Сямашка: да завяршэння падатковага манеўру Беларусь страціць 14,2 млрд долараў

Пасля завяршэння Расіяй падатковага манеўру беларускія нафтаперапрацоўшчыкі будуць атрымліваць нафту па сусветных цэнах, піша «Еўрарадыё».

Уладзімір Сямашка. Фота tut.by

Беларускі бок працягвае разлічваць на кампенсацыю Расіяй наступстваў падатковага манеўру, заявіў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка ў інтэрв'ю ТАСС.

"Найбольш актуальная тэма па нафце сёння, у сувязi з прыняццем расійскімі калегамі ў аднабаковым парадку рашэння па ўвядзенні падатковага манеўру, — гэта кампенсацыя беларускім НПЗ іх выдаткаў з прычыны пераводу іх у найбліжэйшай перспектыве на сусветныя закупачныя цэны. Сумесна шукаем варыянты вырашэння гэтай няпростай праблемы".

Пасол Сямашка лічыць, што ва ўрада Расіі ёсць разуменне праблем Беларусі ў сувязі з падатковым манеўрам і цяпер абмяркоўваецца механізм кампенсацыі:

"Мы прыступілі да абмеркавання кампенсацыйных механізмаў. Яны могуць быць як у выглядзе міжбюджэтных трансфераў, так і ў выглядзе змены формулы цаны нафты, унясення ў яе спецыяльнай зніжкі. Памер жа кампенсацыі відавочны для двух бакоў: павінна быць кампенсавана розніца ў вывазных мытных пошлінах, памножаная на аб'ём нафты, якая пастаўляецца".

На першым этапе манеўру Беларусь страціла 3,6 млрд долараў, якія ніяк не кампенсаваныя, і гэта не апошнія страты:

"Калі ўсё пакінуць так, як ёсць, то за час, які застаўся да завяршэння падатковага манеўру, Беларусь страціць яшчэ 10,6 млрд долараў пры сусветнай цане нафты 70 долараў за барэль і 8,8 млрд долараў пры цане 60 долараў за барэль".

Пасля завяршэння падатковага манеўру беларускія нафтаперапрацоўшчыкі будуць атрымліваць нафту па сусветных цэнах:

"У выніку чаго Беларусь будзе штогод пераплачваць Расіі па 3 млрд долараў. Нават пры прагназаваным у перспектыве росце гадавога ВУП Беларусі да 100 млрд долараў (цяпер — 60 млрд) для нас гэта не проста вялізныя лічбы, гэта вельмі вялікі цяжар",— заявіў Уладзімір Сямашка.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!