Сямашка: Перамовы па цане на газ адновяцца пасля фармавання ў Расіі новага ўрада

Беларускія ўлады плануюць аднавіць перамовы аб цане на газ пасля фармавання новага ўрада ў Расіі, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка журналістам у Краснаярску, дзе праходзіць эканамічны форум.

"Чакаем фармавання новага ўрада Расіі пасля інаўгурацыі прэзідэнта. Зразумела па-чалавечы, чаму так адбываецца", — сказаў ён.

Сямашка дадаў, што сёння абмяркуе дату перамоў з расійскім калегам Аркадзем Дварковічам. "Размова будзе кароткай — калі адновяцца газавыя перамовы", — цытуюць віцэ-прэм'ера расійскія інфармагенцтвы. Сямашка адзначыў, што запланаваныя для абмеркавання і іншыя тэмы, якія тычацца эканамічнага супрацоўніцтва Расіі і Беларусі.

Сітуацыю, калі Беларусь плаціць за газ у два разы больш, чым спажыўцы памежнай Смаленскай вобласці РФ, беларускі бок не можа "прызнаць нармальнай", заявіў Сямашка. У якасці прыкладу ён прывёў Мінскі аўтазавод, які атрымлівае газ па цане 286 долараў за тысячу кубаметраў, тады як яго расійскія канкурэнты — па 65 долараў.

Віцэ-прэм'ер таксама паведаміў, што сёлета Беларусь чакае ад Расіі пастаўкі 18 млн тон нафты. "У нас у балансе запісана 24 млн тон, але там ёсць розныя схемы. Рэальна 18 млн тон мы атрымаем, перапрацуем, нас гэта цалкам задавальняе сёлета", — растлумачыў ён.

На пытанне, які аб'ём нафты быў пастаўлены з Расіі ў Беларусь у першым квартале гэтага года, Сямашка адказаў: "Там раўнамерна пастаўкі ідуць па кварталах. Мы ўдзячныя расійскаму боку і Мінэнерга Расіі, усё ідзе нармальна, сістэмна".

На гэты момант паміж Беларуссю і Расіяй дзейнічаюць дамоўленасці аб цэнах на расійскі газ на 2017—2019 гады. Яны былі дасягнутыя пасля спрэчкі, што доўжылася паміж бакамі амаль год. "Мы ставім пытанне, што цана на мяжы павінна быць калі не роўнай, то блізкай да цаны для Смаленскай вобласці Расіі. Калі рынак агульны, то і цэны павінны быць роўнымі. Але пакуль гэтага няма", — растлумачыў Сямашка ў лютым. Тады ж ён паведаміў, што да канца 2017 года бакам дамовіцца не ўдалося. Апошні раз яны з віцэ-прэм'ерам расійскага ўрада Аркадзем Дварковічам сустракаліся 7 лютага ў Маскве.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!