Сеанс чорнай магіі з яе выкрыццём

Шыла ў меху не схаваеш. Аднак спецыялістам патрэбная рэальная інфармацыя, каб прымаць адэкватныя рашэнні. А таму раз-пораз прарываюцца цікавыя лічбы ў выданнях, якія шараговы беларус не чытае.

У чарговым нумару «Банкаўскага весніку» экс-памочнік беларускага кіраўніка, доктар эканамічных навук і пасол у Кітаі Кірыл Руды раптам выдаў дзяржаўную таямніцу. Насуперак вясёлкавым заявам уладаў, паказчыкі прамых замежных інвестыцый дэманструюць іх адток з Беларусі. Гэтая тэндэнцыя пачалася ў мінулым годзе і працягвалася ў гэтым.

Аналізуючы скарачэнне прытоку замежных інвестыцый, Руды адзначае, што з 2015 года ў Беларусі стала больш закрывацца, чым адкрывацца, арганізацый з замежным капіталам. Пры гэтым колькасць арганізацый з замежнымі інвестыцыямі ў першым квартале 2016 года ў параўнанні з 2015 годам скарацілася ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, што кажа пра наяўнасць сістэмных прычын.

Беларусь традыцыйна цікавая даволі вузкаму колу інвестараў: у 2015 годзе 54,8% усіх прамых замежных інвестыцый прыйшло праз Расію і Кіпр — нягледзячы на тое, што нам усе вушы пражужжалі пра Кітай, Катар і Арабскія Эміраты. Прычым, як высветлілася, у Сінявокую ўкладаюцца адзінкі: за 2011–2015 гады на пяць найбуйнейшых замежных інвестараў (у тым ліку «Кронаспан», «Хайнекен», «Штадлер») прыйшлося 40% укладанняў замежнага капіталу ў статутныя фонды.

Ёсць у артыкуле Рудага і іншыя цікавыя лічбы. «Па выніках апытання 46 замежных арганізацый 33 з іх назвалі галоўным бар’ерам для інвеставання ў Беларусь падзенне плацежаздольнага попыту», — піша Руды. У 2015 годзе рэальныя даходы насельніцтва ўпалі на 5,9%, спажыванне — на 3,6%. Пагаршэнне ўмоў для інвеставання звязваецца і са скарачэннем вытворчасці працы, якая за 2015 год у доларавым эквіваленце ўпала амаль на траціну — на 28%!

Руды звяртае ўвагу і на рызыку скасавання інвестыцыйных пагадненняў. За 2009–2015 гады ў Беларусі было заключана 1844 інвестыцыйныя дамовы. З іх рэалізавана толькі траціна — 642 дамовы. Скасавана больш — 663. «Асноўнай прычынай скасавання стала невыкананне ўзятых інвестарам на сябе абавязацельстваў, якія апынуліся цяжкімі», — канстатуе Руды.

І, дарэчы, экс-памочнік кіраўніка Сінявокай кажа пра тое ж, пра што мы згадвалі літаральна ў пазамінулым нумары, прапануючы ацаніць бізнэс-клімат праз прызму «пасадак» бізнесоўцаў. Па інфармацыі Рудага, у 2014 годзе суды разглядалі 9 792 адміністрацыйныя справы па правапарушэннях у эканамічнай сферы. У 2015-м іх колькасць узрасла да 13 361! «Асноўны ўнёсак у сілавым ціску на беларускую эканоміку ў 2015 годзе зрабілі Міністэрства па падатках і зборах і Дзяржаўны мытны камітэт», — зазначае эксперт.

Мы ўжо ўсе плешы праелі, кажучы пра інвестыцыйны клімат у краіне. Бачна, Руды чытае і «Новы Час» таксама. Праўда, ён называе кепскі бізнес- і інвестклімат (увага!) «беларускімі культурнымі асаблівасцямі»!

«У Беларусі ёсць культурныя асаблівасці, якія ў доўгатэрміновым перыядзе становяцца бар’ерамі для замежных інвестыцый, — піша Руды. — Да найважнейшых з іх адносяцца арыентацыя на савецкае мінулае, на кароткатэрміновы вынік. У цэлым у Беларусі назіраецца спажывецкае стаўленне да замежнага інвестара».

«Па прычыне ўкаранёнай савецкай ментальнасці створаныя ў часы СССР дзяржаўныя прадпрыемствы захоўваюцца, не змяняючы рэальнага ўласніка, нягледзячы нават на іх акцыянаванне. Пры гэтым рызыка нацыяналізацыі разглядаецца як магчымасць аднавіць «народную» справядлівасць. Абмежаваная мабільнасць перш за ўсё старэйшых пакаленняў выцякае з такіх рысаў, як арыентацыя на савецкае мінулае, патэрналізм і калектывізм. Гэта вядзе да ментальнай ізаляцыі, правінцыйнасці, бар’ера да культурнай дыфузіі, фармаванню дзіўнага светапогляду фантазіявання і веры ў неверагодныя рэчы» — зазначае Руды.


Руды лічыць, што гэта ментальнасць беларусаў уплывае на інвестыцыйны клімат. Я ж скажу — наадварот. Гэта інвестыцыйны клімат уплывае на ментальнасць беларусаў. Пагадзіцеся, гэта не беларусы (дакладней, не ўсе беларусы) абцяжарваюць інвестыцыйныя праекты ўмовамі «захаваць сацыяльную інфраструктуру». Не ўсе беларусы некалькі разоў на год, як мантру, паўтараюць: «Прадпрыемствы прадаваць мы не дазволім!» Гэта не беларусы, «аднаўляючы народную справядлівасць», забралі «Спартак» у інвестара з ЗША. І не ўсе беларусы не дазваляюць «змяняць рэальнага ўласніка прадпрыемства, нягледзячы нават на акцыянаванне».

Паляпшэнне інвестыцыйнага клімату залежыць, найперш, ад улады. І вырашаецца гэтая праблема некалькімі ўказамі. Але эканамічная самастойнасць непазбежна цягне за сабой і палітычную. Бо калі беларусы пазбавяцца «такіх рысаў, як арыентацыя на савецкае мінулае, патэрналізм і калектывізм», дзе апынецца сённяшняя ўлада?

Што ж з усім гэтым рабіць, і чаму Рудаму не знеслі галаву за такія крамольныя размовы? Ды таму, што наш пасол у Паднябеснай проста канстатуе факты. А вырашаць сітуацыю ён прапануе за кошт «прадуманай піяр-кампаніі, накіраванай на развіццё рацыянальных, а не эмацыйных адносінаў да эканамічнай рэчаіснасці».

Як кажуць у інтэрнэтах: «Бу-га-гашачкі!». Наша ўлада гэтым займаецца дзесяцігоддзямі! Замест рэфармавання эканомікі нам увесь час кажуць, што ў нас усё хораша і добра жыць у сінявокай. Стабільнасць і няма вайны. Піяр замест рэформаў.

Але, як казалася вышэй, шыла ў меху не схаваеш. І вось вам чарговы падарунак да Новага года. Да ягонага прыходу ў Беларусі ў чарговы раз падаражэе праезд у грамадскім транспарце. Павышэнне кошту праезду плануецца па ўсёй рэспубліцы на адну і тую ж суму — 5 капеек. Такім чынам, у абласных цэнтрах кошт праезду пасля павышэння складзе 45 капеек, у Мінску паездка ў наземным грамадскім транспарце будзе каштаваць 55 капеек, а ў метро — 60. Пры гэтым праязныя ў сталіцы, як чакаецца, падаражэюць на 5%.

І, заўважце, сёлета мы яшчэ не чулі фразы «замарозіць цэны, каб народ прыстойна адсвяткаваў Новы год».

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: