадукцыі з 33 краін Азіі ды Афрыкі (Індыі, Іарданіі, Конга, Малаві, Мазамбіку, Камеруну, Самалі, Нігерыі, Малі, Уганды, Пакістану, Судану, Непалу, Мадагаскару, Замбіі ды іншых). Быў дазволены толькі прамы ўвоз адтуль праз пункты пропуску, размешчаныя на расійскім участку знешняй мяжы Еўразійскага эканамічнага саюза. І, маўляў, адразу садавіна, нібыта выпрадукаваная ў згаданых краінах, перастала паступаць на тэрыторыю Расіі. Гэта стала доказам, што наша краіна экспартавала ў Расію прадукцыю з тых краінаў, якая падпала пад эмбарга (з Еўрасаюзу, Турцыі, Украіны). То-бок, «санкцыёнку».

Рассельгаснагляд заявіў, што мае ўсе падставы меркаваць, што наша краіна «сертыфікуе санкцыйную прадукцыю пад выглядам беларускай». Таму, паколькі расійскія фітасанітары не мелі актуальнай інфармацыі пра беларускія прадпрыемствы-вытворцы, аб’ёмы вытворчасці і захоўвання, а таксама ўлічваючы «факт падабенства прадукцыі, якая пастаўляецца з Беларусі, да санкцыйнай», з 12 красавіка 2019 года і былі ўведзены абмежаванні на пастаўкі яблык і груш. Праўда, часова, да «ўрэгулявання сітуацыі».

Развязаўся канфлікт ужо напрыканцы ліпеня. На шчасце нашых пладаводаў, акурат да сезону. Дазвол на экспарт быў дадзены пад гарантыі Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Беларусі пасля таго, як інспектары Рассельгаснагляду вывучылі нашы вытворчыя магутнасці на прадпрыемствах па вырошчванні яблык. Была ацэнена праца 51 прадпрыемства і атрымана інфармацыя пра плошчы садоў, іх гатунковы склад і ўраджайнасць, а таксама пра наяўнасць фруктасховішчаў і тэрміны захоўвання беларускіх яблык. А некаторыя гатункі, дарэчы, могуць захоўвацца без хімічных апрацовак 4–6 месяцаў.


Раздзяўбалі яблыкі і грушы

Між тым, і сёлета ў зводках Рассельгаснагляду паведамляецца пра затрыманні на мяжы беларускіх фураў з садавіной — за тое, што яна пастаўляюцца без належных дакументаў. Кантрабандай. Такая прадукцыя не канфіскуецца, а знішчаецца на спецыяльных палігонах. Папросту раструшчваецца бульдозерамі. У Расіі не спыняюцца дыскусіі наконт таго, ці варта гэта рабіць, у той час калі значная частка насельніцтва жыве ў беднасці. Гучаць прапановы раздаваць харчаванне (і не толькі кантрабандную садавіну) людзям.

Якія аргументы «за» і «супраць» знішчэння «незаконнай» ежы? Тыя, хто выступае за ўтылізацыю, кажуць так: калі «санкцыёнку» не знішчаць, то пачнуцца злоўжыванні, карупцыя. Замест ліквідацыйных палігонаў харчаванне паедзе не да бедных сем’яў, а апынецца па шэрых схемах на крамных прылаўках па дэмпінгавых коштах. Такім чынам створыцца несумленная канкурэнцыя з мясцовымі вытворцамі. Яшчэ адзін аргумент — клопат пра бяспеку грамадзян. Паколькі санкцыйная ежа патрапляе ў Расію па сфальсіфікаваных дакументах, то пра яе няма праўдзівай інфармацыі: невядома, як яна захоўвалася, перавозілася, ці бяспечная для здароўя? Дабрачынныя фонды хацелі б раздаваць «санкцыёнку», але яны не могуць пацягнуць неабходныя экспертызы канфіскаваных партый харчавання.

Пазіцыя «супраць» палягае ў тым, што гэта павінна ўзяць на сябе дзяржава: правядзенне праверак на дабраякаснасць абыдзецца танней, чым утылізацыя. Але, па ўсім, знішчэнне «санкцыёнкі» патрэбна расійскім уладам у ідэалагічных мэтах.

Калі ў 2018 годзе Беларусь экспартавала 82 тысячы тонаў свежых яблык і крыху меней груш, то ў 2019-м — толькі 54 тоны. Асноўны кірунак — Расія. А прычына скарачэння аб’ёмаў паставак — не ў строгім стаўленні да беларускай прадукцыі праз кантрабандныя пастаўкі, а ў тым, што нашы суседзі ўсур’ёз узяліся за развіццё садаводства. За апошнія пяць гадоў там закладзена 70 тысяч гектараў новых садоў і гадавальнікаў. У наступныя пяць гадоў яны з’явяцца яшчэ на 55 тысячах гектараў. Для параўнання, у Беларусі паводле Дзяржаўнай праграмы развіцця аграбізнесу штогод адбываецца закладка 500 гектараў садоў. У 2024 годзе ў Расіі плануецца сабраць толькі сельгасарганізацыях 2,1 мільёна тонаў садавіны. Гэта ўтрая болей, чым у 2017-м, — 700 тысяч тонаў.

Адпаведна, апошнімі гадамі ў Расіі расце вытворчасць тых самых яблыкаў і скарачаецца іх імпарт — летась на 80 тысяч тонаў. Паводле прагнозаў, яблычны імпарт з Беларусі працягне змяншацца і ў 2020 годзе. Пры гэтым зніжаюцца экспартныя кошты. Сусветны рынак яблыкаў апошнімі гадамі перажывае стагнацыю. Вытворчасць расце, нарошчваюць уласную таксама краіны-імпарцёры, а спажыванне гэтага віду садавіны скарачаецца праз цікавасць да ягад і экзатычных фруктаў.


Каронавірус згнаіць ураджай?

А ў 2020 годзе праз каронавірус і падзенне коштаў на нафту, па прагнозах сельскагаспадарчых экспертаў ААН, яблычны рынак чакаюць рэкордныя ў гісторыі страты. Аб’ём сусветнага гандлю яблыкамі і яблычным канцэнтратам скароціцца на 1 мільярд долараў (апошнія гады ён — каля 8 мільярдаў). Паколькі чакаецца абвал сусветных коштаў, садаводам не пазайздросціш. Яблыкі нават самай высокай якасці будзе ўвогуле вельмі складана прадаць. Збор ураджаю можа не акупіцца продажам. Значная частка яблыкаў папросту згніе. Больш за ўсіх пацерпяць Польшча, Украіна, Малдова, Турцыя.

Выйсце можа быць у стаўцы на перапрацоўку. І напэўна, беларускіх свежых яблыкаў стане больш у нашых крамах: у 2019 годзе іх доля ў продажах там склала толькі чвэрць. Беларускія перапрацоўшчыкі садавіны, у прыватнасці яблыкаў, чаго толькі з іх ні вырабляюць — ад чыпсаў да кальвадосу. Гэты яблычны алкагольны напой (брэндзі) прадукуюць некалькі беларускіх прадпрыемстваў (напрыклад, «Ілаўскае» і Пінскі вінаробны завод). Таксама трэнд апошняга часу на беларускіх заводах — слабаалкагольны сідр і натуральнае садавінавае віно. Але нават пляшка з этыкеткай «Чорнапарэчкавае» на 20% будзе з яблычнага вінаматэрыялу. Так што, яблыкі — наша ўсё.

Ну і, канешне, сокі ды пюрэ для дзіцячага харчавання. Гэтая беларуская прадукцыя годна пратэставаная арганізацыяй «Расякасць», якая даследуе харчаванне па даручэнні расійскага ўраду. Паўгода таму аналізавалася яблычнае дзіцячае пюрэ. Максімальныя 5 пунктаў атрымала пюрэ «Маленькае шчасце» ад ААТ «Белфуд прадакшн». А вось пюрэ «Расці вялікі» і «Хацінка» Маларыцкага кансервагароднінасушыльнага камбіната атрымалі 4 пункты. Усё добра: «У складзе пюрэ няма цукразамяняльнікаў і падсаладжальнікаў. Крухмал адсутнічае. Вытворца не эканоміў на сыравіне. На гэта ўказвае высокае ўтрыманне яблычнай кіслаты...». Але былі знойдзеныя сляды пестыцыду, утрыманне якога, аднак, у прадукцыі на цяперашні момант у Расіі ніяк не нармуецца і не кантралюецца. Таму, у прынцыпе, пюрэ адпавядаюць абавязковым патрабаванням.

Раней у даследаванні «Расякасці» яблычных сокаў высокія 4,9 пункта з 5 атрымаў сок «Villa Dini», выраблены на прадпрыемстве «Аазіс груп», якое паўстала ў сярэдзіне 2000-х гадоў на базе набытага бізнесоўцамі Бабруйскага кансервавага завода.

Дарэчы, апошнімі гадамі беларускія вытворцы павялічылі экспарт сухафруктаў і сокаў. Але ці спрацуе гэта ў крытычным для яблычнікаў 2020 годзе?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: