СМІ: тры дацкія інвестфонды пазбавіліся дзяржаблігацый Беларусі

Тры дацкія інвестфонды пазбавіліся дзяржаблігацый Беларусі — гэта «BankInvest», «Jyske Invest» і «Sparinvest». «Nordea» вырашыла іх захаваць. Пра гісторыю з беларускімі дзяржаблігацыямі і дацкімі інвестфондамі распавялі дзве буйныя газеты Даніі — «Berlingske» і «Børsen».


Рашэнне аб адмове ад аблігацый ухваліў міністр замежных спраў Даніі Ёпе Кофад, паведамляе REFORM.by са спасылкай на «Berlingske».

Паводле слоў кіраўніка аддзела адказных інвестыцый «BankInvest» Мадса Берандта Сандэргаарда, пасля выбараў фонд пачаў працэс продажу беларускіх дзяржаблігацый, які завяршыўся ў кастрычніку мінулага года. Ён тлумачыць гэта масавымі фальсіфікацыямі на выбарах і гвалтам супраць пратэстоўцаў.

Кіраўнік аддзела інвестыцыйнага кантролю «Jyske Invest» Расмус Крысціян Могенсен паведаміў, што кампанія прадала беларускія дзяржаблігацыі ў пачатку гэтага года з-за палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне на фоне крызісу пасля выбараў.

Гендырэктар «Sparinvest» Ёрген Сагаард-Андэрсан таксама запэўніў, што на гэты момант у фондзе няма беларускіх дзяржаўных аблігацый: працэс продажу партфеля еўрабондаў Беларусі быў пачаты пасля выбараў у жніўні мінулага года і завершаны да 4 сакавіка.

«Мы гэта зрабілі, паколькі, паводле нашых ацэнак, бягучая сітуацыя ў Беларусі не адпавядае нашым прынцыпам інвеставання», — растлумачыў рашэнне кіраўнік «Sparinvest».

Кіраўнік дацкага МЗС Ёпе Кофад ухваліў дзеянні тых інвестфондаў, што адмовіліся ад дзяржаблігацый Беларусі.

«Цалкам відавочна, што сваёй пастановай не прызнаваць перамогу Лукашэнкі на выбарах я таксама пасылаю палітычны сігнал, што Данія не хоча быць звязаная са злачынствамі яго рэжыму. Я рады, што гэты сігнал быў пачуты ў шэрагу інвестыцыйных асацыяцый. Лічу, што мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб прадухіліць нават ненаўмысную падтрымку злачынстваў рэжыму Лукашэнкі», — заявіў ён.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: