Самы сакрэтны дакумент урада

Сярод праваабаронцаў з пачатку жніўня ходзіць показка: «Ніколі такога не было — і вось зноў». У тым сэнсе, што тое, што адбываецца навокал, ужо было, але грамадства гэтага не заўважала. Аднак адзін крок нашага ўрада сапраўды прэтэндуе на званне «ніколі такога не было». Урад засакрэціў сваю пастанову «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці Рэспублікі Беларусь на 2021 год».


Не вельмі і хацелася…

Такая сакрэтнасць — вельмі дзіўная. Па-першае, падобныя дакументы былі, хутчэй, прапагандысцкімі. Проста народу паказвалася, што ў планах дзяржавы — стабільнае эканамічнае развіццё. А значыць, заклік «Квітней, Беларусь!» мае пад сабой нейкі грунт.

Па-другое, усе гэтыя пастановы былі не вельмі блізкія да рэальнасці. Возьмем хаця б аналагічны план на мінулы год.

Напрыклад, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2020 год прадугледжваў рост ВУП на 2,8% (рэальна — мінус 0,9%, паводле афіцыйнай статыстыкі), рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — на 2,4% (паводле Белстата, гэты паказчык нават перавыкананы — 4,6%). Прадукцыйнасць працы па ВУП павінна была вырасці на 2,6%, а рэальна — знізілася на 0,5%. Планаваўся рост экспарту тавараў і паслуг на 3,6%, але «каронапсіхоз» абваліў гэты паказчык аж да мінус 11,7%. Зразумела, у выніку засталася нявыкананай задача займець станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі на плюс 1% да ВУП. Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове планаваліся ў памеры $1,7 мільярда, а склалі $1,3 мільярда. Прычым, гэтыя $1,3 мільярда Мінфін палічыў як інвестыцыі «ў рэальны і банкаўскі сектары эканомікі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў продаж нерухомай маёмасці». Інфляцыя закладвалася не больш за 5%...

Як бачым, выкананы толькі адзін пункт прагнозу. І тое не ведаеш, радавацца з гэтай нагоды ці сумаваць. Рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва на 4,6% пры зніжэнні прадукцыйнасці працы на 0,5% і падзенні ВУП на 0,9% ясна паказвае: гэтых грошай мы не зарабілі. Улады проста пагуляліся са статыстыкай і з друкарскім станком: адсюль і інфляцыя ў 7,4%, што ў паўтара разы большая за прагнозныя 5%.

Але дрэнныя былі мэты прагнозу ці добрыя, рэалістычныя ці не, — яны ўсё-ткі былі. Урад хаця б гаварыў, на што трэба арыентавацца і якія, зыходзячы з гэтага, крокі рабіць у эканоміцы краіны.

Цяпер мэт, да якіх ураду трэба імкнуцца, дэ-факта, няма. Засакрэчванне прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця можа сведчыць, што ўлады проста не могуць растлумачыць яго насельніцтву. А значыць, самі не разумеюць, што рабіць, куды рухацца, да чаго імкнуцца. Няма ні стратэгіі, ні тактыкі, як гэтага развіцця дасягнуць. І, мабыць, урад будзе проста рэагаваць на ўзнікаючыя выклікі — сітуацыйна.

Аднак сітуацыйнае рэагаванне ніколі не прыводзіла да росту і развіцця. У лепшым выпадку, у час сітуацыйнага рэагавання толькі ставілі латкі на прарэхі ў беларускай эканоміцы. У горшым — наяўнасць гэтых дзірак проста канстатавалася.

Няма справы да «ябацек»

У той жа час улада чарговым разам паказала, чаго для яе вартае меркаванне народа. Прычым, нават не таго народа, які вывешвае ў вокнах бел-чырвона-белыя сцягі і патрабуе яе сыходу. Наплявалі, у першую чаргу, на меркаванне сваіх жа прыхільнікаў.

Памятаеце, з якімі ўзнёслымі тварамі «ябацькі» ішлі ў цемры на Усебеларускі народны сход? Так, вядома, былі там і такія, якія ведалі, што ад іх меркавання нічога не залежыць. Аднак гэтыя людзі ўсімі сіламі спрабавалі ўхіліцца ад удзелу ў гэтым мерапрыемстве. А тыя, у каго ўхіліцца не атрымалася, ці свядомыя ўдзельнікі сходу аднагалосна прынялі чарговую «лёсавызначальную» рэзалюцыю.

У прыватнасці, у гэтай рэзалюцыі гаварылася: «Ключавымі эканамічнымі фактарамі ў бягучай пяцігодцы будуць эфектыўнае размеркаванне рэсурсаў, удасканаленне сістэмы кіравання дзяржактывамі, роўнае развіццё арганізацый усіх форм уласнасці... Галоўнымі ў сацыяльна-эканамічнай палітыцы застануцца надзённыя пытанні жыцця людзей — справядлівае цэнаўтварэнне, прымальныя тарыфы на асноўныя паслугі, эфектыўная занятасць і забеспячэнне годнай аплаты працы».

І ў гэтай жа рэзалюцыі было вырашана «даручыць дзяржаўным органам прыняць вычарпальныя меры па дасягненні пастаўленай мэты і рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны».
Дзе мы бачым «рэалізацыю прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны»? Правільна, нідзе, таму што яны засакрэчаныя. То-бок, усё, дзеля чаго «ябацькі» два дні праседжвалі штаны ды ездзілі ў Мінск, выкінутае ў сметніцу. Яны стварылі патрэбную карцінку — і ўсё. Цяпер іх меркаванне і іх рашэнні нікога не цікавяць. Вось такія яны — «усенароднае абмеркаванне», «лёсавызначальныя рашэнні» і павага ўлады да думак сваіх жа прыхільнікаў.

Сакрэтнасць ад розуму?

Ёсць яшчэ адно, больш прыемнае, але больш песімістычнае тлумачэнне «засакрэчвання» прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Мажліва, гэта зроблена ў сувязі з тым, што ні пра якое «развіццё» ў прагнозе гаворкі няма і ўсе параметры гэтага дакумента сведчаць, што эканоміка Беларусі будзе каціцца ў прорву.

Чаму такое тлумачэнне песімістычнае — зразумела, але чаму «прыемнае»? Таму што тады давядзецца прызнаць: ва ўрадзе сядзяць людзі, якія цвяроза ацэньваюць сённяшнюю сацыяльна-эканамічную і палітычную сітуацыю. Яны ўсведамляюць, што Беларусь знаходзіцца ў глыбокім крызісе, і на гэты крызіс збіраюцца рэагаваць у меру сваіх сіл і магчымасцей. Усё ж, напэўна, людзі не проста так трапляюць на міністэрскія пасады?

Прыкладна так разважае эканаміст Леў Марголін.

«Я не думаю, што ва ўрадзе няма плана, план у іх, хутчэй за ўсё, ёсць. Іншая справа, што назва гэтага плана сведчыць не пра тое, пра што ён складзены. Ні пра якое сацыяльна-эканамічнае развіццё ў 2021 годзе гаворка ісці не можа. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то, напэўна, гэты план павінен быў бы называцца “План выратавання беларускай эканомікі ў 2021 годзе”. Зразумела, што пры бягучай сітуацыі эканоміка рана ці позна абрынецца. Але можна зрабіць, каб яна не павалілася ў 2021 годзе, а павалілася ў 2022-м. Гэта значыць, у нас — як звычайна: “Дзень прастаяць ды ноч пратрымацца”.

І менавіта таму, што развіцця няма, а гаворка ідзе пра нейкія мабілізацыйныя меры, якія павінны даць магчымасць вытрымаць гэты перыяд у надзеі на нешта лепшае, — гэта і прымушае засакрэчваць дакумент. Таму што, у адваротным выпадку, ён можа толькі ўзмацніць паніку, а паніка — гэта непажаданая з’ява як на грашовым рынку, так і на таварных рынках, і гэтак далей», — лічыць Марголін.

Акрамя таго, эканаміст адзначае: паміж планамі самімі па сабе і ажыццяўленнем гэтых планаў — вялікая розніца. «Наяўнасць плана не гаворыць пра яго ажыццяўляльнасць — сапраўды, гэтак жа, як планы, агучаныя на 2025 год, таксама не азначаюць, што яны будуць выкананыя. Хутчэй, наадварот: любы студэнт першага курса эканамічнага факультэта разумее, што гэтыя планы — невыканальныя ў прынцыпе. Так і тут: планы ёсць, але адзінае, што яны рэальна адлюстроўваюць, — існуючую сітуацыю. Таму іх і засакрэцілі — каб не палохаць людзей», — кажа эксперт.

Пра тое, што ж можа быць у гэтым дакуменце, нам застаецца толькі здагадвацца. «Можа, у гэтым плане ідзе гаворка пра тое, што трэба ў кожным раённым цэнтры размясціць вайсковыя часткі — на ўсялякі выпадак. Можа — прыгатавацца да ўвядзення картак, як у пачатку 1990-х гадоў. Усё можа быць. Але факт застаецца фактам: калі дакумент засакрэчаны, то, як мінімум, ён існуе».

Ці дапаможа «сакрэтны план»?

Агульную ж сітуацыю ў эканоміцы Леў Марголін параўноўвае з тым самым засакрэчаным дакументам урада Галоўчанкі: няма дакладнай інфармацыі — і няма пэўнасці. «Для таго, каб цяпер даваць нейкія ацэнкі бягучай сітуацыі, у нас недастаткова інфармацыі. Але тэндэнцыі вызначыліся. Па-першае, эканоміка, пазбаўленая інвестыцый — гэта як аўтамабіль, пазбаўлены запраўкі. Нейкі час ён будзе ехаць, пакуль ёсць бензін у баку, але колькі засталося гэтага бензіну — незразумела. Па-другое, золатавалютныя рэзервы Беларусі змяншаюцца. Але якая частка з іх ліквідная, а якая не — незразумела. У ЗВР жа ёсць і зліткі, і манетарнае золата, а гэта такая рэч, якую мы ацэньваем па адной цане, але калі заўтра іх спатрэбіцца тэрмінова прадаць, цана можа рэзка ўпасці. Зноў жа, мы не ведаем валютны склад нашых ЗВР — там могуць быць і расійскі рубель, і юань. Яшчэ трэба мець на ўвазе рост знешняй запазычанасці і запазычанасці наогул... Таму казаць нейкімі канкрэтнымі фразамі пра сённяшні эканамічны стан складана. Эканоміка — такая рэч, якая не бурыцца ў адзін момант, як гэта бывае з палітычнымі рэжымамі», — адзначае Марголін.

Паводле яго слоў, «уваходныя ўмовы», — тое, што існуе цяпер, — паказваюць, што эканоміка ідзе да краху. Але наколькі доўгі будзе гэты шлях?

«Мяркуючы па тым, што план выратавання эканомікі засакрэчаны, гэта шлях, напэўна, будзе не вельмі доўгі», — адзначае эксперт.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: