СМІ Украіны: Лукашэнку кормяць украінскія дарогі

Украіна не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам, але пры гэтым фінансуе беларускі антыдэмакратычны рэжым з бюджэту.

Нягледзячы на тое, што Украіна афіцыйна не прызнала вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, а кантакты на вышэйшым узроўні замарожаныя, украінскія падаткаплацельшчыкі спраўна падтрымліваюць «крывавы рэжым» з уласнай кішэні. Праз падрады, якія беларускія дзяржкампаніі атрымліваюць на будаўніцтва дарог ва Украіне, паўночнаму суседу «капаюць» дзясяткі мільярдаў грывен «братэрскай дапамогі». Больш за тое, у цэлай галіны існуе рызыка трапляння пад штрафы ад ЗША за працу з беларускім бізнесам, піша Кірыл Пятрэнка на сайце УНІАН.


5 мільярдаў для рэжыму

Пасля сфальсіфікаваных выбараў у Беларусі ў афіцыйнага Кіева не было асаблівай прасторы для палітычных манеўраў. Логіка еўраінтэграцыйных працэсаў падказала адзіны правільны шлях: падтрымаць эканамічныя і палітычныя санкцыі Еўрасаюза супраць чыноўнікаў і бізнесу паўночнага суседа. Тым не менш, у паралельнай рэальнасці дзяржказначэйства працягвае фінансаваць антыдэмакратычны рэжым Лукашэнкі грашыма ўкраінскіх падаткаплацельшчыкаў праз падрады беларускім дзяржкампаніям на будаўніцтва, рамонт і рэканструкцыю дарог ва Украіне.

Паводле даных сістэмы «Prozorro», толькі за апошнія 4 гады (з 2018 па 2021) тры дзяржаўныя беларускія прадпрыемствы — ААТ «ДСТ №2, г. Гомель», ААТ «ДСТ №4, г. Брэст» і ААТ «СМТ №8» падпісалі з дарожнымі службамі Украіны 42 дамовы на суму больш за 5 млрд. грн. Частка дамоў будзе выконвацца ў 2021 годзе.

Нягледзячы на пагаршэнне двухбаковых адносін, аб’ёмы фінансавання рэжыму Лукашэнкі толькі павялічваюцца. «ДСТ №4» і зусім увайшла ў ТОП-20 пераможцаў тэндараў «Украўтадара» за 2020 год.

Пры гэтым беларускі бізнес не грэбуе удзелам у схемах «тролінга» — блакавання тэндарных працэдур праз падачу загадзя неправамерных скаргаў, на час разгляду якіх правядзенне закупак замарожваецца. Таксама вядомыя выпадкі, калі беларусы становяцца фігурантамі крымінальных спраў аб завышэнні коштаў закупкі тавараў і паслуг на будаўніцтве дарог. Але пры гэтым працягваюць паспяхова ўдзельнічаць у тэндарных закупках. Прыклад — украінска-беларускае СП «Белаўтадар-Україна», у якім з беларускага боку працуюць дзяржаўныя будаўнічыя трэсты, а з украінскага — малазразумелы пасярэднік Генадзь Часцякоў, пра якога шмат пісалі СМІ.

Як улада для сябе сумяшчае дзве катэгорыі: падсанкцыйныя беларускія чыноўнікі і непрызнанне легітымнасці найвышэйшай улады ў суседняй краіне з аднаго боку і фінансаванне гэтай улады з кішэні падаткаплацельшчыкаў з іншай? Пакуль гэта пытанне без адказу. Аднак ужо ў бліжэйшы час задумацца над мэтазгоднасцю супрацоўніцтва з беларускім бізнесам трэба будзе большасці ўкраінскіх дарожнікаў, а не толькі дзяржаўнаму «Украўтадару».


ЗША вяртаюць санкцыі

Справа ў тым, што з 26 красавіка могуць аднавіць сваё дзеянне санкцыі супраць цэлага шэрагу прамысловых прадпрыемстваў Беларусі — у прыватнасці, яны будуць тычыцца камерцыйнай арганізацыі «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», канцэрна «Белнафтахім» і яго амерыканскага філіяла, кампаній «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан» і «Полацк Шкловалакно». Праблема ў тым, што «Белнафтахім» (Мазырскі НПЗ) з’яўляецца адным з ключавых пастаўшчыкоў ва Украіну бітуму, які выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі асфальтабетонных сумесей.

У 2019 годзе, паводле даных дзяржстата, доля імпарту бітуму з Беларусі складала 77%, з Расіі — 8,3%, на іншыя краіны прыйшлося 15% паставак. За першы месяц 2021 доля Беларусі склала ўжо 99%. Для нашага паўночнага суседа Украіна з'яўляецца ключавым рынкам збыту бітуму і іншых прадуктаў нафтаперапрацоўкі. Толькі Мазырскі НПЗ за 11 месяцаў 2020 года экспартаваў ва Украіну 410 тыс. т бітуму, павялічыўшы гэты паказчык у 2 разы ў параўнанні з 2019 годам. У цэлым жа, калі ў 2019 годзе імпарт складаў прыкладна 66% ад спажывання, а ўласная вытворчасць — 34%, то ўжо ў 2020 годзе доля ўласнай вытворчасці знізілася да 28%. Такім чынам, украінцы змяншаюць аб'ёмы ўласнай вытворчасці бітуму, каб купляць беларускі. Пры гэтым, эксперты паказваюць, што, хоць беларускі бітум можа быць танней на 10-30%, чым іншыя аналагі, гэтая таннасць прама прапарцыйная зніжэнню якасці, а значыць — змяншэнню тэрміну эксплуатацыі дарог і значных страт ад іх разбурэння і неабходнасці новых рамонтаў у перспектыве.



Такім чынам, працягваючы закупляць прадукцыю ў падсанкцыйных прадпрыемстваў, украінскія дарожнікі і службы аўтадарог, якія аддаюць падрады беларускім дзяржаўным фірмам, ставяць сябе пад прамую пагрозу пакарання за парушэнне санкцый ЗША, паколькі гаворка ідзе аб імпартных аперацыях, якія ажыццяўляюцца ў амерыканскіх доларах. Юрысты адзначаюць, што гэта небяспечна штрафамі ад $250 тыс. да 1 млн. за кожны факт парушэння санкцый (куплі прадукцыі падсанкцыйных бізнесаў).


Без эфекту множання

Усе гэтыя выклікі не здымаюць і ўжо традыцыйных праблем, якія нясе за сабой удзел любых замежных кампаній у дарожных тэндарах ва Украіне. Беларускія дзяржпрадпрыемствы выкарыстоўваюць дарожную тэхніку выключна з беларускай рэгістрацыяй. На тэрыторыю Украіны яна трапляе ў рэжыме часовага ўвозу. Гэта дазваляе атрымліваць канкурэнтную перавагу перад украінскімі ўдзельнікамі, паколькі ім тэхніка абыходзіцца мінімум на 25-30% даражэй з-за імпартных пошлін і падаткаў. Аналіз спісаў работнікаў таксама паказвае, што абсалютная большасць з іх, уключаючы самыя простыя дарожныя спецыяльнасці — гэта беларусы. Гэта значыць, падатак на даходы будзе таксама «вывезены» з Украіны. Нягледзячы на тое, што беларусы ў асноўным паказваюць у пастаўшчыках украінскія асфальтавыя заводы, не варта забываць, што ў кошце праектаў ад 50% да 60% прыпадае на асфальтабетонныя сумесі, якія больш чым на 70% залежаць ад імпартнага бітуму, асноўным пастаўшчыком якога з'яўляецца Беларусь.

Пры такім падыходзе дзяржава не атрымлівае галоўнага эфекту ад укладанняў у дарожнае будаўніцтва. Паводле ацэнак экспертаў, па класічнай схеме не менш за 60% інвеставаных у дарогі сродкаў павінны вяртацца назад у бюджэт праз падаткі і зарплаты. Больш за тое, тэарэтычна павінны атрымліваць дадатковы штуршок да развіцця сумежныя галіны, а мультыплікацыйны эфект для ВУП можа складаць ад 2-3 да 7-8 долараў на кожны ўкладзены ў дарожнае будаўніцтва долар. Але ў выпадку з беларускімі — як і любымі іншымі неўкраінскімі — кампаніямі меркаваць, што 5 млрд. грн., выйграных на тэндарах, ператворацца хоць бы ў 15 млрд. грн. для эканомікі краіны, не выпадае. Бо ў іх прапановах няма месца украінскім работнікам, украінскім будматэрыялам або тэхніцы. І тым больш — выплаце ўсіх падаткаў ва ўкраінскі бюджэт. Затое ёсць ускосная падтрымка «крывавага рэжыму» Лукашэнкі, якога Кіеў афіцыйна нават не прызнае прэзідэнтам.

***

Некаторы час таму асобныя СМІ напісалі пра тое, што родным дзядзькам кіраўніка «Украўтадара» Аляксандра Кубракова з’яўляецца цяперашні міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў. Маўляў, менавіта з-за такога сваяцтва ва Украіне ўсё больш кантрактаў на дарожнае будаўніцтва аддаюць менавіта беларусам. Ва «Украўтадары» тады на такую «качку» не адрэагавалі. Аднак адсутнасць якога-небудзь супраціву вымыванню сродкаў украінскіх падаткаплацельшчыкаў на карысць аўтарытарных улад Беларусі наводзіць на думкі, што калі не роднасныя, то як мінімум дружалюбныя карупцыйныя сувязі паміж чыноўнікамі ў Кіеве і Мінску ўсё ж такі маюць месца.

Пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: